Напярэдадні выпускнога балю студэнтка філалагічнага факультэта падзялілася сваімі ўражаннямі аб навучанні ў Купалаўскім універсітэце

Наталля Гузевіч, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта

“Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш”, – заўважыў класік нашай літаратуры Якуб Колас.

Сваю дарогу я выбрала, калі вырашыла стаць настаўнікам роднай мовы.

У школьныя гады мяне ўсё цікавіла, усе прадметы даваліся без асаблівых цяжкасцей. Але душу кранула роднае слова. Памятаю, марыла, што аднойчы зайду ў клас і з усмешкай скажу: “Добры дзень! Пачынаем урок!”

Яшчэ са школы ведала, што Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы стане тым самым месцам, дзе я змагу ажыццявіць свае мары і спадзяванні. Рашучым момантам стала тое, што, скончыўшы школу з залатым медалём, я змагла паступіць на абраную спецыяльнасць без экзаменаў.

У нашым універсітэце заўсёды рады раскрываць патэнцыял студэнтаў, якія імкнуцца пакарыць сцэну, вучаць быць актыўнымі, камунікабельнымі, творчымі асобамі. Я не пабаялася паказаць свае ўменні – і ўжо на 3 курсе стала пераможцам конкурсу “Студэнт года – 2019”. Увогуле, мне здаецца, што падчас навучання я не прапусціла ніводнага мерапрыемства.

“Горад Гродна. Ажэшкі, 22.

Тут лепшы ўнівер стаіць.

Стаць студэнтам года мару я,

Я ўсіх скару, змагу здзівіць”.

Нягледзячы на актыўны ўдзел у мерапрыемствах, я паспявала добра вучыцца і займацца навукова-даследчай дзейнасцю. Мне падабаецца трэніраваць свой розум. Менавіта гэта асноўная прычына, па якой я займаю першае месца ў сваёй навучальнай групе па сярэдняму балу залікоўкі. На маім даследчыцкім рахунку – тры публікацыі, і на гэтым я не збіраюся спыняцца.

І вось я ўжо выпускнік. Без сумнення магу сказаць, што студэнцкія гады – лепшыя гады! Зразумець на словах складана, трэба абавязкова гэта перажыць. Вядома, вучыцца трэба многа, пастаянна аддаваць час і сілы. Але мы, студэнты, заўсёды паспявалі павесяліцца, ладзілі сяброўскія вечарыны, выбіраліся на прыроду. Настрой заўсёды быў пазітыўным, і нават бяссонныя ночы і стомленасць не перашкаджалі нам наведваць лекцыі.

Памятаю сябе, калі толькі паступіла. Усё навокал здавалася такім нязвыклым. Ніколі не забуду як “трасліся ногі”, калі ўпершыню пераступіла парог універсітэта. Але за чатыры гады ён стаў для мяне родным месцам. Я буду памятаць усіх выкладчыкаў, нават тых, хто ставіўся да нас строга.

Упэўнена, я не памылілася ні з выбарам прафесіі, ні з выбарам ВНУ. Я змагу годна перадаць эстафету роднага слова наступным пакаленням беларусаў на іх дарозе ў будучыню. Магчыма, гэта прафесія не для меркантыльных. Магчыма, яна не прынясе значныя матэрыяльныя даброты, хоць і надзвычай адказная.

Але… Дзякуючы высокакваліфікаваным медыкам чалавек працягвае сваё жыццё. Дзякуючы спецыялістам па сельскай гаспадарцы чалавек жыве ў дабрабыце. А дзякуючы настаўнікам жыве неўміручасць ведаў і моц роднага слова, а значыць і сама нацыя.

“ГрДУ нас звязаў!

Казкаю нашай стаў! І што не кажыце – дам адразу адказ:

Дух Купалы – у кожным з нас”.

 Гэта словы з песні, якую я напісала падчас удзелу ў конкурсе “Студэнт года – 2019”. Менавіта ў іх адлюстраваны пачуцці, якія яшчэ доўгія гады будуць напаўняць маё сэрца.

Наталля ГУЗЕВІЧ, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта.

Поделиться

Вам может также понравиться...