Рэктару ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыне Кітурка ўручаны юбілейны медаль «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне»

Са святам Вялікай Перамогі рэктара Ірыну Кітурка і ўвесь калектыў універсітэта павіншаваў ваенны камісар Гродзенскай вобласці Вячаслаў Раманенка:

– Вось ужо 75 год мы жывём на мірнай зямлі дзякуючы нашым ветэранам, партызанам, усім, хто аддаў сваё жыццё і маладосць, абараняючы сваю краіну, свой дом. Сёння ў нашых руках знаходзіцца памяць, якую мы павінны перадаць моладзі, зрабіць усё магчымае, каб яна ведала сваю гісторыю, шанавала яе і несла адказнасць за будучыню краіны.

У лютым 2020 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны загад №51 аб зацвярджэнні юбілейнага медаля «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Ён уручаецца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, вязням канцлагераў, вайскоўцам Узброеных Сіл і іншым службовым асобам, якія прымаюць актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі, працы з ветэранамі, а таксама ў падрыхтоўцы і правядзенні святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Перамогі. Сёлета ўсяго было ўручана каля 1000 медалёў ветэранам, а рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка стала адной з першых, хто ў Гродзенскай вобласці ўшанаваны такім памятным знакам.

– За гэтай узнагародай стаяць намаганні ўсіх супрацоўнікаў і студэнтаў, якія не толькі адгукаюцца на прапанаваныя мерапрыемствы і акцыі, але і самі з’яўляюцца іх ініцыятарамі. З нагоды 75-годдзя Перамогі хачу яшчэ раз падзякаваць нашым студэнтам, якія арганізавалі такую цудоўную акцыю «Дарогамі Перамогі» і падрыхтавалі фільм пра памятныя мясціны Гродзенскай вобласці, дзе праходзілі баі, – адзначыла рэктар.

Ірына Кітурка падкрэсліла, што медаль для яе каштоўны і ўнёскам у мірнае жыццё прадстаўнікоў яе сям’і:

– Мой дзядуля загінуў у студзені 1945 года пад Кёнігсбергам. Мая бабуля засталася пасля вайны адна з шасцю маленькімі дзецьмі. Нам усім трэба вучыцца разуменню каштоўнасці жыцця ў нашых ветэранаў.

Рэктар падзякавала ваеннаму камісарыяту за супрацоўніцтва і пажадала ўсім толькі мірнага неба над галавой, захаваць памяць пра вайну, подзвігі і перадаць яе моладзі.

Марыя ПАНІЧАВА.
Фота Кацярыны СЯРЖАНТАВАЙ

Поделиться

Читайте также: