Аляксандр Горны: «Гістарычная навука – гэта прыемная залежнасць, ад якой вельмі цяжка пазбавіцца»
Дацэнту кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандру Горнаму прызначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як таленавітаму маладому вучонаму. Дасягненні стыпендыята маюць навуковую значнасць, атрыманыя вынікі выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе і практычнай дзейнасці сацыяльнай сферы Беларусі.
Сакрэтам свайго поспеху малады навукоўца Аляксандр Горны падзяліўся з чытачамі газеты “Гродзенскі ўніверсітэт”.
– Што стаіць за ўзнагародай стыпендыята?
– Вялікая працаздольнасць, якую я, несумненна, атрымаў у спадчыну ад бацькоў, лічу, прывяла мяне да поспеху. Акрамя таго, пытлівасць розуму, цікавасць да ўсяго новага, пастаяннае імкненне да ўдасканалення сваіх ведаў і сябе. Залог поспеху, думаю, таксама ў жаданні выйсці за межы нейкага вызначанага жыццёвага алгарытму. Дарэчы, маладым вучоным таксама раю не спыняцца на сваёй кандыдацкай дысертацыі, а пастарацца адразу забыцца пра яе пасля абароны і знаходзіць новыя праблемы для навуковага пошуку. Гэта ў прынцыпе тэндэнцыя і сучаснай сусветнай навукі. Я ўдзячны бацькам за тое, што яны прывілі прагу да ведаў, да гісторыі, сваім родным і блізкім і ўсім тым, хто мяне падтрымліваў у маіх памкненнях стаць навукоўцам. Усё гэта дае мне магчымасць і жаданне працягваць займацца навукай і не спыняцца на дасягнутым.
– Ці сустракаліся на Вашым навуковым шляху перашкоды і як Вы іх пераадольвалі?
– Хутчэй за ўсё гэта былі спакусы кінуць усё і проста застацца звычайным выкладчыкам. Але, напэўна, гэта не мая рыса характару. Я не змог так зрабіць, таму што глыбока ўкаранілася прага да навуковага пошуку. Былі і ёсць розныя прапановы, якія ніяк не звязаны з навукай, але я вызначыў для сябе прынамсі тое, чым буду займацца, акрэсліў першасныя пытанні, на якія акцэнтую ўвагу. Сучасны свет настолькі шматінфармацыйны, што за ім нельга паспець. Вось таму і неабходна вылучаць для сябе, што важна.
– Як праходзіць Ваш звычайны дзень?
– Мой працоўны дзень вельмі насычаны. Шмат часу адводжу на вучэбны працэс ва ўніверсітэце: падрыхтоўку да заняткаў, праверку студэнцкіх работ і г.д. Актыўна займаюся навуковай дзейнасцю. Зараз вучуся ў дактарантуры, рыхтую доктарскую дысертацыю, а гэта ў сваю чаргу патрабуе пастаянных паездак у архівы, удзелу ў канферэнцыях і іншых навуковых мерапрыемствах. Акрамя таго, займаюся грамадскай працай: з’яўляюся навуковым кіраўніком студэнцкага навуковага гуртка “НіКа” на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму, куратарам групы, узначальваю Савет маладых вучоных універсітэта. Усё гэта патрабуе штодзённай увагі. Ну і, безумоўна, займаюся самаадукацыяй, напрыклад, нядаўна атрымаў сертыфікат на валоданне англійскай мовай на ўзроўні В2. Акрамя таго, я маю сям’ю, дзяцей – дачку Адэлію і сына Адама. Бацькоўства, лічу, – самая галоўная адказнасць у жыцці. Як усё паспяваю? Кладуся спаць вельмі позна і прачынаюся вельмі рана. Увайшоўшы ў гэты рытм жыцця, мне ўжо вельмі цяжка з яго выйсці.
– Чым Вас прываблівае гістарычная навука?
– Даследаванне гісторыі – гэта, вобразна кажучы, мой крыж, які я з гонарам нясу. Гісторыкаў рухае пэўны інтарэс, яны хочуць дакапацца да ісціны, пашырыць свой кругагляд. Веданне гісторыі дазваляе лепей разумець сучаснасць. Прыадкрыю таямніцу: колькі мы ні вучымся гісторыі, але ўсё роўна паўтараем тыя самыя памылкі. Між іншым гісторыя дае нам магчымасць зразумець саміх сябе: хто мы, адкуль мы пайшлі, для чаго жывём. Напрыклад, зразумець, што мы, беларусы, маем сваю шматвекавую гісторыю – цікавую, насычаную, са сваімі ўзлётамі і падзеннямі. Да таго ж займацца даследаваннем гісторыі вельмі цікава і прэстыжна. Гісторыкі, быццам дэтэктывы, даследуюць, знаходзяць і ніколі не спыняюцца ў сваім жаданні адшукаць шмат новага і цікавага. Гісторыя вельмі зацягвае. Я захапіўся ёю з 1995 года, калі мне матуля купіла энцыклапедыю “Я познаю мир. История”. Займацца гісторыяй мне падабаецца яшчэ і таму, што маю шанец знаёміцца з вельмі цікавымі людзьмі – неардынарнымі асобамі, інтэлектуаламі сусветнай велічыні. Гэта адбываецца ў тым ліку і падчас паездак на розныя мерапрыемствы. Гісторыя стала часткай майго жыцця, без чаго сябе не ўяўляю. Навука выклікае залежнасць, ад якой пазбавіцца вельмі цяжка. Я ніколі не сустракаў гісторыкаў, якія б, пакінуўшы навуку, сталі інжынерамі, але я бачыў інжынераў, хімікаў і прадстаўнікоў іншых прафесій, якія сталі гісторыкамі.
– Якія накірункі Вас цікавяць больш за ўсё?
– Я працую ў розных гістарычных накірунках – гэта гісторыя беларускага нацыянальнага руху і нацыянальнай ідэі, царкоўная гісторыя. Вынікам гэтай працы стала выдадзеная ў 2019 годзе кніга пад назвай “Вячаслаў Багдановіч. Царква і дзяржава. Выбраныя артыкулы і прамовы”, з прэзентацыяй якой я ездзіў па розных гарадах і вёсках Беларусі. Кніга змяшчае ў сабе збор твораў Вячаслава Багдановіча. Я выступаў яе рэдактарам, каментатарам, укладальнікам, перакладчыкам з польскай мовы. Яна прызначана для святароў, семінарыстаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй.
– Як Вы лічыце, да чаго стымулюе ўзнагарода, якую атрымалі ў ліку таленавітых маладых вучоных і Вы?
– Безумоўна, маладыя навукоўцы заслугоўваюць узнагарод. Гэта вельмі матывуе працягваць далей свае навуковыя пошукі, у тым ліку гэта вялікая матэрыяльная падтрымка, бо, канешне, паездкі патрабуюць выдаткаў. Але перш-наперш узнагарода – гэта яшчэ і вялікая адказнасць перад Бацькаўшчынай, беларускім народам.
– Ці ёсць у Вас захапленні апроч навукі?
– Я займаюся спортам, найперш баскетболам, музыкай – іграю на флейце і гітары. Лічу, што музыка з’яўляецца вельмі важнай для людзей, якія займаюцца інтэлектуальнай працай. Яна дазваляе расслабіцца, дае лагічнасць у пабудове думак, удасканальвае наша светаўспрыняцце, дазваляе ўбачыць пашыраную карціну навакольнай рэчаіснасці. Калі я адчуваю стомленасць, то заўсёды іграю ці то на флейце, ці то на гітары. Акрамя таго, мяне захапляе беларуская літаратура. Ёсць жаданне прачытаць творы ўсіх беларускіх аўтараў, пакрысе я гэта ажыццяўляю. Найбольш падабаецца мемуарная літаратура з пункту гледжання не толькі даследчыка, але і абывацеля.
– Падзяліцеся, калі ласка, сваімі планамі.
– У бліжэйшы час хачу скончыць дактарантуру і абараніць доктарскую дысертацыю на тэму “Беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд”. Для гэтага патрэбна прааналізаваць велізарны аб’ём матэрыялу. Акрамя таго, ёсць некалькі праектаў па выданні кніг.
– Ці можаце назваць якасці, якія непазбежна прывядуць да поспеху?
– На маю думку, неабходнымі якасцямі з’яўляюцца крэатыўнасць, нестандартнасць, шчырасць. І не здзіўляйцеся, калі скажу, што гэта нонканфармізм – гатоўнасць, нягледзячы на ніякія абставіны, дзейнічаць насуперак меркаванню і пазіцыі іншых, гатоўнасць адстойваць строга супрацьлеглы погляд, рабіць тое, што астатнія не могуць альбо не хочуць. Калі ты шчыра адданы справе, апантаны ёю, то непазбежна дасягнеш поспеху!
Гутарыла Таццяна СУШКО.
Фота з асабістага архіва