КРЭАТЫЎ БЕЗ МЕЖАЎ

«Добры дзень, паважаныя гледачы! Мы працуем на фінале рэспубліканскага фестывалю-конкурсу…», «Давайце даведаемся, з якім праектам прыехалі госці з Барысава», «Як нарадзілася гэтая смелая задума?», «Якімі, на ваш погляд, павінны быць сучасныя маладзёжныя СМІ?»… У Купалаўскім універсітэце галасы журналістаў чуваць заўсёды, але на гэты раз канцэнтрацыя таленту і амбіцый дасягнула максімуму! 140 удзельнікаў з усёй краіны сабраліся, каб прадставіць свае праекты, пераняць досвед, атрымаць прафесійныя кампетэнцыі і стварыць новыя медыяпрадукты. Прапаную не паўтараць пытанні, агучаныя калегамі, а адразу адправіцца на фінал «Медыясферы-2026»!

Сёлета фестываль «Медыясфера» праходзіць ужо ў 8 раз у статусе Рэспубліканскага (хоць сваю гісторыю распачаў у далёкім 2010 годзе з універсітэцкага ўзроўню). Нягледзячы на багатае мінулае, арганізатары штогод знаходзяць спосабы здзівіць нават самых вопытных узельнікаў.

Так, у гэтым годзе ўпершыню ў гісторыі «Медыясферы» канкурсанты прадставілі праекты, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту. Новая намінацыя стала пляцоўкай для сумеснага пошуку сэнсаў. Алёна Мірашнічэнка, старшы выкладчык кафедры журналістыкі, патлумачыла:

Падобныя праекты сапраўды натхняюць, бо ясна ілюструюць: магчымасці для творчасці становяцца значна шырэйшымі. Яшчэ зусім нядаўна складана было ўявіць, што з экрана тэлефона да цябе могуць звяртацца Рагнеда ці Еўфрасіння Полацкая. А сёння гэта ўжо рэальнасць. Асабліва прыемна бачыць, як уважліва і асцярожна ўдзельнікі фестывалю ставяцца да гісторыі нашай краіны, разважаюць пра яе сучаснасць і дэманструюць неабыякавасць да яе будучыні. Першы вопыт аказаўся паспяховым, і далей намінацыя, безумоўна, будзе развівацца. Магчыма, з часам унутры яе з’яўляцца самастойныя катэгорыі: напрыклад, асобна будуць спаборнічаць аўтары відэапраектаў, створаных з дапамогай штучнага інтэлекту, і асобна тыя, хто працуе з плакатамі і іншымі візуальнымі выявамі. А сама намінацыя стане неад’емнай часткай фестывалю «Медыясфера».

Абарона ўласных праектаў – адзін з самых адказных этапаў. Удзельнікі рыхтаваліся да яго надзвычай старанна, бо менавіта ў гэты момент трэба было прэзентаваць вынік сваёй доўгай працы і арыгінальнасць задумы. У аўдыторыі, дзе праходзіла абарона ў намінацыі «Друкаваныя СМІ», літаральна разбягаліся вочы: настолькі шмат там было стылёвых часопісаў і змястоўных газет.

Сёння мы з камандай прадстаўляем нумар карпаратыўнага часопіса «STUDэйшыя», прысвечанага студэнткам і выкладчыцам нашага факультэта. Новым і незвычайным у гэтым выпуску стала рубрыка «Выклік тыдня». Нам вельмі хацелася паказаць нашых дзяўчат не толькі таленавітымі і разумнымі, але і смелымі, здольнымі на ўсё на свеце! Таму ў рубрыцы нашы гераіні на працягу тыдня выконвалі пастаўленыя ім задачы: засвоіць навык, увесці новую звычку і гэтак далей. Шчыра спадзяемся, што нашым праектам атрымалася кагосьці натхніць на здзяйсненне сваіх жаданняў!, – расказала пра асаблівасць свайго часопіса Анастасія Сталярчук, студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.

Калі ў намінацыі «Фотапраект» нешта і застаецца нязменным, дык гэта яе асаблівая, амаль сямейная ўтульнасць. Гэта прастора, дзе ўдзельнікі абмяркоўваюць ідэі, разам шукаюць нечаканыя ракурсы і вучацца адзін у аднаго. Аднак за гэтай знешняй стабільнасцю хаваецца рух наперад: прафесіяналізм канкурсантаў расце з кожным годам.

Работы становяцца ўсё больш прафесійнымі. Асабліва цікава назіраць за тымі ўдзельнікамі, якія не ўпершыню становяцца канкурсантамі «Медыясферы». Так, у нашай намінацыі ёсць удзельніца Вікторыя Калівошка, якая ўжо 4 гады запар прыязджае да нас. І кажа, што на гэтым не плануе спыняцца. Таксама хачу адзначыць пазітыўную тэндэнцыю – удзельнікі працуюць з фарматамі. Гэта не толькі рэпартажныя фота, але і праектныя работы. Яны патрабуюць дадатковага рэсурсу для падбору лакацыі, выбару касцюма, пабудовы кадра. Адчуваецца вялікі ўклад у праектную работу. У нас ёсць прыклад, калі ўдзельнікі спецыяльна ў форме сэрца выраблялі люстэрка, каб праз адлюстраванне беларускага неба метафарычна паказаць прыгажосць роднай зямлі,– адзначыла Кацярына Касцюшка, старшы выкладчык кафедры журналістыкі.

Нават пасля абароны праектаў творчы імпэт ня згас! Удзельнікаў чакаў спрынт «ТВой ПОГЛЯД». Усіх канкурсантаў загадзя размеркавалі на 10 каманд. Галоўная ўмова – не працаваць са сваімі звычайнымі калегамі, бо «Медыясфера» – гэта пра новыя знаёмствы і абмен досведам. Задача адразу заінтрыгавала ўдзельнікаў. За некалькі гадзін (і адну бяссонную ноч) трэба распрацаваць канцэпцыю маладзёжнага відэапраекта для тэлевізійных СМІ. Галоўнае – зрабіць усё крэатыўна, нова і эмацыйна! Ужо праз некалькі хвілін пачалася актыўная генерацыя ідэй: удзельнікі горача спрачаліся, перапісвалі сцэнары і шукалі тыя самыя сэнсы, якія зачэпяць сучасную моладзь. Бо хто, як не яны самі, ведаюць, якога журналіста сёння хочацца бачыць у кадры і развагі на якія тэмы слухаць?

Праз дзве гадзіны ў большасці каманд ідэі былі ўжо аформлены, але наперадзе чакаў наступны этап – здымка промароліка. Калідоры галоўнага корпуса ператварыліся ў адну вялікую здымачную пляцоўку: нехта працаваў з мікрафонам, нехта выстаўляў святло, а хтосьці ўпершыню спрабаваў сябе ў ролі мантажора ці акцёра. Асабліва каштоўнай стала атмасфера падтрымкі: вопытныя студэнты дзяліліся прафесійнымі лайфхакамі са школьнікамі, а тыя, у сваю чаргу, дадавалі ў праекты сваю непасрэднасць і свежыя ідэі. Побач заўсёды былі выкладчыкі кафедры журналістыкі – яны дапамагалі дапрацаваць канцэпцыі да ідэалу. Думаецца, гэта і ёсць тое самае плённае супрацоўніцтва, да якога імкнуліся арганізатары!

Якія новыя фарматы прыдумалі ўдзельнікі? Гэта і ток-шоу, у якім даюць карысныя парады зумерам, і новы фармат навін, здольных затрымаць маладзёжную аўдыторыю, і сапраўдныя тэледыскусіі! І нават рэаліці-шоу!

Кульмінацыяй свята стала цырымонія ўзнагароджання. І хоць дыпломы атрымалі не ўсе, пераможцам стаў кожны, хто адважыўся прадставіць свой праект. «Медыясфера» – гэта прастора смелых ідэй і новых знаёмстваў, якая заўсёды адкрыта для тых, хто шчыра любіць сваю справу!

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота Анастасіі АРЫНОВІЧ
і студэнцкага медыяцэнтра.

Поделиться