Спартыўныя традыцыі Купалаўцаў: вынікі Рэспубліканскай універсіяды-2019

ГрДУ імя Янкі Купалы – не толькі ўстанова, якая забяспечвае атрыманне вышэйшай адукацыі, але і добрая пляцоўка для падрыхтоўкі і прафесійнага росту спартсменаў. Доказам таму з’яўляюцца штогадовы ўдзел, высокія дасягненні і перамога Купалаўцаў у Рэспубліканскай універсіядзе па розных відах спорту. Па выніках спаборніцтваў–2019 універсітэт заняў першае месца.

За званне найлепшай змагалася 51 установа вышэйшай адукацыі рэспублікі. Спаборніцтвы праводзіліся па 33 відах спорту, з якіх 24 – алімпійскія, а таксама па летнім і зімовым шматбор’і.

Па выніках фінальных спаборніцтваў Рэспубліканскай універсіяды-2019 абсалютным пераможцам стаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы заняў першае месца ў першай групе ўдзельнікаў. Другім стаў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, на трэцім месцы – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

У 45 відах спаборніцтваў універсіяды ўсяго выступіла 430 Купалаўцаў, якія заваявалі 14 прызавых агульнакамандных месцаў і сталі пераможцамі ў першай групе ўдзельнікаў.

Каманда ГрДУ імя Янкі Купалы па баскетболе

Як паведаміў начальнік спартыўнага клуба Кірыл Акуліч, першая група ўключае спартсменаў, якія навучаюцца ва ўстановах вышэйшай адукацыі абласных цэнтраў або ва ўстановах, дзе ёсць спецыяльнасць “Фізічная культура і спорт”
і на дзённай форме займаецца больш за 10 000 студэнтаў з улікам 10 працэнтаў студэнтаў завочнай формы навучання. Менавіта ў гэтую групу з дзевяці ўніверсітэтаў нашай краіны і ўваходзіць ГрДУ імя Янкі Купалы:

– Фактычна мы першыя сярод універсітэтаў класічнага тыпу і другія пасля спецыялізаванага ўніверсітэта фізічнай культуры. Сапраўды, гэта вельмі годны вынік.

Не было роўных студэнтам-купалаўцам у грэка-рымскай барацьбе, баскетболе сярод жанчын, вольнай барацьбе сярод мужчын, гандболе сярод мужчын, барацьбе самба сярод жанчын. Высокім узроўнем майстэрства яны пакарылі служыцеляў Феміды і заваявалі законнае першае месца.

Дзесьці вельмі пераканаўча, дзесьціў напружанай барацьбе былі пераможна пройдзены апаненты па такіх відах спорту, як баскетбол і дзюдо сярод мужчын, валейбол сярод жанчын. У выніку спаборніцтваў па гэтых відах спорту Купалаўцы падняліся на другую ступень п’едэстала.

З поспехам яны абышлі і візаві па вольнай барацьбе, дзюдо і гандболе сярод жанчын, а таксама па лёгкай атлетыцы ў памяшканні, кулявой стральбе, веславанні на байдарках і каноэ, адваяваўшы па гэтых відах спаборніцтваў трэцяе месца.

Як распавяла інструктар па фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Ясене, у тым, што Купалаўцы апынуцца ў фіналістах у спаборніцтвах па барацьбе, не сумняваўся ніхто:

– Барацьба і гульнявыя віды спорту ў нас заўжды на вышыні. У спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе ў нас наогул ніколі не было другога месца, толькі першае. Па грэка-рымскай барацьбе вельмі моцная школа і наладжана выдатная сувязь з Гродзенскім дзяржаўным вучылішчам алімпійскага рэзерву, выпускнікі якога прадаўжаюць вучобу ў Купалаўскім універсітэце.

Зборная ГрДУ імя Янкі Купалы па вольнай барацьбе

Марына Ясене таксама адзначыла, што студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы нечакана бездакорна паказалі сябе ў гандболе сярод мужчын і бліскуча занялі першае месца. Крыху саступілі гандбалісткі, але таксама паказалі годны вынік – трэцяе месца:

– На здзіўленне вельмі дапамаглі прабіцца ў фінал віды спорту, на якія ніхто не ставіў ніякіх надзей – тайландскі бокс, таэквандо, тэніс. У спаборніцтвах па гэтых відах спорту Купалаўцы занялі чацвёртае месца.

Варта адзначыць, што ГрДУ імя Янкі Купалы заўсёды быў не супраць пазмагацца за званне лепшага ў студэнцкіх спартыўных спаборніцтвах, бо яму сапраўды ёсць што паказаць. З 2012 года ўніверсітэт уваходзіць у тройку лідэраў спартыўных спаборніцтваў сярод універсітэтаў рэспублікі.

– Удзел у Рэспубліканскай універсіядзе – гэта добрая традыцыя не толькі з пункту гледжання далучэння моладзі да здаровага ладу жыцця, масавага спорту, гэта таксама магчымасць паказаць вынікі і зрабіць вядомым наш універсітэт, – падкрэсліў начальнік спартыўнага клуба Кірыл Акуліч.

Месцы ў першай групе размеркаваліся наступным чынам:

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры – абсалютны чэмпіён

1 месца – Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы

2 месца – Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт

3 месца – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка

4 месца – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

5 месца – Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны

6 месца – Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна

7 месца – Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава

8 месца – Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова

Таццяна СУШКО.

Поделиться

Читайте также: