УСЁ ТОЛЬКІ ПАЧЫНАЕЦЦА!

Купалаўскі ўніверсітэт у чарговы раз адпускае ў самастойнае жыццё сваіх выхаванцаў. Выпускнікі кружацца ў віхуры развітальных баляў і запамінаюць апошнія імгненні студэнцтва. Давайце разам з імі адчуем усю прыгажосць найлепшых юнацкіх гадоў!

Першае хатняе заданне, першы залік і першая сесія… Першы выхад на знакамітую сцэну на Леніна, 32 і творчы калектыў, першы навуковы артыкул і курсавая праца. Столькі ўсяго ў сценах Купалаўскага ўніверсітэта для кожнага адбываецца ўпершыню! Аднак побач з «першым» заўсёды непазбежна крочыць «апошняе»: апошняя лекцыя, апошні экзамен… І апошняя навуковая праца ў статусе студэнта – дыпломны праект. Наперадзе выпускнікоў чакаюць новыя вышыні, але ўжо прафесійныя. Камусьці давядзецца будаваць дамы і ўзводзіць масты, камусьці – рабіць адкрыцці ў навуцы, а хтосьці будзе асвятляць гэтыя падзеі на старонках газет. Нехта адправіцца ў школы, каб трансляваць каштоўнасці новаму пакаленню, якое праз некалькі гадоў таксама атрымае вышэйшую адукацыю і працягне несці святло ведаў надалей. Але ўсё гэта будзе заўтра.

Наша гісторыя!

У сонечны чэрвеньскі дзень Мінскі футбольны манеж ператварыўся ў сапраўдную кінапляцоўку! Тры тысячы найлепшых выпускнікоў з усіх куткоў краіны сабраліся разам, каб перагарнуць важную старонку жыцця. Кожны ўдзельнік Рэспубліканскага балю адчуў сябе галоўным героем уласнага фільма, які на некалькі гадзін вярнуў іх у самыя яркія і незабыўныя моманты студэнцтва. У гэтай святочнай атмасферы сярод лепшых выпускнікоў адпачывалі і купалаўцы!

Урачыстую частку адкрыў Міністр адукацыі Андрэй Іванец, які зачытаў прывітальны адрас Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі: «Прыйшоў час ставіць новыя мэты, ствараць грунтоўную аснову будучыні – годнай і абавязкова шчаслівай», – адзначыў кіраўнік краіны. Прэзідэнт перакананы: назапашаныя веды, памножаныя на імкненне ўдасканальвацца, прывядуць выпускнікоў да вяршыняў прафесійнага майстэрства.

Аб чым марылі і чаго чакалі ад гэтага маштабнага свята самі героі дня? Арцём Булгакаў, выпускнік факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, перад пачаткам балю не хаваў энтузіязму:

Чакаю ад свята моцнага зараду энергіі і яркіх эмоцый. Быць сярод лепшых выпускнікоў краіны – вялікая адказнасць і стымул рухацца далей. Разлічваю сустрэць аднадумцаў з усёй рэспублікі, абмяняцца планамі на будучыню і проста адпачыць.

З Арцёмам згодны і Багдан Дудаль, выпускнік юрыдычнага факультэта:

З нецярпеннем чакаю выпускнога, бо зусім хутка мы станем часткай вялікай гісторыі. Рэспубліканскі баль аб’яднае кожнага з нас і напоўніць сэрцы цёплымі ўспамінамі, якія мы беражліва пранясем праз усё жыццё. Упэўнены, што ўсё пройдзе на высокім узроўні, бо мы самі ствараем найлепшыя моманты свайго жыцця.

Калі афіцыйная частка скончылася, у манежы запанавала атмасфера сапраўднага свята. Выступленні танцавальных калектываў і яркія вакальна-харэаграфічныя нумары паднялі настрой кожнаму! Хлопцы і дзяўчаты ахвотна далучаліся да выступленняў, спявалі разам з артыстамі любімыя трэкі і дзяліліся шчырымі эмоцыямі. Гэты вечар стаў цудоўным сімвалам іх маладосці, энергіі і новых пачынанняў!

Першыя пагоны і лейтэнанцкі вальс

Сёлетні 16-ы выпуск лейтэнантаў надоўга запомніцца ўсім. Чаму? Бо гэтым разам ён атрымаўся сапраўды асаблівым. Адразу два курсанты атрымалі залатыя медалі і дыпломы з адзнакай – лейтэнант Вікторыя Яроміна і лейтэнант Яўгеній Хадарцэвіч. Аднак і гэта яшчэ не ўсё! Упершыню рады афіцэрскага корпуса папоўнілі дзяўчаты, і ўпершыню адразу дзве сямейныя пары адпраўляюцца на месца службы. Высокі ўзровень падрыхтоўкі курсантаў і ўнікальнасць гэтага выпуску адзначыў госць мерапрыемства – першы намеснік начальніка тылу – начальнік штаба тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-майор Аляксандр Масолаў:

Таварышы лейтэнанты, сёння Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў чарговы раз прыўзняў планку. Колькі разоў гучала слова «ўпершыню»! Мы чакаем вас у нашых калектывах аднадумцаў па забеспячэнні ваеннай бяспекі нашай дзяржавы. Дакладна падставім плячо на першых парах, і, я думаю, служба ваша пойдзе так, як трэба. Са святам!

На пытанне аб тым, якімі Аляксандр Масолаў бачыць выпускнікоў праз 5–10 гадоў, генерал-майор адказаў з надзеяй на найлепшае:

Канешне, я хацеў бы бачыць іх прадаўжальнікамі ваеннай службы, каб у іх усё атрымлівалася. Каб была кар’ерная лесвіца – як кажуць, «благі той афіцэр, які не марыць стаць генералам».

Усяго дыпломы і першыя пагоны атрымалі 18 спецыялістаў па тылавым забеспячэнні войскаў і 3 спецыялісты па фізічнай падрыхтоўцы ваеннаслужачых. За плячыма хлопцаў і дзяўчат – гады плённай вучобы, палявых выхадаў і паспяхова здадзеныя дзяржаўныя экзамены. Падчас урачыстасці лейтэнанты прынялі Кодэкс гонару афіцэра і пацвердзілі сваю гатоўнасць адправіцца да месцаў службы ў самыя розныя куткі нашай краіны.

Самі маладыя афіцэры прызнаюцца, што гады навучання праляцелі як адно імгненне. Аднак вопыт і веды, атрыманыя за чатыры гады на ваенным факультэце, стануць надзейнай апорай у іх адказнай дзейнасці. Сваімі эмоцыямі падзялілася медалістка, лейтэнант Вікторыя Яроміна:

Курсанты старэйшых курсаў нам казалі: «Запамінайце гэтыя моманты, бо час праляціць вельмі хутка, і вы не заўважыце, як станеце афіцэрамі». І вось я стаю зараз тут і разумею, наколькі гэтыя словы праўдзівыя. Усё праляцела як адно імгненне. Факультэт выхаваў у нас афіцэрскія якасці, з якімі мы надалей будзем ісці па жыцці.

А лейтэнант Барыс Бараноўскі, які атрымаў размеркаванне ў 11-ю асобную механізаваную брыгаду ў Слоніме, з упэўненасцю глядзіць у сваю прафесійную будучыню:

Чатыры гады мы набывалі веды і засвойвалі новыя прафесійныя навыкі, якімі зараз будзем карыстацца на службе. Я думаю, у нас усё атрымаецца, бо ў Купалаўскім універсітэце працуюць самыя прафесійныя выкладчыкі і кіраўнікі. Менавіта яны падрыхтавалі нас да таго, каб з гонарам выконваць абавязак перад Радзімай і абараняць яе.

Шчыра прагучалі словы начальніка ваеннага факультэта, палкоўніка Генадзя Песляка:– Хацелася б выказаць словы ўдзячнасці як выпускнікам, так і іх бацькам. За тое, што чатыры гады таму яны абралі самую патрэбную і важную прафесію – абараняць Радзіму. На працягу ўсяго гэтага перыяду яны сталі згуртаваным калектывам. А выкладчыкі не толькі перадавалі свае прафесійныя веды, але і ўклалі ў кожнага курсанта душу. Мы з упэўненасцю можам сказаць, што падрыхтавалі дваццаць аднаго патрыёта, здольнага заняць сваё месца і паспяхова справіцца са сваімі абавязкамі.

Хочацца пажадаць, каб служба маладых афіцэраў была лёгкай і, самае галоўнае, праходзіла пад мірным небам! – адзначыла рэктар Ірына Кітурка.

Купалаўскае сузор’е

Штодзень купалаўцы даказваюць сваю выключнасць у творчых імпрэзах, інтэлектуальных турнірах і спартыўных спаборніцтвах. Яны нястомна працуюць над сабой, гартуюць характар і робяць усё, каб учарашні першакурснік сёння мог ганарыцца сваімі дасягненнямі. За гэтыя намаганні студэнты атрымліваюць не толькі глыбокія веды, карысныя знаёмствы і каштоўныя прафесійныя навыкі, але і ўзнагароды. Адной з такіх становіцца запрашэнне на рэктарскі баль.

У святочны і важны дзень рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, якую студэнты з любоўю называюць сапраўднай «GRSU-матуляй», не змагла стрымаць слёз:

Я згадваю, як, здаецца, зусім нядаўна, чатыры гады таму, мы сустракаліся з вамі на першай лекцыі «Універсітэт вашых магчымасцей». І тады я казала вам: «Будзьце смелымі! Не заставайцеся ў баку!». Універсітэт стварае ўсе ўмовы для таго, каб вы здолелі ператварыцца ў сапраўдных зорак. Калі зоркі запальваюцца, значыць, гэта камусьці патрэбна. А мы іх запальваем мэтанакіравана. Мы працуем дзеля гэтага разам з вамі. Зрабіце так, каб вашае жыццё было яркім, і каб тая зорка, якая загарэлася ў Купалаўскім універсітэце, вашая зорка, ззяла як мага ярчэй!

Сімвалічным момантам свята стала тое, што кожны выпускнік атрымаў уласную «зорачку» з парадай: «Жыві па сумленні, не бяры чужога і нічога не бойся». Гэты просты наказ некалі самой Ірыне Фёдараўне дала яе бабуля, а сёння рэктар перадала яго выпускнікам.

Да віншаванняў далучыліся і ганаровыя госці: кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Зоя Кулеша, дырэктар – галоўны рэдактар тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс» Сяргей Мазайла і намеснік начальніка Гродзенскай рэгіянальнай мытні Юрый Савіцкі.

Самым шчымлівым імгненнем балю стаў выхад выпускнікоў разам з бацькамі. Менавіта таты і мамы былі надзейнай апорай для студэнтаў на працягу ўсіх гадоў навучання. Яны дапамагалі парадамі і верылі ў сваіх дзяцей нават тады, калі тыя ставіліся да сябе занадта крытычна. Для бацькоў іх дзеці заўсёды застануцца найлепшымі. Таму іх сэрцы перапаўняе ўдзячнасць універсітэту, які дапамог маладым людзям знайсці свой шлях у жыцці. Ад імя ўсіх бацькоў за нястомную працу і клопат выкладчыкаў шчыра падзякаваў бацька Франсіска Мануэля Руіса Эрнандэса, выпускніка юрыдычнага факультэта з Венесуэлы. Пераклад з іспанскай мовы рабіў сын:

Благодаря вашему труду наши дети стали настоящими профессионалами. На протяжении 4-х лет вы их обучали, и сегодня они уже готовы ко взрослой жизни. Я преодолел тысячи километров, чтобы оказаться здесь. Теперь часть моего сердца навсегда останется в Гродно. Огромное спасибо Купаловскому университету, спасибо Беларуси!

Пасля афіцыйнай часткі выпускнікоў чакалі энергічныя песні, нястомныя танцы і, вядома ж, смачны фуршэт. Але самае галоўнае – прадчуванне, што іх сапраўднае дарослае жыццё толькі-толькі пачынаецца. У гэты вечар кожнаму хацелася спыніць час і назаўжды захаваць у памяці кожнае імгненне: вось твой аднагрупнік жвава размаўляе з прыгожай дзяўчынай з юрыдычнага факультэта, а вось спявачка з факультэта эканомікі і кіравання ўжо запрашае ўсіх у самы цэнтр сцэны, каб разам раздзяліць гэтае шчасце…

Такім чынам, гэта апошнія дні выпускнікоў у статусе «студэнт». Аднак гэта далёка не апошняя сустрэча з універсітэтам. Родныя сцены заўсёды з цеплынёй будуць чакаць іх, таму пакінем смутак і ўпэўнімся яшчэ раз: у нашых выпускнікоў усё толькі пачынаецца!

Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ.
Фота з архіва ўніверсітэта

Поделиться