Ідэал жаночай красы ў Купалавым светаразуменні
На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменем не кінуў
І не паважыцца кідаць.
Янка Купала
Купала-творца шчодрадайна веставаў сваім словам, у якім раскута і ўпэўнена валадарыць ЯЕ ВЯЛІКАСЦЬ ПАЭЗІЯ – цнатлівая пані-берагіня… З вялікай сімпатыяй і замілаваннем напісаны Купалавы радкі велічнай ПАЭЗІІ КАХАННЯ. Ягоная душа далікатна дакранаецца да сакральна прыгожага пачуцця: «Вось яна – цуд-дзяўчына мая, / Нібы казкі чароўнай жар-цвет!». Бо што прымушае трымцець сэрца і што пакідае яго абыякавым? Што кідае ў абдымкі і што выштурхоўвае з іх? Хто адкажа нам, грэшным, якім пасланы гэтыя самыя страшныя і самыя салодкія пакуты?
І маюць рацыю купалазнаўцы, якімі заўважана, што з вершаў любоўнай лірыкі Янкі Купалы (а іх каля 40) і паэм «Нікому», «Адплата кахання», «Магіла льва», «Яна і я» можна скласці цэлую кнігу паэзіі.
Зрэшты, такая кніга паэзіі кахання пад назвай «Явар і каліна» (2000) з’явілася ў свеце 22 гады таму. У ёй радкі з аднайменнага верша-ўступа раскадзіроўваюць патаемныя чары кахання, якія панавіта валадараць у нашым зямным свеце, якія ёсць найвялікшым Дарам Бога… Менавіта таму Жанчына-Вясна – увасабленне Хараства і Дабра, Міру і Жыцця. Менавіта таму Яе Вялікасць Прырода адарыла Жанчыну Дарам уваскрэсення і абнаўлення – Дарам жыццятворнасці – гаючым, дабрадзейным, цудатворным. Услухаемся ў Купалавы радкі:
Лісцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песцяцца сонцам паўднёвым…
Так напісаць мог толькі з ранімай душою паэт, якому дадзена бачыць нябачнае і чуць нячутнае, якому дадзена Богам, «з прыродай зліўшыся душой», пачуць, як пад «музыку дзіўную» «цешыцца явар з калінаю, / скінуўшы зімнія чары». Ды «шэпчуцца»-«цешацца» прыгожай парой – «песняй вясны лебядзінаю»… Ці не блаславёныя музычныя бемолі «вянчаюць-шлюбуюць» чалавека і прыроду, Яго (явара) і Яе (каліну), нараджаюць іх палкасць і жарсць, гармонію мужчынскага і жаночага пачаткаў?..
Нацыянальнасць Купалавага мыслення выяўляецца праз фальклорна-песенную паэтыку. Так, у ранняй паэтавай творчасці дамінуе песенны жанр, напрыклад, у вершах «У зялёным садочку», «Дзяўчынка, галубка мая!», «Мая дзяўчынка», «Да дзяўчатак». Бо ў песні – душа народа, лагодная і бунтоўная, вясёлая і сумная. Бо песня – паказчык духоўнасці, чалавечага імкнення да красы, да патаемнага, высокага, інтымнага. У песні люструецца душа героя. Якая яна, душа, што выліваецца праз песню музыкі? Аўтар просіць музыку настроіць «скрыпулю сваю» на праўдзівае, шчырае гранне. Вось яна, народная краса, – беларуская дзяўчына-каралеўна:
Ты пяеш – салавейка пяе,
Твар твой – сонца паглёд залаты,
Зоры светлыя – вочы твае,
Ты уся – з неба анел святы
…
Дай мне шчасця на зайздрасць людзям,
Спяі песню, нуду разгані.
(«Падыйдзі…»)
Ідэал беларускай дзяўчыны – «самой царыцы / ў залатой кароне», валадарніцы Зямлі і Неба, песні і «нашай старонкі» – мроіўся Купалу-рамантыку ў вершы «Жняя». Ён быў напісаны ў 1911 годзе і прысвечаны М. Шышко, сваячцы Ядвігіна Ш, з якой Янка Купала часта сустракаўся, калі прыязджаў да маці ў Акопы:
А яна – царыца –
Весела, шчасліва
Карануе песняй
Залатое жніва.
Смела йдзе ў сонцы,
Ўся сама – як сонца,
Гэта жнейка наша
Ў нашаей старонцы.
Купала-сонцапаклоннік абагаўляў, схіляўся перад высакародным, годным воблікам беларускай дзяўчыны – «царыцы» – Маладой Беларусі. Менавіта яна, «сама царыца ў залатой кароне», уяўлялася эталонам нацыянальнай красы.
Але Купала быў не толькі паэтам- празарліўцам. Ён быў Асобай надзвычайнай духоўнасці і рыцарскай высакароднасці перад Жанчынай, дзе не месца аніякаму фальшу, дзе валадарыць крыштальная чысціня і глыбокая спавядальнасць. Бо каханне, шляхі якога неспазнаныя, – і слодыч, і горыч. Таму лірычны герой ранніх Купалавых вершаў – надзвычай адзінокі, самотны; ягонай душы балесна ад пакутнага расчаравання, магчыма, непадзеленага кахання:
Не глядзі на мяне, не глядзі, адыйдзі,
Не чаруй так сабой і на яве, і ў сне!
Ты смяешся з мяне… Дык ідзі ж, не глядзі,
Бо замучыш, загубіш навекі мяне!
(«Не глядзі…»)
Катэгарычны імператыў героя, які «усё пекла… зведаў кахання, / усе мукі яго скаштаваў», – пэўная люстроўка свету душы самога Купалы-рамантыка. Гэта і няўрымслівы пошук ідэалу, і, зрэшты, так відавочная кантрастнасць ва ўспрыняцці кахання як пачуцця светла-радаснага і змрочна-смутнага. Так, але найперш шляхетная душа Купалавага героя прагне спазнаць чары кахання як найвышэйшую праяву патаемаў чалавечага жыцця: «Маладую дзявочу красу / Не змалюеш, не спішаш пяром…». Пекнай мілатой, душэўнай любасцю пранізаны так высакародна агучаны зварот да Яе – пакуль невядомай, неспазнанай. Але – ужо такой жаданай, блізкай, вернай:
Абнімі ты мяне, маладая.
Абніманнем гарачым, агністым.
Дый памчымся ад краю да краю
Вольнай думкай па свеце цярністым
(«Абнімі…»)
Гэта – пакуль што мара паэта-летуценніка, якая, аднак, ва ўсёй лірыцы кахання ўвасоблена ў «недацветах», «заручынах». Як белыя і чорныя клавішы раяля – каханне-мара і каханне-расстанне ў светаадчуванні Купалы-творцы.
І хіба напоўніцу моц кахання і ўзаемаразумення ўвасобіцца ў фальклорна-рамантычнай паэме-ўтопіі «Яна і я» (1913). Вясновай парой абнаўлення, у бажэсцвеннай лучнасці з усім светам, Ён і Яна – найшчаслівейшыя ва ўзаемным шчасці кахання – бачаць красу жыцця ў кожным яго імгненні. Бо «змяшаліся мы разам з сонцам, з кветкамі, з травой». Ці не цудадзейства гэта:
Звінела песня і злівалась з музыкаю птушак,
Бярозавыя на гасцінцы плакалі прысады,
Заводзіў вецер, б’ючысь аб асінавы асушак…
Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады.
Або:
Раем на зямлі выглядываў нам сад,
Я ў ім – Адам, яна ў ім – Ева;
Ў раі гэтым вецер быў нам Бог і сват,
Вяцьвямі шлюб давала дрэва.
Па-народнаму, па-біблейску годна і гожа адорана лірычная гераіня Яна – «мая», «мая палея», «мая ты гаспадыня», «галубачка бяскрылая», «маё ты сонейка», «маё сэрца-ткаля», «мілая», «мая мілая», «мая галубка»…
Хто Яна – тая, што разбіла сэрца Паэта, прымусіла жыццё-яву стаць жыццём-сном, горкім, балесным, адчайным?.. Цнатлівы паэт «гэткім шчырым каханнем яе атуліў». Так, гэта адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў аднайменнай Купалавай п’есе Паўліна Мядзёлка, «казка негадана», якой прысвечаны паэтычны цыкл 1915 г. – вяршыня Купалавай лірыкі кахання: вершы «Быў гэта сон…», «Таей даўгажданай», «Сыйду…», «Снілася дзяўчыне», «А яна…». Расстайным, поўным жалю- роспачы, гучыць тужліва-млосны акорд «Быў гэта толькі сумны сон…». Асабістыя сімпатыі Купалы- рамантыка да грамадскай дзяячкі, «таей даўгажданай» Паўліны Мядзёлкі сталіся расстайным сном-каханнем:
Утварыў з яе шчасце з-пад шчасцяў сваё —
Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,
І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё…
А яна?.. А яна была толькі…дзяўчына!..
(«А яна…»)
Менавіта ў каханні чалавек прыгажэе. І місія жанчыны – упрыгожыць жыццё. Тут прыгожае – як надзвычай адухоўленае. Так, лірычны герой хоча звіць карону-вяночак «з сонца і кветак-пралесак», каб «славіць, шчаслівіць сваю маладую, / святую песняй няпетай». Патаемнасць жыцця для аўтара і ягонага героя хавалася-паўставала з нераскрытага, неспазнанага (як недацветы) Хараства, і таму герой заклікае Яе: «кветкаю прыйдзі», «зацвіці красой са мною», «даўняй казкай залатою / думку абудзі…» (верш «Ты прыйдзі…»).
Вернай музай Купалы-паэта была нястомная спадарожніца па жыцці, жонка Уладзіслава Францаўна Луцэвіч (дзявочае прозвішча Станкевіч). Часам іх абоіх успрымалі як шыкоўнае сузор’е паразумення і лагоды: яны (прызнаны паэт і апантаная асветніца) сустракаліся на розных літаратурных вечарынах, разам наведвалі тэатры, кнігарні. Менавіта Ёй, будучай жонцы, Янка Купала прысвяціў тры вершы: «Ўспомні!..», «Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея…», «Мусіць, трэба было». Вобраз Уладзіславы Станкевічанкі аздоблены надзвычайнай замілаванасцю і мудрай жаночай годнасцю, якія не могуць не захапляць:
Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея,
Вольная птушка сумнай зямліцы!
(«Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея…»)
Ва ўсёабдымным сваім пачуцці, з налётам таямнічасці і загадкавасці паэт стварыў вобраз-ідэал Яе, дзяўчыны-каралеўны, жанчыны-багіні, поўны мройнай асалоды незабыўнага, поўны жаданай прагнай споведзі.
Безумоўна, у кожнага Купала-лірык свой, кожны чытач знаходзіць у Купалавай лірыцы кахання сваё, перажытае і пражытае… Бо без Жанчыны, «без ласкі вялікай жаночай», Кахання, Любові да кожнай жывой істоты жыццё бессэнсоўнае, марнае. Ці не варта і нам стаць годнымі пераемнікамі Купалавай «музыкі дзіўнай», каб Жыццё тварыць з Любоўю да бліжняга, каб напаўняць яго «песняй вясны лебядзінаю»?..
Аліна САБУЦЬ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі.