У Купалаўскім універсітэце адбыўся ўрачысты выпуск афіцэраў ваеннага факультэта
Мерапрыемства прайшло 29 чэрвеня на плошчы Леніна, дзе 27 выпускнікоў атрымалі свае першыя пагоны і дыпломы. Урачыстасць суправаджалася вальсам і пляц-канцэртам роты ганаровай варты.
Важны момант з выпускнікамі і выкладчыкамі раздзялілі блізкія, а таксама – ганаровыя госці. У іх ліку – намеснік начальніка тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – начальнік штаба тылу генерал-маёр Аляксандр Масолаў, камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Уладзімір Белы, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэй Жук і заказчыкі кадраў.
Аляксандр Масолаў выказаў падзяку ГрДУ імя Янкі Купалы за якасную падрыхтоўку спецыялістаў, якія штогод паказваюць высокі ўзровень прафесіяналізму на працоўных месцах.
– Нам патрэбны маладыя спецыялісты, людзі са свежым поглядам на прафесію, каб якасна выконваць задачы па абароне Радзімы, – адзначыў Аляксандр Масолаў.
Звяртаючыся да маладых афіцэраў і гасцей, рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка адзначыла, што ваенны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы закліканы рыхтаваць эліту беларускай арміі і выхоўваць любоў да Радзімы.
Як адзначыў начальнік ваеннага факультэта Генадзь Пясляк, Купалаўскі ўніверсітэт – адзіны ў краіне, які рыхтуе спецыялістаў тылавога забеспячэння войскаў. Гэта сведчыць пра давер да факультэта і ўніверсітэта: без моцнага тылу не можа быць моцнай арміі.
Маладыя афіцэры, якія атрымалі высокі ўзровень ведаў і практычных навыкаў падчас навучання на ваенным факультэце, гатовы выконваць службу ў розных воінскіх часцях Беларусі.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара