АД ЗАДУМКІ ДА РЭЧАІСНАСЦІ: інавацыйныя распрацоўкі студэнтаў
Крэатыўныя, амбітныя і поўныя новых задум – так можна апісаць студэнтаў, якія прадставілі свае распрацоўкі на Рэспубліканскім праекце «100 ідэй для Беларусі». Сярод дзясяткаў маладых інаватараў былі і прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы – шэсць праектаў паспяхова прайшлі ў наступны этап! А якія ж незвычайныя рашэнні прапанавалі вынаходцы, і як іх ідэі здольны змяніць наша жыццё – давайце зараз і высветлім!

На стварэнне свайго праекта Мар’ю Мацюк, студэнтку 1 курса педагагічнага факультэта, натхніла важная сацыяльная праблема: многія людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якім патрэбна дапамога, часта саромеюцца яе прасіць. У жаданні іх падтрымаць і быў распрацаваны мабільны дадатак «Lusterko» – персанальны памочнік, які будуе бяспечныя маршруты, папярэджвае пра перашкоды і нават паведамляе бацькам, калі дзіцяці патрэбна дапамога. Яшчэ ў мінулым годзе гэта была толькі ідэя, а сёння ў дадатку ёсць 4 віртуальныя кнопкі: «Уключыць адлюстраванне», «Google Maps», «Прагляд вызначаных аб’ектаў» і «Налады».
– Зараз мы паляпшам асноўныя функцыі. Паколькі дадатак працуе на базе штучнага інтэлекту, яго трэба пастаянна навучаць, каб павышаць дакладнасць распазнавання і выпраўляць памылкі. Таксама мы актыўна працуем над інтэрфейсам, дадаем новыя магчымасці. Напрыклад, так з’явілася функцыя выкарыстання дадатковых камер для зручнасці. Мы ўжо правялі апрабацыю з удзелам навучэнцаў-валанцёраў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Яны актыўна даюць зваротную сувязь, што дапамагае нам паглядзець на праект з крыху іншага боку і выправіць нюансы, якія мы маглі не заўважыць, – адзначае Мар’я.

Яшчэ адной важнай ініцыятывай стаў праект «СТОП КАНТРАФАКТ». Сёння моладзь усё больш актыўна купляе тавары на маркетплейсах і ў сацыяльных сетках, аднак недахоп прававых ведаў часта прыводзіць да набыцця падробак. А кантрафакт – гэта не толькі фінансавыя страты, але і рэальная пагроза здароўю, падтрымка ценявой эканомікі. Праект прапануе інтэрактыўныя адукацыйныя турніры, на якіх удзельнікі ва ўмовах рэальнага рынку вучацца знаходзіць прыкметы кантрафакту, афармляюць доказы.
Ідэя стварыць падобны праект узнікла ў Мар’і Марэцкай, студэнткі 3 курса юрыдычнага факультэта, пасля ўдзелу ў VII Міжнародным форуме «Антыкантрафакт–М». На мерапрыемстве праводзіўся кейс-чэмпіянат, дзе каманды ва ўмовах абмежаванага часу аналізавалі тавары і выяўлялі прыкметы кантрафакту. Тады Мар’я зразумела: было б цудоўна, калі б такая інфармацыя была даступна не толькі для студэнтаў юрыдычных спецыяльнасцей, а для ўсёй моладзі. Так, адна з асноўных задач праекта – навучыць удзельнікаў вызначаць кантрафакт. Мар’я пералічыла некалькі рэкамендацый:
– Немагчыма па аднолькавых крытэрыях выявіць прыкметы падробкі ў электроніцы і доглядавай касметыкі – у кожнага тавара свая спецыфіка. Разам з тым, ёсць некалькі ўніверсальных парад. Па-першае, гэта праверка адпаведнасці тавара афіцыйнаму каталогу вытворцы: ці існуе дадзены прадукт у заяўленай мадэлі і дызайне. Па-другое, пры анлайн-пакупках перавагу варта аддаваць афіцыйным крамам. Калі такой магчымасці няма, важна ўважліва вывучаць картку тавара, апісанне, водгукі і адзнакі пакупнікоў. Па-трэцяе, пры атрыманні тавару неабходна звяраць унікальную інфармацыю: правяраць серыйныя нумары, batch-коды, элементы абароны – галаграфічныя, выпуклыя або складана дэталізаваныя выявы.

Таксама студэнты прадставілі свае праекты ў намінацыі «Прамысловасць і будаўнічыя тэхналогіі». Асабліва актуальнай у апошнія гады стала праблема аднаўлення эксплуатацыйных характарыстык пашкоджаных жалезабетонных канструкцый. Традыцыйна для іх узмацнення выкарыстоўваюцца розныя канструктыўныя рашэнні з прымяненнем металу. Аднак вынікі сучасных даследаванняў паказваюць, што выкарыстанне кампазітных матэрыялаў дазваляе дасягнуць большай эканоміі рэсурсаў. Менавіта таму Яўгеній Цыдзік і Дан Кавалёў, студэнты 4 курса інжынернага факультэта, прэзентавалі праект «Узмацненне жалезабетонных канструкцый беларускімі кампазітнымі тканінамі».
– Мы абралі гэты накірунак, бо самі з’яўляемся інжынерамі. Наша асноўная задача – распрацаваць і абгрунтаваць тэхнічнае рашэнне, якое павысіць эфектыўнасць падыходаў да ўзмацнення канструкцый, – распавядае Яўгеній. – У лабараторыі нашага корпуса былі выраблены ўзоры і праведзены серыі выпрабаванняў, вынікі якіх пацвердзілі эфектыўнасць канцэпцыі. Перспектывы праекта відавочны: яго ўкараненне можа знізіць кошт работ і скараціць тэрміны ўводу будынкаў у эксплуатацыю.

Даніла Аляксееў, Арсеній Барэль і Артур Арлоўскі, таксама студэнты 4 курса інжынернага факультэта, прадставілі праект «Сучаснае арміраванне дрэва: беларускія кампазіты».
– Асноўную праблему мы бачым у карозіі і складанасці мантажу традыцыйнага металічнага ўзмацнення. Галоўная ж перашкода для рэалізацыі нашай ідэі на практыцы – пакуль яшчэ адсутная нарматыўная база для прымянення кампазітаў у драўляным будаўніцтве. У вучэбнай лабараторыі мы самастойна вырабілі і выпрабавалі драўляныя балкі, умацаваныя рознымі відамі кампазітных матэрыялаў (шклапластыкам і спецыяльнымі тканінамі). Вынікі даследаванняў пацвердзілі, што гэтая тэхналогія эфектыўная. Напрыклад, шклапластыкавая арматура павышае трываласць балак да 47%, а выкарыстанне кампазітнай тканіны – да 38%, – адзначае Артур.
Творчы калектыў Антона Піуты, Максіма Равенка, Руслана Осіна і Васілісы Тракала, студэнтаў 3 курса факультэта біялогіі і экалогіі, прадставіў незвычайны гастронамічны праект – «Хлебную чарку». Навізна прадукту заключаецца ў арыгінальнай форме: звыклыя для кожнага хлеб, сала і духмяныя спецыі ператвараюцца ў функцыянальную чарку. У яе можна наліць напой, а пасля цалкам з’есці як пікантную закуску.

Працягваючы тэму харчавання, немагчыма пакінуць без увагі праект Златы Ляшчовай, студэнткі 4 курса факультэта мастацтваў і дызайну. Ідэя аб стварэнні «Farm-Basket» – пляцоўкі для зручнага продажу і пакупкі фермерскай прадукцыі – з’явілася ў Златы яшчэ ў красавіку:
– Я заўсёды цікавілася здаровым харчаваннем, але калі пачала шукаць натуральныя прадукты, зразумела, што гэты сегмент рынку арганізаваны хаатычна і нязручна для пакупніка. Мне захацелася гэта змяніць. Так нарадзіўся вобраз маркетплэйса, які б не толькі прапаноўваў якасную ежу, але і забяспечваў дастаўку пакупак да дзвярэй.
Ужо ў маі быў распрацаваны план: Злата сабрала каманду праграмістаў, прадумала сістэму працы і дызайн сайта. У ліпені пачаўся самы складаны этап – пошук пастаўшчыкоў. Гэта было няпроста: фермерам трэба было даказаць выгаду і карысць ад сэрвісу. У жніўні былі створаны профілі ў сацыяльных сетках і адбыўся афіцыйны запуск сайта. Ужо ў першы месяц пасля адкрыцця пайшлі першыя продажы, стартавалі калабарацыі з блогерамі, фітнес-цэнтрамі і салонамі прыгажосці. Шмат чаго ўжо зроблена, аднак праца над праектамі працягваецца. Наперадзе студэнтаў чакае наступны этап, дзе іх ідэі будуць ацэньваць ужо на больш высокім узроўні. Жадаем нашым аўтарам настойлівасці ў рэалізацыі ўсіх задумаў!
Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота з архіва ўніверсітэта



