Як будзем святкаваць 140-годдзе з Дня нараджэння Янкі Купалы, чыё імя носіць наш універсітэт

У 2022 годзе спаўняецца 140 год з Дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, чыё імя з гонарам і годнасцю носіць наш універсітэт. Купалаўцы будуць адзначаць гэтую падзею шырокаі маштабна.

12 месяцаў з класікам – пад такой агульнай назвай распрацаваны план святкавання юбілею творцы – гэта штомесячныя разнастайныя імпрэзы і самыя розныя святочныя мерапрыемствы. Старт ім быў дадзены правядзеннем навукова-практычнай канферэнцыі «Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні». Безумоўна, адбудзецца традыцыйная Купалаўская дыктоўка, якая штогод аб’ядноўвае сотні студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў універсітэта і ўдзельнікаў з-за мяжы. Дыктоўка праводзіцца з нагоды Дня роднай мовы і цеплынёй у сэрцы адгукаецца ў кожнага ўдзель­ніка мерапрыемства.

Янка Купала – інтэрнацыянальны пісьменнік, якога ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Таму не дзіўна, што арганізатары дадалі ў спіс святочных мерапрыемстваў флэшмоб «Купалава слова гучыць па ўсім свеце». Яго ўдзельнікі зачытаюць вершы Купалы на розных мовах. Будзе вельмі цікава пачуць, як гучаць творы беларускага класіка, напрыклад, на англійскай, кітайскай, нямецкай мовах – у іх выбары ўдзельнікаў ­                        не абмяжоўваюць.

Для тых, хто жадае чытаць Купалу на роднай мове, на працягу года адбудуцца мерапрыемствы, дзе дыкламаты змогуць паказаць свае ўменні і дакрануцца да таленту беларускага песняра, у прыватнасці, у конкурсе дэкламатараў вершаў «Роднае слова»,  літаратурна-музычнай праграме «І не змоўкнуць ніколі Купалавы ­словы».

Адчуць сябе пісьменнікам і дакрануцца да магіі слова можна будзе ў конкурсах эсэ «Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…», «Мой Янка Купала», «Нас слова Купалы і Коласа кліча». Дазвольце творчаму палёту несці вас, а беларускай мове ўзняць вас на хвалях мілагучнасці і пяшчоты. Прыняць удзел можа любы ахвотны. Галоўнае, каб сэрца палала жаданнем і творчасцю.

Пад дахам вялікага свята аб’яднаюцца самыя розныя напрамкі мастацтва, у тым ліку жывапіс. Студэнты і выкладчыкі факультэта мастацтваў і дызайну арганізуюць пленэр ў Вязынцы, на аснове якога адбудзецца выстава ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы і шэраг іншых выстаў. Акрамя таго, запланаваны фотаконкурс «Родныя старонкі», а таксама будзе створаны  фотоальбом «Па старонках Купалаўскіх чытанняў» і пройдзе Фотачэлендж «#Што_Сэрцу_Міла».

Даведацца больш пра беларускага класіка можна будзе дзякуючы штомесячнай рубрыцы ва ўніверсітэцкай газеце. На яе старонках будуць друкавацца цікавыя і малавядомыя факты з жыцця Янкі Купалы. А іх шмат, бо наш пясняр быў сапраўднай глыбай беларускай культуры. Абавязкова сачыце за новымі публікацыямі, каб нічога не ­прапусціць.

Дарэчы, факты са старонак універсітэцкай газеты змогуць дапамагчы ў розных квэстах і інтэлектуальных турнірах, якія адбудуцца на працягу святочнага года. Напрыклад, запланаваны  інтэлектуальны турнір  «О не, ты не забыты, не змоўкнеш ты, Купала», квэст-гульня ­«Купалаў след у ­Alma-mater».

У спісе мерапрыемстваў і новыя накірункі творчай дзейнасці студэнцкай моладзі: чэленджы, конкурсы буктрэйлераў, флэшмобы. Яскравай падзеяй стане Летняя школа беларускай мовы і культуры для замежных студэнтаў. Для слухачоў Летняй школы падчас двухтыднёвага курса будуць праводзіцца не толькі заняткі па беларускай мове, але і лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, будуць арганізаваны аглядныя экскурсіі па горадзе, па маляўнічых мясцінах і лесапаркавых зонах. Акрамя таго, замежных грамадзян пазнаёмяць з беларускім ­кінематографам.

Ужо на пачатку новага 2022 года мяркуецца падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.

Пераможцы і актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў напрыканцы юбілейнага года будуць мець магчымасць наведаць Літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску, а таксама яго філіял у Вязынцы.

Дарагія сябры, наш універсітэт ужо на працягу многіх гадоў развіваецца «пад светлым іменем Купалы», таму давайце разам, дружнай купалаўскай сям’ёй адзначым юбілей вялікага сына беларускай зямлі!

Асаб. інф.

Поделиться

Вам может также понравиться...