На Вораўшчыну – па народныя скарбы

Сёлета фальклорная практыка студэнтаў 1 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» чарговы раз праходзіла ў Воранаўскім раёне на базе ДУА «Вучэбна-педагагічны комплекс Канвелішскія яслі-сад-сярэдняя школа». З 27 чэрвеня па 5 ліпеня студэнты збіралі фальклорныя творы ў вёсках Канвелішкі, Малыя Канвелішкі, Навіянка, Слёзкі, Утканы, Пашэлі, Чырканцы, Больценікі, Падзягуці, Лянцішкі, Свілы і іншых.

– Воранаўскі раён вельмі багаты на народныя традыцыі і творы вуснай народнай творчасці, але ён, на жаль, незаслужана мала даследаваны папярэднімі фалькларыстамі, – адзначыў кіраўнік фальклорнай практыкі, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Руслан Казлоўскі.

У вёсцы Больценікі
(каля альтанкі Адама і Марылі)

Ён распавёў, што студэнтамі быў сабраны значны аб’ём народных твораў разнастайнай жанравай палітры: легенды і паданні, каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя песні, творы пазаабрадавай лірыкі, загадкі, прымаўкі і прыказкі. Падчас практыкі вялікая ўвага надавалася краязнаўчаму аспекту, спасціжэнню мясцовай спецыфікі культуры Воранаўскага краю. Студэнты і выкладчыкі наведалі ­cядзібна-паркавы комплекс і мясціны Адама Міцкевіча ў вёсцы Больценікі, дом-крэпасць П.Нонхарта ў вёсцы Гайцюнішкі, каталіцкі храмавы комплекс – касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які як помнік архітэктуры ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь – у аг. Тракелі, пабылі на пазнавальна-краязнаўчых ­экскурсіях.

Прысвячэнне ў фалькларысты

Па словах кіраўніка практыкі, дацэнта кафедры беларускай філалогіі Аліны Сабуць, асабліва каштоўным стала плённае супрацоўніцтва са школьным фальклорна-краязнаўчым лагерам «Канвалія». Студэнты разам са школьнікамі ўдзельнічалі ў сумесных мерапрыемствах: музычным відовішчным шоу «Голас», фальклорным конкурсе «Героі беларускіх народных казак», а таксама ў мастацка-эстэтычных чэленджах «Міс Канвалія-2022», «Містар Канвалія-2022» і іншых.

Да таго ж практыка спрыяе фарміраванню высокіх маральна-этычных якасцей асобы чалавека, выкарыстоўваючы народныя традыцыі і адлюстраваную ў іх філасофію жыццёвай мудрасці.

У бліжэйшы час плануецца выданне фальклорнага зборніка «Воранаўшчына ў легендах і паданнях», які стане вынікам плённай шматгадовай фалькларыстычнай збіральніцкай працы выкладчыкаў і студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Цудоўны час практыкі скончыўся, і наперадзе – новыя вышыні і дасягненні.

Вынікам працяглага супрацоўніцтва філалагічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта з Воранаўскім раёнам (з 2007 года) стала прэзентацыя першай кнігі з серыі «Мая Воранаўшчына» – «Воранаўшчына лірычная», у якой сабраны вершы педагогаў і вучняў Воранаўскага раёна. Прадмову «Тут зямля такая…» да кнігі напісалі Руслан Казлоўскі і Аліна Сабуць, якія падкрэслілі самабытную адметнасць ліры паэтаў-аматараў Воранаўскага краю.

З рук старшыні Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта дацэнты кафедры беларускай філалогіі Руслан Казлоўскі і Аліна Сабуць атрымалі Падзячныя лісты за высокія дасягненні ў сацыяльна-культурнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і захаванне культурнай спадчыны Воранаўскага раёна.

Уласн. інф.

Фота з архіва кафедры беларускай філалогіі

Поделиться

Вам может также понравиться...