Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і культуры філалагічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава адсвяткаваў свой пяты Дзень нараджэння

12 снежня споўнілася пяць гадоў Цэнтру беларускай мовы, літаратуры і культуры, створанаму на філалагічным факультэце МДУ імя М.В. Ламаносава сумесна з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы.

Прафесар ГрДУ імя Янкі Купалы
Людміла Рычкова прадстаўляе матэрыялы,
падрыхтаваныя да 500-годдзя кнігадрукавання
ва ўсходніх славян і ролі дзеяча
эпохі Адраджэння Францыска Скарыны, 2017 г.

З гэтай нагоды 14 снежня адбылася анлайн-сустрэча арганізатараў і ўдзельнікаў Цэнтра, у якой прынялі ўдзел супрацоўнікі навуковай бібліятэкі і замежныя студэнты Купалаўскага ўніверсітэта. Падчас мерапрыемства было выказана шмат цёплых слоў усім, хто спрычыніўся да арганізацыі Цэнтра, абмяркоўваліся пытанні для далейшага супрацоўніцтва, а ўдзельнікі сустрэчы прачыталі вершы беларускіх пісьменнікаў.

У межах супрацоўніцтва ГрДУ імя Янкі Купалы для ўдзельнікаў Цэнтра на рэгулярнай аснове праводзяцца тэматычныя заняткі па беларускай мове, у тым ліку ў анлайн-фармаце. Навуковая бібліятэка штогод арганізуе конкурс «Пазнай Беларусь з намі», па выніках якога пераможцы маюць магчымасць стаць удзельнікамі Летняй школы беларускай мовы і культуры ГрДУ імя Янкі Купалы.

Дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы
Мікалай Грынько прадстаўляе выданні, якія перадаюцца ў дар Цэнтру беларускай мовы, літаратуры і культуры, 2017 г.

Папярэднія дамоўленасці пра адкрыццё ў Маскоўскім дзяржуніверсітэце Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры былі дасягнуты яшчэ ў 2016 годзе падчас сустрэч з прадстаўнікамі філалагічнага факультэта МДУ і ўзаемадзеяння ў рамках Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў. Трэба адзначыць, што дзейнасць Цэнтра супольна з ГрДУ імя Янкі Купалы спрыяе пашырэнню супрацоўніцтва і ўзаемакарысных кантактаў студэнтаў і выкладчыкаў дзвюх устаноў вышэйшай адукацыі. У межах дзейнасці Цэнтра запланаваны розныя мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне, равіццё і папулярызацыю беларускай мовы, літаратуры і культуры ў Маскве.

На сённяшні дзень Цэнтр прапануе фонд (звыш 4000 экз.), які фарміруецца ў адпаведнасці з адукацыйнымі праграмамі, навучальнымі планамі і тэматыкай навуковых даследаванняў кафедры гісторыі, сусветнай культуры i турызму і кафедры беларускай мовы і літаратуры МДУ імя М.В. Ламаносава.

У Цэнтры праводзяцца прэзентацыі навуковых і літаратурных выданняў, сустрэчы з беларускімі паэтамі і пісьменнікамі, навукоўцамі, гісторыкамі, супрацоўнікамі Нацыянальнага архіва РБ. З мэтай адлюстравання мерапрыемстваў вядзецца «Летапiс Цэнтра беларускай мовы i культуры».

Сімвалічным стала тое, што адкрыццё Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры адбылося ў паказальны для нашых народаў год. Так, у 2017 годзе на Беларусі шырока адзначалася 500-годдзе з дня заснавання ўсходнеславянскага друкарства, пачатага выбітным дзеячам эпохі Адраджэння Францыскам Скарынам, і 135-годдзе з дня нарэджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Аляксандра МІЛАШЭВІЧ, бібліятэкар 1 катэгорыі

Фота з архіва Цэнтра беларускай мовы,

літаратуры і культуры філалагічнага факультэта МДУ імя М.В. Ламаносава

Поделиться

Вам может также понравиться...