Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка сустрэлася са студэнцкім актывам усіх факультэтаў
Падчас размовы рэктар адказала на пытанні студэнтаў, выслухала іх прапановы па ўдасканаленні не толькі адукацыйнага працэсу, але і арганізацыі пазааўдыторнай дзейнасці, падзялілася планамі і перспектывамі развіцця Купалаўскага ўніверсітэта.
Размова паміж кіраўніцтвам і студэнцкім актывам універсітэта ішла аб якасцях сучаснага спецыяліста, запатрабаванага на рынку працы, будучым універсітэта і новых адукацыйных магчымасцях, аб падтрымцы ініцыятыў студэнтаў у рэалізацыі праектаў і арганізацыі ўдзелу ў розных конкурсах, спаборніцтвах і канферэнцыях – для гэтага ў ГрДУ імя Янкі Купалы створаны і функцыянуюць Фонд падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі і Фонд інавацыйнага развіцця ўніверсітэта. Ірына Фёдараўна адзначыла, што з верасня бягучага года ў межах праекта “Універсітэт 3.0” у Купалаўскім універсітэце будуць адкрыты чатыры новыя спецыяльнасці, а на ўсіх спецыяльнасцях у вучэбную праграму ўвядуць адукацыйны модуль “Інавацыйнае прадпрымальніцтва”, што будзе садзейнічаць фарміраванню ў студэнцкай моладзі базавых кампетэнцый прадпрымальніцкай дзейнасці.
У ходзе сустрэчы закраналіся пытанні медыцынскага абслугоўвання студэнтаў, размеркавання месцаў у новым інтэрнаце, удзелу ў розных відах анлайн-тэсціравання і прэміравання за перамогу ў спартыўных спаборніцтвах.
Хвалявала Купалаўцаў і павелічэнне кошту навучання для студэнтаў платнай формы атрымання адукацыі – павышэнне да 10% ад існуючага кошту анансавалі ўсе вядучыя ўстановы вышэйшай адукацыі краіны. Ірына Фёдараўна адзначыла, што Купалаўскі ўніверсітэт таксама будзе вымушаны змяніць кошт навучання – з 1 красавіка 2020 года ў залежнасці ад спецыяльнасці яго плануецца павялічыць, але не больш, чым на 7%.
Таксама на сустрэчах абмяркоўваліся пытанні арганізацыі вытворчай практыкі і размеркавання студэнтаў. Купалаўцы выказалі жаданне падчас навучання больш часу праводзіць на вытворчасці. Рэктар адзначыла, што не пакіне дадзеную тэму без увагі, а таксама прапанавала студэнтам абмеркаваць яе са сваімі выкладчыкамі і дэканамі.
Неабходна адзначыць, што студэнты не толькі задавалі пытанні, але і прапаноўвалі палепшыць мабільны дадатак, павысіць хуткасць інтэрнэту ў вучэбным корпусе па вуліцы Захарава, а таксама аптымізаваць правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў для студэнтаў факультэта фізічнай культуры. Прагучала прапанова аб развіцці інфраструктуры корпуса па адрасе Курчатава, 1а: устаноўка пандуса, азеляненне тэрыторыі, павелічэнне колькасці парковачных месцаў на стаянцы. Ірына Кітурка адзначыла, што пандус будзе ўстаноўлены ў бліжэйшы час, а ў азеляненні тэрыторыі студэнты могуць прыняць актыўны ўдзел у межах суботнікаў. Адно з пытанняў тычылася замены ў буфетах універсітэта пластыкавага посуду на папяровы з мэтай захавання акаляючага асяроддзя. Як пракаментавала Ірына Фёдараўна, ужо закуплены папяровы посуд, і ў хуткім часе ён з’явіцца ў буфетах універсітэта і інтэрнатаў.
Студэнты зрабілі акцэнт на пытанні лагістыкі, у сувязі з тым, што вучэбны корпус на Гападарчай вуліцы
знаходзіцца ў аддаленай частцы горада, дзе не вельмі добра ходзіць транспарт. Па гэтай прычыне ўзнікае шэраг цяжкасцей з даездам на заняткі ці дамоў. Студэнты прапанавалі скласці заяўку на распрацоўку новага маршруту і накіраваць яе ў тралейбуснае ўпраўленне горада. Рэктар падтрымала ініцыятыву студэнцкай моладзі.
Адно з пытанняў, зададзеных студэнтамі ў межах адкрытага дыялогу, тычылася арганізацыі Рэктарскага балу для лепшых выпускнікоў, які праводзіцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы ўлетку, – рабяты выказалі жаданне, каб у дадзеным мерапрыемстве змаглі прыняць удзел і тыя студэнты, чый выпускны выпадае на зімовы перыяд часу.
Звярнуліся да рэктара пасродкам запісанага відэазвароту і Купалаўцы, якія зараз знаходзяцца ў адным з універсітэтаў Фінляндыі, дзе навучаюцца па праграме акадэмічнай мабільнасці. Студэнты цікавіліся, якімі значнымі рэалізаванымі праектамі ганарыцца іх родны ўніверсітэт, а таксама падзякавалі адміністрацыі ўніверстэта і рэктару Ірыне Кітурка за магчымасць атрымліваць унікальныя веды і вопыт.
Нагадаем, задаць пытанне рэктару можна ў любы момант анлайн на сайце ГрДУ імя Янкі Купалы grsu.by ў форме “Задаць пытанне рэктару”. Акрамя таго, у кожнага студэнта ёсць магчымасць выказаць свае прапановы наконт арганізацыі вучэбнага працэсу падчас анкетавання “Выкладчык вачамі студэнта”, якое праводзіцца па выніках семестра.
Марыя ПАНІЧАВА, Таццяна БАРАНОЎСКАЯ, Лізавета НАЎРОЦКАЯ