МАСТАЦТВА НЕЧАКАНЫХ СУВЯЗЕЙ

На вашую думку, чым могуць быць аб’яднаны золата, срэбра і 15 коней? Пакуль вы шукаеце адказ, мы прапануем пазнаёміцца з праектам, які якраз знаходзіць такія незвычайныя сувязі. «СІНТАКСІС» – інтэрактыўны праваднік па культурным кодзе беларускіх брэндаў! Стварыла яго крэатыўная каманда студэнтаў, якая не толькі засвоіла мастацтва ўсталявання нечаканых сувязей, але і прадставіла свае распрацоўкі на рэспубліканскім конкурсе. Давайце пацікавімся дэталямі!

Вясной у Мінску прайшоў заключны этап ІІІ Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу аналітычных праектаў і даследаванняў. Купалаўскі ўніверсітэт на ім годна прадставілі студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, факультэта матэматыкі і інфарматыкі, а таксама юрыдычнага факультэта. Каманда студэнтаў спецыяльнасцей «Журналістыка» і «Інфармацыя і камунікацыя» прэзентавала журы вынікі сваёй конкурснай работы, прысвечанай тэме «Сімвалічны капітал беларускай культуры як фактар кіравання спажывецкімі паводзінамі студэнцкай аўдыторыі ў адносінах да нацыянальных брэндаў».

Вы толькі ўявіце каманду, якая гарыць ідэяй, поўная ведаў і не баіцца эксперыментаваць! Гэтыя восем энтузіястаў – Кацярына Даміно, Валерыя Каваленка, Мікіта Крываблоцкі, Юліана Лойша, Іван Музычка, Ульяна Салома, Дар’я Усс і Арына Хілюта – уклалі ў праект усе свае веды і ўменні. І, вядома, такую грунтоўную працу не маглі б стварыць без парад і падтрымкі выкладчыкаў: загадчыка кафедры журналістыкі Іны Мінчук і дацэнта кафедры журналістыкі Ірыны Герасімчык.

Зацікаўленасць медыя, дызайнам і маркетынгам натхніла каманду на стварэнне кантэнту, які аб’ядноўвае беларускія тавары з гісторыяй і культурай краіны. Штуршком да развіцця задумы ў гэтым накірунку стала рэспубліканская акцыя «Кожная пятніца – роднае, сваё». Так і нарадзілася ідэя междысцыплінарнага даследавання.

З урокаў па мове ўсе ведаюць, што сінтаксіс – гэта раздзел мовазнаўства, які вывучае правілы злучэння слоў у словазлучэннях і сказах. І мы камандай вырашылі, што гэта выдатнае апісанне для нашага праекта! Бо мы якраз знаходзім самыя нечаканыя і цікавыя сувязі, – патлумачыла сэнс назвы праекта Кацярына Даміно.

Ідэя праекта заключаецца ва ўсталяванні сувязей паміж сучасным вобразам прадукту і нацыянальнай культурай. Быццам сапраўдныя даследчыкі, студэнты аналізуюць афармленне беларускіх брэндаў і расшыфроўваюць захаваныя ў ім пасланні. Яны «чытаюць» назвы нацыянальных тавараў і «перакладаюць» іх на мову гісторыі, літаратуры і мастацтва, а таксама «расстаўляюць знакі прыпынку там, дзе імя брэнда сустракаецца з гісторыяй, а дызайн напаўняецца энергіяй культуры». Праект прадугледжвае падарожжа-даследаванне па 5 узроўнях і знаёмства з 50 беларускімі брэндамі!

Як гэта адбываецца? Багацце рубрык праекта (а іх сапраўды шмат: #імя_ўласнае, #злучальная_сувязь, #сімвал_раскажа, #усе_дарогі_вядуць, #каханне_гэта, #відавочнае_неверагоднае) дазваляе стваральнікам расказваць пра знакамітых асоб, аб’екты мастацтва і культурныя коды. І, канешне, знаёмяць з таварамі, на якіх можна знайсці гэтыя сімвалы або імёны. Зможаце адразу прыгадаць, які прадукт харчавання названы імем, што азначае «той, хто шмат думае»? Гэта імя – Міндоўг. І вядомы пад ім не толькі князь, але і сыр!

Пляцоўкай для рэалізацыі праекта быў абраны Instagram. Усё ж такі аўдыторыя – моладзь, таму камунікаваць з ёю больш зручна ў сацыяльных сетках. Напрыклад, задаваць пытанні пра любімыя прысмакі або песні «Песняроў» і прапаноўваць дзяліцца ідэямі для рубрыкі #каханне_гэта. Акрамя таго, пляцоўка ідэальна падыходзіць для публікацыі яскравых картак, якія каманда стварае ўласнаруч!

Для ўдзелу ў заключным этапе конкурсу студэнтам трэба было прайсці рэгіянальны адбор. Мікіта Крываблоцкі, які абараняў праект, падзяліўся сваімі эмоцыямі:

На абласным этапе было шмат праектаў. Студэнты выступалі як камандамі, так і індывідуальна. На рэспубліканскім ужо абаранялі свае распрацоўкі толькі 5 каманд з усёй Беларусі. І мы былі ў іх ліку. На абароне эксперты задалі ўсяго адно пытанне: «Ці не думалі вы пра экспартаарыентаванасць беларускіх тавараў у межах свайго праекта?». Вядома, мы думалі ў гэтым накірунку, бо якраз дзякуючы нашаму праекту людзі з іншых краін таксама змогуць пазнаёміцца з нашай неверагодна цікавай культурай і гісторыяй!

А цяпер вернемся да загадкі. Гэтая рэч мужчынскага гардэробу каштавала як 15 пародзістых коней. На яе выраб патрэбна было 200 грамаў золата і 60 – срэбра. Гэта… Слуцкія паясы! Каманда «СІНТАКСІС» падрыхтавала яшчэ шмат цікавостак, якія вы зможаце знайсці на @sintaksis_by. Стваральнікі пераконваюць, што незвычайных сувязей будзе яшчэ больш! А вось саму каманду ў жніўні будзе чакаць Летняя школа маладога аналітыка на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота з архіва герояў

Поделиться

Вам может также понравиться...