«Калі б не Вайна»: студэнт-купалавец распавёў гісторыю сваёй сям’і

Калі я быў маленькім, на Дзень нараджэння мне падарылі салдацікаў. Яны сталі маёй самай любімай цацкай. Я ваяваў, хадзіў у атакі… Падалі забітыя салдаты… Захапіўшыся гульнёй, я не адразу заўважыў побач прабабулю Шуру. Яна ласкава глядзела на мяне, а ў вачах стаялі слёзы. Я разгубіўся:

– Бабуля, што здарылася? Чаму ты плачаш?

– Нічога, дзетка, гуляй. Гэта я вайну ўспомніла, – адказала яна, змахваючы са шчакі слязінку.

Прадзед Салавей Міхаіл Міхайлавіч, радавы. Ваяваў пад камандаваннем генерала Андэрса. У 1944 годзе прымаў удзел у бітве пад Монтэ-Касіна (Італія), быў паранены.
За ўдзел у бітве ўзнагароджаны памятным крыжом.
Таксама ўзнагароджаны зоркай Італіі за вайну 1939—1945 гг.
 

Тады я не звярнуў увагі на прабабуліны словы і працягнуў сваю гульню.

Ішоў час. Я рос. Мне дарылі іншыя цацкі. Пра салдацікаў ужо неяк і забыўся.

Не так даўно, разбіраючы скрыню са старымі цацкамі, якія хацеў аддаць малодшаму браціку, убачыў некалькі салдацікаў са сваёй былой «арміі». Мне раптам успомнілася размова з прабабуляй. Вельмі ж захацелася зразумець, чаму яна плакала, што такое вайна, які ­ўдзел у ёй прынялі мае продкі, які след яна пакінула ў лёсе маёй сям’і?

77 гадоў аддзяляюць нас ад той страшнай вайны, якая пранеслася па нашай зямлі, забіраючы жыцці кожнага трэцяга жыхара маёй ­Радзімы.

Я, мае бацькі, нават дзядулі і бабулі нарадзіліся ў мірны час. Усе жахі вайны бачылі бацькі маіх бабуль і дзядуляў. Яны змагаліся за Радзіму на фронце і ў тыле. У Вялікай Айчыннай вайне прынялі ўдзел 13 чалавек з маёй сям’і. І толькі чатыром з іх суджана было вярнуцца дадому.

Больш за ўсіх «пашчасціла» паваяваць бацьку маёй прабабулі Шуры Сенькіну Луку Нікіфаравічу. Тры гады ён правёў у акопах Першай сусветнай вайны, прымаў актыўны ­ўдзел у паўстанні 1917 года ў Петраградзе. Вярнуўшыся ў родны Магілёў, змагаўся за станаўленне савецкай Беларусі. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў адным з кіраўнікоў партызанскага і падпольнага руху на Брэстчыне і Гродзеншчыне. Падрабязнасці яго дзейнасці ў апошнюю вайну да гэтага часу знаходзяцца пад грыфам «Засакрэчана».

Мой прадзед Бахар Марк Васільевіч змагаўся ў тыле ворага. З 1941 па 1943 год быў сувязным партызанскага атрада на Лагойшчыне. У сакавіку 1943 года параненым быў узяты ў палон. Вызвалены амерыканцамі ў 1945-м годзе. Вяртаючыся на радзіму з групай такіх жа былых вязняў, трапіў пад бамбёжку. Усе пабеглі ратавацца на хутар, які быў побач. Прадзядуля не пабег. Ён як быццам здзервянеў на месцы. Праз колькі хвілін раздаўся выбух. Бомба трапіла ў хату, дзе толькі што схаваліся яго таварышы. Выбуховай хваляй прадзядулю кантузіла. Ён страціў слых, але сам застаўся жывым. Праз некалькі месяцаў дайшоў да роднай хаты. Там, у чужых людзей, адшукаў ён сваіх сыноў. Жонку яго забілі фашысты.

Мой прадзядуля Салавей Міхаіл Міхайлавіч з 1942 года ваяваў у складзе арміі генерала Андэрса. Прыняў удзел у адной з самых крывавых бітваў Другой сусветнай вайны – бітве пад Монтэ-Касіна. Быў узнагароджаны крыжам «За Монтэ-Касіна».

Прадзядуля Пацуй Мікалай Канстанцінавіч у час вайны быў сапёрам. Ён расказваў, што «прапоўз на пузе ад Гродна да Берліна». Колькі жыццяў ён уратаваў, зняўшы тысячы мін… Пра вайну ён не любіў успамінаць. А калі і гаварыў, то расказваў розныя вясёлыя выпадкі з армейскага жыцця. Гаварыў: «У Вісле купаўся, у Одэры купаўся, але наша Свіслач самая лепшая!..»

І хоць, расказваючы свае гісторыі, прадзядуля ўсміхаўся, вочы яго былі сумнымі. Напэўна, малюнкі, якія ў гэты час усплывалі перад ім, не былі такімі лёгкімі і вясёлымі. Проста прадзядуля вельмі любіў нас, і таму не хацеў рабіць балюча сваімі ўспамінамі.

 У 1941 годзе пайшоў на вайну дваюрадны брат маёй прабабулі Кармызаў Фёдар Ягоравіч. Пасля афіцэрскіх курсаў ён быў накіраваны на перадавую. Так здарылася, што яму пашчасціла вызваляць родную вёску, нават напіцца вады са сваёй студні. Але сустрэцца з роднымі не давялося. Вёска была спалена, а шукаць іх не было часу, ды і камандзір не дазволіў: трэба было наступаць. Менш чым праз месяц Фёдар загінуў. Аб усім гэтым напісаў родным яго сябар. Не магу сабе ўявіць, што адчула маці, чытаючы гэты ліст. Магчыма, лепш бы яна не ведала, што сын быў так блізка, што яна магла абняць яго, пачуць родны голас… Дваюрадная прабабуля Агаф’я право­дзіла на фронт чатырох сыноў, мужа, зяця. Ні адзін не вярнуўся дадому. Усіх забрала вайна.

Даўно скончылася тая вайна. Мае прадзеды зрабілі важкі ўнёсак у агульную скарбонку Перамогі. Яны далі нам магчымасць жыць пад мірным небам. Але яшчэ адна вайна закранула маю сям’ю. Афганская. Доўгія гады гісторыкі спрачаюцца «наша» гэта была вайна ці «не наша». Пакінем гэтыя спрэчкі вучоным.

Дваюрадны брат дзядулі Сашы, Саковіч Сяргей Антонавіч, у маі 1979 года быў прызваны ва Узброеныя сілы СССР. Са снежня таго ж года служыў ва Афганістане механікам-вадзіцелем БМП. У апошнім лісце ён напісаў: «Мама, больш сюды не пішы. Хутка я буду дома. Да сустрэчы!». У снежні 1980 года калона тэхнікі трапіла ў засаду. У гэтай калоне была БМП Сяргея. Ён, як і абяцаў матулі, хутка вярнуўся дамоў з гонарам, у суправаджэнні ваенных…

Саковіч Сяргей Антонавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі пасмяротна.

«Вайна – канфлікт паміж палітычнымі групіроўкамі, дзяржавамі, плямёнамі, якія адбываюцца ў форме ўзброенага супрацьстаяння, ваенных (баявых) дзеянняў паміж іх узброеннымі сіламі», – гаворыць нам Вікіпедыя. Сухія радкі… Але колькі ў іх болю, слёз, пакутаў!.. Эх, калі б не вайна… На колькі большай была б мая сям’я!.. Колькі дзетак радавалася б цёпламу сонейку!.. Колькі добрага маглі яшчэ зрабіць для сваёй Радзімы тыя, хто навечна застаўся яе ­салдатам…

На пагосце ў вёсцы Лаша Гродзенскага раёна ёсць магіла невядомых салдат. Там напісаны толькі іх званні. Наведваючы магілы родных, мы не забываем аддаць дань павагі безыменным героям. Абавязкова прыбяром там і, па даўняй звычцы, пакінем гасцінец. І не толькі мы так робім. Таму тут заўсёды прыбрана, цвітуць кветкі і гараць лампадкі.

Я лічу, што людзі не павінны забываць пра по­дзвігі тых, хто бараніў мір на зямлі, хто аддаў за гэта самае дарагое – сваё жыццё. І зусім не важна, на тэрыторыі якой дзяржавы  загінулі мае землякі. Яны абаранялі сваю Радзіму, а значыць –  нас, наш мір і спакой. А тым, хто развязвае ваенныя канфлікты, я параіў бы паслаць у першую чаргу сваіх дзяцей на перадавую. Думаю, што тады б людзі хутка навучыліся дамаўляцца без войнаў.

А салдацікаў я аддаў малодшаму браціку. Няхай гуляе. І няхай на нашай планеце будуць толькі такія «войны».

Я благодарен деду.

Я благодарен деду.

За победу?

Нет, за жизнь, которая одна.

За это на могилу к нему еду.

За это не угаснет свет лампад…

Вдруг стало модным осуждать героев,

И говорить, что было нет, то да.

Возможно, мир по-новому устроен…

Но крест фашистский не равно звезда.

А красный флаг – то символ крови.

Пролитой крови тысячи солдат.

Солдат советских, умерших на поле.

Ровесников моих. Простых ребят.

И тех, кого в тылу не видно было,

И тех, кто не смирился быть рабом,

Тех, кто без имени лежат в могилах,

Кто подарили смысл жить потом.

Я благодарен деду. К деду еду.

И поклонюсь ему я до земли.

За то, что жив. За то, что еду.

За то, что ем, дышу и вижу сны.

Я благодарен деду.

За победу?

За жизнь я благодарен деду.

Арцём САЛАВЕЙ,

студэнт 2 курса факультэта біялогіі  і экалогіі

Поделиться

Читайте также: