На факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму Купалаўскага ўніверістэта адкрываецца студэнцкая навукова-даследчая археалагічная лабараторыя

Аб перспектывах развіцця лабараторыі распавёў яе будучы кіраўнік – старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Гаршкоў.

З мэтай павышэння эфектыўнасці навуковай і адукацыйнай дзейнасці, стымулявання ў студэнтаў цікавасці да даследаванняў і папулярызацыі “археалогіі” як спецыялізацыі пры кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін адкрываецца студэнцкая навукова-даследчая археалагічная  лабараторыя.

Як распавёў Аляксандр Гаршкоў, задачамі новай структуры з’яўляюцца паглыбленне ведаў студэнтаў у галіне археалогіі ў адпаведнасці з апошнімі айчыннымі і замежнымі дасягненнямі; фарміраванне ў студэнтаў метадалогіі навуковых даследаванняў і навыкаў самастойнай арганізацыі навуковай працы. Таксама лабараторыя дасць добры навуковы задзел для паспяховага навучання ў магістратуры і аспірантуры. Накірункамі дзейнасці навукова-даследчай лабараторыі стануць першабытная археалогія, эксперыментальная археалогія, археалогія Сярэднявечча і Новага часу, антрапалогія. Акрамя таго, студэнты будуць займацца рэстаўрацыяй і кансервацыяй усіх знойдзеных археалагічных матэрыялаў.

– Студэнцкая навукова-даследчая археалагічная лабараторыя – гэта па сутнасці рэарганізацыя студэнцкага навуковага археалагічнага гуртка, які пачаў сваё існаванне яшчэ ў ХХ стагоддзі. У свой час яго навуковым кіраўніком быў Сяргей Аркадзьевіч Піваварчык, які на дадзены момант з’яўляецца доктарам гістарычных навук, прафесарам. Для паспяховага функцыянавання лабараторыі ў нас ёсць добры падмурак. Па-першае, вядзецца пастаянны набор на спецыялізацыю “Археалогія”, па-другое, мы праводзім уласныя штогадовыя археалагічныя даследаванні, па-трэцяе, існаванне мноства аб’ектаў археалогіі: толькі з 2021 года ў ваколіцах Гродна мы адкрылі больш за 50 новых аб’ектаў, – адзначыў Аляксандр Гаршкоў.

Археалагічныя пошукі дазволяць па-новаму паглядзець на гісторыю Гродна і ўсёй краіны, а таксама дадуць фактычны матэрыял для падрыхтоўкі навуковых прац, курсавых і дыпломных праектаў, дысертацый.

У планах лабараторыі – правядзенне археалагічных школ для замежных студэнтаў (спецыялістаў), стварэнне перасоўнай выставы з магчымасцю яе камерцыялізацыі праз супрацоўніцтва з раённымі музеямі, ну і ў якасці мары кіраўніка – адкрыццё ўласнага археалагічнага музея, куды будуць прыходзіць школьнікі, каб адчуць сябе старажытнымі археолагамі і абраць прафесію. 

Лабараторыя будзе знаходзіцца ў 307 аўдыторыі ў корпусе ўніверсітэта па вуліцы Кастрычніцкая, 5.

Як стаць сябрам СНДЛ?

Усе жадаючыя могуць напісаць ліст з навуковай тэмай, якая выклікае цікавасць, на e-mail kaf_archeo@grsu.by, падысці на кафедру гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін.

Гутарыла Таццяна СУШКО.

Фота Аляксандра ГАРШКОВА

Поделиться

Вам может также понравиться...