З клопатам пра лёс роднай мовы

Сёлета Беларусь і ўвесь славянскі свет адзначаюць 140-годдзе з дня нараджэння слыннага класіка зямлі беларускай – народнага паэта Янкі Купалы. Ён заклаў аснову беларускай літаратурнай мовы.

Паэт шчыра любіў беларускі народ і яго мову. Так, напрыклад, на пачатку свайго паэтычнага шляху ў 1908 годзе як вынік адданай любові да роднай мовы ён напісаў верш «Роднае слова». Гэта своеасаблівы гімн матчынай мове, у якім знаходзім: «Магутнае слова, ты, роднае слова! // Са мной ты на яве і ў сне; // Душу мне затрэсла пагудкаю новай. // Ты песень наўчыла мяне».

Пачатак творчага шляху Янкі Купалы прыпадае на гады рэвалюцыйнага ўздыму, калі народы Расіі выступалі за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Актуальнай задачай для беларусаў было адраджэнне мовы і культуры. Увесь цяжар гэтай працы лёг на плечы пісьменнікаў. Час быў змрочны, бо царскае самадзяржаўе адмаўляла беларускаму народу ў развіцці нацыянальнай мовы, літаратуры і культуры. Беларуская мова ганьбавалася, не дапускалася да афіцыйнага ўжытку.

На працягу ўсяго творчага шляху Янка Купала дбаў пра роднае слова. Ім быў падрыхтаваны артыкул «Ці маем мы права выракацца роднай мовы?». Згаданая праца ўпершыню была надрукавана ў газеце «Наша ніва» за № 15 у 1914 годзе з подпісам І.Л. Яна з’яўляецца як бы адказам паэта на розныя выступленні буржуазных нацыяналістычных выданняў, якія адмаўлялі беларускаму народу ў праве на развіццё нацыянальнай літаратуры і наогул культуры. У гэтым артыкуле Янка Купала доказна абгрунтоўваў і адстойваў права беларускай мовы на існаванне.

Паводле зместу артыкул можна падзяліць на дзве часткі. У першай з іх аўтар з роздумам разважае пра ролю мовы ў жыцці чалавека і грамадства. Ён адзначае, што «важнейшы і непраломны закон жыцця – гэта людская мова, праз якую чалавек стаў найвышэй ад усякага стварэння пад сонцам. Сёння мы бачым на свае вочы, як нешчасліў той чалавек, каторы ўрадзіўся глуханямым, з каторым толькі можам разгаварыцца знакамі, на мігі; але і гэтакі чалавек мае душу і ўмее думаць так, як і мы думаем, і, калі яму на мігі пакажам не так, як патрэбна даную рэч выразіць, – гэты нямы нас не зразумее, і ўсё гэта пойме, калі мы не будзем перад ім крывіць душой».

У другой частцы працы Купала засяроджвае ўвагу на самой беларускай мове, якая была хоць і простай, але ў Вялікім Княстве Літоўскім мела статус дзяржаўнай: на ёй вялося ўсё справаводства, дыпламатычная перапіска, былі напісаны дзяржаўныя дакументы. Пасля уніі ВКЛ з Польшчай і аб’яднання іх у адну федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую пачалася гвалтоўная паланізацыя Беларусі. Развіццё беларускай мовы спыняецца надоўга. Але мова жыла сярод простага люду. Пра гэта аўтар артыкула зазначае: «… беларускія баяры і багацейшыя гаражаны, так называная «знаць», каб заслужыцца на ласку ў польскім урадзе, мець цёпленькае і выгаднае месца, пачалі скідаць з сябе свае родныя аўчынкі і напінаць чужую падробленую, нашываную скуру. Адно народ (сяляне і местачкоўцы) за прыхваснямі дворнымі не пайшоў: ён цвёрда трымаўся ўсяго таго, што яму пераказалі на божай пасцелі дзяды і прадзеды, і не зацёр сваёй асобенасці, свайго нацыянальнага духу, астаўся да сягонняшняга дня тым, чым быў… хоць і валок на сабе ярмо кольківяковага чужога ўладарства». У артыкуле сустракаем рытарычныя пытанні, якія задаваліся Купалам: чаму ж так трымаліся беларусы ўсяго свайго роднага? Чаму, калі мо каторы і навучыўся чагось чужога ў чужой школе ці так у чужыне, – дома ўсяго чыста забываўся? Ці ж мы маем кароткую памяць і не любім асветы? Адказ, сцвярджае пісьменнік, тут адзін: «… склад душы беларуса, яго думак, звычаяў, поглядаў на жыццё быў свой, і была ўся тая мова родная, узгадаваўшая яго цэлыя тысячы лет; гэта душа яго душы – мова зраслася з ім, як зрастаецца са сваім коранем дзерава: падкапайцеся пад дзерава, абсячыце дазвання яго корань – дзерава завяне, засохне, перастане жыць».

Калі Беларусь была ў складзе Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і цягнула чужое ўладарства на сваім набалелым карку, дык ёй давялося на доўгія вякі затрымаць культурнае і нацыянальнае развіццё. Але ж беларусы засталіся як народ, як нацыя. І тут Купала канстатуе, што «і асталася пры нас наша простая родная мова, праз якую ўсе знаюць, знае свет, што мы не прыблуды якія, а колькімільённы народ – беларусы, засяляючыя сваю адвечную Бацькаўшчыну – Беларусь».

Заканчваецца артыкул зваротам да нас, Купалавых нашчадкаў, такімі словамі: «Праз памяць на магільныя наспы і крыжы, пад якімі бясчасна змарнеўшыя ў няволі спяць нашы дзяды і прадзеды, праз памяць на сваіх матак, каторыя нас сваёй грудзёй ускармілі, – выракацца роднай мовы не маем права».

Зінаіда ДАНІЛЬЧЫК, дацэнт, ганаровы ветэран працы ГрДУ імя Янкі Купалы

Поделиться

Вам может также понравиться...