Літаратурная старонка мая

Сёстрам Хатынi прысвячаецца…

Купала, Купала,

Ой, дзе ты бывала,

Ой, дзе ты бывала?..

Ціхі лагодны ранак. Сонца ледзь-ледзь нясмела выглянула з-за гарызонту, як бы раздумваючы: «Пара ўжо асвяціць наваколле ці даць людзям яшчэ хвілінку адпачыць?». Здзівілася, убачыўшы, што людзі ўжо не спяць: завіхаюцца па гаспадарцы, працуюць ў полі. Мыкаюць каровы, пеўні праспявалі свае песні, вітаючы новы дзень. А ён абяцае быць цёплым, поўным турбот па гаспадарцы і ціхага людскога спадзявання на шчасце.

Моладзь жыве чаканнем вечара. Сёння ж Купалле. Усе збяруцца каля купальскага вогнішча, будуць вадзіць карагоды, скакаць праз агонь, плесці вянкі і пускаць іх на ваду. Усім вядома, што гэтая ноч будзе асаблівай, чароўнай, поўнай надзей на лепшае, поўнай чакання таго адзінага і на ўсё жыццё. А можа, камусьці пашчасціць ноччу знайсці папараць-кветку? Кажуць, той, хто знойдзе яе, назаўсёды стане шчаслівым, і нават здабудзе вечнае жыццё.

Звычайны пагодлівы ранак плыў над беларускай вёскай Шавулічы ля Ваўкавыска 7 ліпеня 1943 года. У бок вёскі рушыў атрад карнікаў нямецкага гарнізона, размешчанага ў Ваўкавыску. Жандармы і паліцаі выстрайваліся ў тры колы, каб спыніць любыя спробы ўцёкаў.

Забойства нямецкага медыцынскага афіцэра, якое здзейснілі напярэдадні партызаны на шашы Ваўкавыск–Пескі, павінна быць жорстка пакарана. Знішчэнне самай вялікай вёскі ў наваколлі – выдатны знак партызанам і ўсім, хто спадзяецца на перамогу Савецкай Арміі: самая магутная ў свеце, самая непераможная – армія Вялікага Рэйху. Кожны, хто ў гэтым сумняваецца, павінен быць знішчаны.

Па вёсцы забегалі карнікі, паліцаі. Усіх жыхароў выгналі на вуліцу. Гвалт, енк стаяў над вёскай. Маці прыціскалі да сябе дзяцей, стараючыся сабой засланіць іх ад азвярэлага ворага.

Фашысцкія ж бандыты не звярталі ўвагі на слёзы і енкі. Яны з уласцівай немцам педантычнасцю правяралі па спісе жыхароў вёскі, каб, крый Божа, ніхто не змог выратавацца. Упэўніўшыся, што ўсе вяскоўцы на месцы, каты-«помснікі» падзялілі людзей на групы: жанчын і дзяцей зачынілі ў школе, старых і падлеткаў – у хляве. Мужчын прымусілі капаць дзве вялікія ямы.

Людзі ўсё разумелі. Напэўна, спадзяваліся, не верылі, але разумелі, што гэта апошняя іх раніца.

На 366 жыхароў стала бяднейшай мая Беларусь. 120 дзяцей сталі анёламі, самаму маленькаму з іх было только два дні…

Карнікі скінулі ў ямы забітых і параненых, прысыпалі іх зямлёй і спакойна пайшлі рабаваць дамы, дзе яшчэ раніцай кіпела жыццё.

Разрабаваная вёска палала. Сонцу балюча было глядзець на мёртвыя Шавулічы. Яно завесілася хмарамі. Плакала неба. Палаў агонь. Больш за суткі прадаўжалася проціборства прыроды і людскога злачынства.

… Я стаю на месцы былой вёскі Шавулічы.  Цяпер тут мемарыяльны комплекс. Чатырохкутны абеліск глядзіць у сінія нябёсы. На мемарыяльных плітах – імёны загінуўшых. Драўляныя зрубы-сімвалы застылі на месцы былых хат. У самым сэрцы мемарыяла – бронзавы звон. Яго працяжны голас плыве над палямі. А мне здаецца, што гэта гучаць галасы тых, хто тут жыў, радаваўся, кахаў. Боль і туга сціскаюць маё сэрца. Хочацца крычаць, але няма слоў, каб выказаць мае думкі… Я чую людзей, чую іх смех, бачу іх жыццё. Жыццё, якога няма. Жыццё, якое стала вечным.

Гарэла Купала,

Купала на Йвана!

Я, малада, тушыла,

Рэшатам ваду насіла…

Арцём САЛАВЕЙ, студэнт 3 курса факультэта біялогіі і экалогіі

Шчасце

Шчасце –

Жыць у мірнай краіне!

Шчасце –

Жыць без вайны і тварыць!

Шчасце – гэта, калі ў баравіне 

З-пад шыпулькі глядзіць баравік!

Калі сонейка весела свеціць,

Калі  ў доме цяпло і святло,

Калі побач у зялёнай лагчыне

Падміргне нам з табой азярцо.

Калі выбухі бомбаў праклятых

Недзе там, у трохкутных лістах,

Што дзядуля ў нядаўнім мінулым

З фронту вестку даслаў аб баях.

Калі грохат варожых гарматаў

Чуеш ты толькі ў стужках часоў,

Калі  фота фашысцкіх атрадаў

Пакрываецца пылам вякоў.

Шчасце – гэта ў мірнай краіне 

Жыць шчасліва і шчыра любіць!

Калі ў нашай з табой баравіне

З-пад шыпулькі глядзіць баравік…

Карына БУРЛАКОВА,

студэнтка 3 курса  факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму

Купала-пясняр

Рэчкі бурлівыя, учора санлівыя,

Сёння плывуць і бурляць, –

Вось як прыгожа пра нашу Радзіму

Пісаў Купала-пясняр.

Ад усяго сэрца ў вершах, паэмах

Родны куток усхваляў:

Блакітныя рэкі, жытняе поле

І пушчаў магутных абшар.

Разам з Купалам старанна чыталі

Горкую долю сваю.

І па радках кніг вандравалі

Мы ў старажытную старану.

Адшукалі там таямніцы Рагнеды,

Машэкі гару бліз Дняпра.

Ведаем, што ідуць беларусы

З крыўдай сваёй напаказ.

Ён распавёў нам пра лёс нешчаслівы

Людзей беларускай зямлі,

Пра Бандароўну і пра Паўлінку,

Як кідалі мы гнёзды свае.

Ён навучыў нас маліцца да сонца,

Да нівы, зорак і хмар.

Маліцца сэрцам, душою і думамі

За роднай краіны абшар.

Абаранілі спадчыну прадзедаў

Людзі маёй зямлі.

І захаваўшы словы Купалы,

Смела ідзём па жыцці.

Дзіяна КАЛЕСНІК,

студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта

Поделиться

Вам может также понравиться...