«Талент маштабны, шматгранны…»: да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы

Адзначаючы сёлета юбілей пісьменніка-сатырыка Кандрата Крапівы, можна з упэўненасцю сказаць, што яго асоба вядомая ўжо ці не дзясятаму пакаленню беларусаў. Міжволі задаешся пытаннем: у чым хаваецца прычына такой яго бессмяротнай славы? І думаецца, што самым папулярным адказам было б прызнанне яго сатырычнага таленту, захапленне даступнасцю, дасціпнасцю яго баек, камедый, паэм, выключнай яркасцю створаных ім мастацкіх вобразаў.

Я ў мастацкім агародзе толькі марная трава.

А якая? Смех, дый годзе: я –  пякучка-крапіва.

У гэтых знешне не мудрагелістых радках самага вядомага верша  Кандрата Крапівы адлюстравана ўсё, за што любяць яго творчасць і аматары літаратуры, і прафесійныя даследчыкі: прастата, лёгкасць, іскрынкі прыхаванага гумару. І. Навуменка, беларускі пісьменнік і літаратуразнаўца, дакладна назваў унікальныя якасці таленавітага беларускага пісьменніка: «Калі б Кандрат Крапіва нават не напісаў сваіх драм і сатырычных камедый, рамана „Мядзведзічы», то аднымі толькі сваімі байкамі, сатырычнымі вершамі ён заняў бы адно з першых месцаў у беларускай літаратуры». І яшчэ растлумачыў: «Гэта такі згустак вострага народнага розуму, смеху, абсмейвання зла і зацвярджэння дабра, якіх да Крапівы не ведала беларуская літаратура».

Аднак шматграннасць таленту Кандрата Крапівы вымяраецца не толькі разнастайнасцю і колькасцю яго сатырычных твораў. Сёння не можа не ўразіць выключная рознабаковасць творчых і навуковых інтарэсаў пісьменніка. Удумлівы празаік (раман «Мядзведзічы»), дапытлівы мовазнаўца (навуковы рэдактар «Русско-белорусского словаря» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977 – 1984) і інш.), праніклівы крытык і літаратуразнаўца (артыкулы «Аб сатырычнай камедыі» (1953) і «Канфлікт – аснова п’есы» (1954), прафесійны перакладчык (пераклады з рускай, украінскай, англійскай моў) – гэта далёка не поўны пералік напрамкаў дзейнасці Кандрата Крапівы.

Бяспрэчна, такі важкі ўклад у беларускую літаратуру і навуку быў адзначаны і высокімі ўзнагародамі – Народны пісьменнік, акадэмік, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат шматлікіх прэмій. Аднак, пералічваючы ўсе рэгаліі пісьменніка, міжволі згадваюцца словы французскага асветніка і філосафа Ф. Вальтэра: «Імя чалавека, які здзейсніў вялікія справы, выклікае больш павагі, чым усе даданыя яму азначэнні».

Шмат ухвальных слоў можна адрасаваць беларускаму творцу, але большасці прыхільнікаў яго таленту дастаткова пачуць неўміруча-мудрыя радкі з яго знакамітых твораў  і з гонарам прамовіць: «О, гэта ж наш Кандрат Крапіва!» І ўсё будзе тым выказана: і веліч, і павага, і прызнанне.

Топ 5 твораў Кандрата Крапівы

Паэма “Хвядос — чырвоны нос” (1930) – адзін з буйнейшых сатырычных твораў Кандрата Крапівы, у якім пісьменнікам была па-майстэрску выкарыстана і  развіта нацыянальная традыцыя жанру сатырычнай паэмы. У аснове твора казачна-фантастычны сюжэт. Герой-п’яніца пасля збегу неспрыяльных для яго абставін быў на доўгія гады заспіртаваны, і толькі праз сто гадоў (2030г.) яго “ажывілі”.  Так Хвядос атрымаў унікальную магчымасць пабачыць новае для яго жыццё і па-свойму яго ацаніць. Такі ўмоўны літартатурны прыём даў магчымасць пісьменніку адлюстраваць падзеі і факты з жыцця Беларусі пачатку 1930-х гадоў, падаць сатырычныя замалёўкі негатыўных з’яў.

Раман “Мядзведзічы” (1932) – адзіны твор вялікай эпічнай формы ў аб’ёмным мнагажанравым багажы пісьменніка. Раман апісвае падзеі жыцця беларускай вёскі напярэдадні калектывізацыі. Аўтару ўдалося дакладна і праўдзіва перадаць атмасферу жыцця беларускай вёскі канца 20-х гадоў, адлюстраваць жыццёвы ўклад беларусаў-вяскоўцаў, выявіць сутнасныя канфлікты таго часу. Прываблівае майстэрства пісьменніка ў стварэнні жыццёвых і рэалістычных вобразаў, якія апісаны выпісаны з зайздроснай псіхалагічнай паўнатой, мастацкай пераканаўчасцю. Раман Кандрата Крапівы можна ўпэўнена ставіць у шэраг лепшых беларускіх твораў, прысвечаных тэме калектывізацыі. Іван Мележ прызнаваўся, што многаму вучыўся ў Кандрата Крапівы, калі ствараў сваю “Палескую хроніку”.

Камедыя “Хто смяецца апошнім” (1939) напісана Кандратам Крапівой як водгук на грамадскія праблемы свайго часу. Аднак актуальная ва ўсе часы праблематыка твора – выкрыццё прыстасаванства, невуцтва, кар’ерызму, ворагаманіі – дазволіла  п’есе ўвайсці ў лік лепшых узораў беларускай драматургічнай класікі. Яркія сатырычныя вобразы, створаныя пісьменнікам у камедыі (Гарлахвацкага, Зёлкіна, Тулягі і інш.), сведчаць пра выключную мастацкую інтуіцыю пісьменніка-драматурга. Паняцце “свінтус грандыёзус” стала ўніверсальным увасабленнем агрэсіўнага нахабства, прайдзісветцтва, фальшу і ўсякага іншага зла.

Камедыя “Мілы чалавек” – сатырычная камедыя з некласічным вырашэннем канфлікта, напісана ў 1945 годзе. Пісьменнік выкарыстаў ў творы арыгінальную і ў той жа час наватарскую для драматургіі форму –  двухпланавае дзеянне, якое разгортваецца адначасова. Такі прыём дазволіў аб’яднаць у камедыі праблемы жыцця грамадства свайго часу, актуальную ва ўсе часы праблему свабоды творчасці, выйсці на вырашэнне знакавых маральна-этычных праблем. Сатырычны вобраз-тып Жлукты — цыніка і прайдзісвета —  стаў  у п’есе яшчэ адным мастацкім дасягненнем пісьменніка, пашырыўшы такім чынам яго галерэю  сатырычных персанажаў. Сваёй вострай праблематыкай п’еса не ўпісалася ў кантэкст літаратуры пасляваеннага часу. Была вернута чытачам і гледачам толькі ў 70-я гады.

Камедыя “Брама неўміручасці”  (1972) – адзін з апошніх твораў пісьменніка, але прызнана п’есай наватарскай і па змесце, і па форме. Першы драматычны твор беларускай літаратуры, у аснову зместу якога пакладзена ўмоўна-фантастычная сітуацыя – вучоным вынайдзены сакрэт бессмяротнасці. Праз выяўленыя аўтарам калізіі  раскрываюцца праблемы грамадскага жыцця, востра гучаць пытанні маральнага плану, закранаюцца праблемы агульначалавечыя. Глыбокай філасофскай развагай поўняцца вечныя пытанні сэнсу чалавечага існавання. Нягледзячы на ўмоўнасць канфлікту, персанажы камедыі (вобразы прафесара Дабрыяна, жуліка Торгалы, кар’ерыста Скараспея і інш.) пададзены ярка, з захаваннем непаўторных індывідуальных рысаў.

Святлана Тарасава, старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі, член СПБ

Поделиться

Вам может также понравиться...