У ГрДУ імя Янкі Купалы ўрачыста адсвяткавалі Дзень Дзяржаўнага герба і сцяга Рэспублікі Беларусь
Святочнае мерапрыемства ў межах абласной акцыі «Сімвал гонару і славы» прайшло ў самым «сэрцы» ГрДУ імя Янкі Купалы – на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга 10 мая.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства – супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта – звярнулася рэктар універсітэта Ірына Кітурка:
– Герб, сцяг і гімн – гэта тое, што ўвасабляе незалежнасць нашай краіны. Ад усёй душы віншую нас усіх з гэтым святам і ганаруся тым, што мы адзіны ўніверсітэт у Гродне, які мае такое цудоўнае і ўнікальнае месца – Плошчу ўніверсітэцкага сцяга. Для Купалаўскага ўніверсітэта сённяшняя акцыя азначае зараджэнне новай традыцыі.
Ірына Фёдараўна падкрэсліла сімвалічнасць таго, што сёлета Дзень Дзяржаўнага герба і сцяга Рэспублікі Беларусь адзначаецца ў дні святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Ад імя студэнтаў у гэты дзень са словамі віншавання выступіла студэнтка педагагічнага факультэта Таццяна Шчэрбач. Яна адзначыла, што для моладзі вельма важна помніць гісторыю свайго народа, сваёй краіны і сям’і, а таксама перадаць яе сваім дзецям.
Ганаровым правам вынасу і падняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь удастоены найлепшыя студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта, якія сваімі высокімі дасягненнямі ў галіне навукі, культуры і адукацыі ўслаўляюць ГрДУ імя Янкі Купалы ў Беларусі і далёка за яе межамі. Кульмінацыяй акцыі стала падняцце сцяга Рэспублікі Беларусь на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга, пасля чаго кожны ўдзельнік выпусціў у неба паветраныя шары – колеру дзяржаўнай сімволікі.
Марыя ПАНІЧАВА.
Фота Кацярыны СЯРЖАНТАВАЙ