ШЧЫРЫЯ РАЗМОВЫ ПРА ВАЖНЫЯ РЭЧЫ

З 12 сакавіка па 3 красавіка Купалаўскі ўніверсітэт стаў пляцоўкай для адкрытага дыялогу паміж купалаўцамі. Рэктар Ірына Кітурка сустрэлася са студэнтамі і выкладчыкамі ўсіх факультэтаў, каб пачуць кожнага і разам зазірнуць у будучыню. Навуковыя пошукі, смелыя моладзевыя праекты, лічбавізацыя навучання і развіццё новых спецыяльнасцей – гэтыя сустрэчы сталі прасторай, дзе нараджаліся актуальныя ідэі і перспектыўныя прапановы. Давайце даведаемся, што хвалюе сучасных студэнтаў і якіх вяршынь рэктар жадае дасягнуць купалаўцам.

На сустрэчы з кожным факультэтам Ірына Кітурка з гонарам адзначала, што гэты год стаў надзвычай паспяховым для ўніверсітэта: у пяты раз купалаўцы сталі лаўрэатамі «Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці», у чарговы раз занялі высокія пазіцыі ў рэйтынгах беларускіх ВНУ. Асаблівым дасягненнем стала рэкордная колькасць замежных студэнтаў – больш за 2,5 тысячы чалавек, што сведчыць аб вядомасці брэнда Купалаўскага ўніверсітэта далёка за межамі краіны. Але гэтыя дасягненні – не выпадковасць. Яны фарміруюцца дзякуючы штодзённай працы студэнтаў, выкладчыкаў і ўсяго калектыву. Разуменне таго, што за кожнай высокай лічбай у рэйтынгу стаіць асоба, зрабіла дыялог яшчэ больш адкрытым і даверлівым.

Надзвычай кранальным стаў зварот рэктара да студэнтаў: «Будзьце прагнымі. Прагнымі да жыцця. Прагнымі да ведаў». Ірына Кітурка яшчэ раз нагадала, што ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі: для тых, хто марыць танцаваць, спяваць ці праяўляць сябе ў спорце, адчынены дзверы шматлікіх калектываў і секцый. Галоўнае – не губляць магчымасцей і не адкладваць жыццё на заўтра. Бо менавіта студэнцтва – гэта самы шчаслівы час, і важна пражыць яго так, каб потым не прыйшлося шкадаваць.

Асобны акцэнт Ірына Кітурка зрабіла на важнай задачы – стварэнні новых, захапляльных праектаў. Бо хто, як не самі студэнты, могуць падказаць, чаго менавіта ім не хапае? Напрыклад, вядомая і любімая многімі вечарына «Ноч Alma mater» у 2019 годзе ўпершыню прагучала як ідэя ад студэнтаў факультэта фізічнай культуры. Сёння гэтае мерапрыемства – адно з самых чаканых для ўсіх купалаўцаў. Таму, калі ў вас ёсць задума, якая нават падаецца дзіўнай, – не маўчыце! Абмяркоўвайце яе ў групе, на факультэце ці ў зямляцтве. Магчыма, менавіта ваша прапанова пасля сумеснай дапрацоўкі зробіць студэнцкае жыццё яшчэ больш насычаным.

Наша агульная задача – імкнуцца, каб імя Купалаўскага ўніверсітэта гучала як мага званчэй. Вось Мар’я Мацюк, наша студэнтка, перамагла ў конкурсе «100 ідэй для Беларусі» і на рэспубліканскім узроўні праславіла наш універсітэт. Але яшчэ вельмі важна стварыць умовы ва ўніверсітэце, каб вам было па-сапраўднаму цікава вучыцца. Ведаеце, ёсць выраз: «Хочаш быць шчаслівым – будзь ім». Памятайце, што ваша шчасце і ваш унутраны стан у першую чаргу залежаць ад вас саміх, – адзначыла Ірына Фёдараўна.

Студэнты падтрымалі настрой рэктара і падчас сустрэч актыўна прапаноўвалі ініцыятывы па паляпшэнні навучальнага працэсу і вырашэнні арганізацыйных пытанняў. Так, на інжынерным факультэце студэнты закранулі тэму залішняй бюракратыі пры атрыманні даведак: «Ці можна зрабіць так, каб мы не стаялі ў чэргах у дэканат, не пісалі заявы ад рукі? Было б зручна адпраўляць запыт праз асабісты кабінет, а пасля атрымліваць паведамленне, што даведка гатова, і яе можна забіраць». Як высветлілася, тэхнічных перашкод для гэтага няма. Чаму ж гэтага не зрабілі раней? Адказ просты: да гэтага моманту ніхто не агучваў праблему. Цяпер пытанне вырашана – новая сістэма запрацуе ўжо з верасня.

Не менш цікавая прапанова прагучала на фізіка-тэхнічным факультэце. Студэнты звярнулі ўвагу на тое, як працуе сістэма рэйтынгу: каб пацвердзіць свой удзел у мерапрыемстве, трэба загрузіць у асабісты кабінет копію загаду. Толькі ўзнікае праблема: што ж адбываецца з серверам, калі 2 тысячы студэнтаў замацоўваюць адзін і той жа дакумент? Ён папросту перагружваецца. Як альтэрнатыву студэнты прапанавалі сучаснае рашэнне: выводзіць у канцы кожнага мерапрыемства QR-код. Пасля яго сканавання звесткі пра ўдзел будуць аўтаматычна заносіцца ў базу дадзеных для рэйтынгу. Гэта не толькі разгрузіць серверы, але і значна паскорыць працэс для саміх студэнтаў.

Таксама студэнты з імпэтам абмяркоўвалі будучыню: укараненне штучнага інтэлекту ў навучальны працэс і агульны ўзровень лічбавізацыі ўніверсітэта. Разам з рэктарам разважалі над тым, якім стане кожны факультэт да 2030 года. Асаблівая ўвага была звернута на падтрымку таленавітай моладзі: гучалі пытанні пра працу спецыяльнага фонду, акадэмічную мабільнасць і перспектывы навучання ў магістратуры. Не абышлося і без асабістых пытанняў да Ірыны Фёдараўны. Студэнтаў цікавіла, якім дасягненнем рэктар ганарыцца больш за ўсё. Адказ быў лаканічным, але вельмі змястоўным:

Кожны дзень – гэта маленькая кропля ў агульнай справе, якая з цягам часу ператвараецца ў значны вынік. Я ганаруся кожным днём, бо кожны з іх прыносіць нешта каштоўнае ў скарбонку нашага ўніверсітэта.

Асабліва значнымі падобныя сустрэчы сталі для першакурснікаў. Магчымасць пазнаёміцца з рэктарам – гэта не толькі каштоўны вопыт, але і важны крок да разумення ўніверсітэцкай супольнасці.

Я не ўпершыню на сустрэчы з Ірынай Фёдараўнай, але кожны раз прыемна здзіўляюся таму, наколькі шчырай і нефармальнай можа быць атмасфера. Нам звыкла бачыць рэктара ў афіцыйным статусе, а тут атрымаўся жывы дыялог на роўных. Сёння я пачула вельмі важную думку: дапамогу заўсёды можна знайсці, галоўнае – папрасіць яе ў патрэбных людзей. Мне як першакурсніцы вельмі важна ведаць, што нягледзячы на вялікую колькасць студэнтаў, наш рэктар застаецца адкрытай для зносін і гатовай падтрымаць кожнага купалаўца нават у самай складанай сітуацыі. Асабліва падкупляе тое, што Ірына Фёдараўна імкнецца быць з намі «на адной хвалі». Для яе няма бар’ераў, таму напісаць ёй можна нават у TikTok! Пасля такіх сустрэч прыходзіць усведамленне: універсітэт – гэта месца, дзе цябе чуюць, – падзялілася сваімі ўражаннямі Анастасія Макарава, студэнтка 1 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.

І, канешне, Ірына Кітурка яшчэ раз нагадала ўсім студэнтам, чаму выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы лічаць сябе па-сапраўднаму шчаслівымі:

Вы глыбока памыляецеся, калі думаеце, што толькі мы вучым вас – насамрэч, мы самі шмат чаму вучымся ў вас. Дзякуй за вашу неабыякавасць і крэатыў! Дзякуй за тое, што заўсёды адгукаецеся на нашы ініцыятывы і з такім імпэтам ствараеце ўласныя традыцыі.

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота Анастасіі АРЫНОВІЧ

Поделиться

Вам может также понравиться...