Святкаванне Вялікадня ва ўсходняй і заходняй хрысціянскіх традыцыях на Гродзеншчыне

З даўніх часоў беларусы адзначаюць Вялікдзень – свята, вядомае яшчэ ў дахрысціянскай традыцыі. У хрысціянстве яно прысвечана Уваскрасенню –паўстанню з мёртвых Хрыста і належыць да рухомых святаў, прыпадае на адрэзак часу з 4 красавіка па 8 траўня: на нядзелю пасля поўні за 21 сакавіка, днём веснавога раўнадзенства. Розніца дзён адзначэння ў праваслаўі і каталіцызме тлумачыцца адрозненнем Юліянскага і Грыгарыянскага календароў на 13 дзён і адпаведна ў даце наступлення поўні. У 30 адсотках выпадкаў даты святкавання Вялікадня ва ўсходняй і заходняй хрысціянскіх традыцыях супадаюць.

У далёкай старажытнасці свята адзначалася ў гонар Даждзьбога, бога Сонца, які сваёй сілай перамагаў цемру і яе ўладальніка Чарнабога. Як зазначаў даследчык фальклору Васіль Ліцьвінка, «у старажытнасці «Вялікі дзень» быў сустрэчай Новага года па сонечным календары і святкаваўся ў дзень веснавога раўнадзенства». Продкі сучасных беларусаў у барацьбе прыродных стыхій – холаду і цяпла, снегу і дажджу – бачылі змаганне добрых і злых у дачыненні да чалавека духоўных сіл, багоў. Перамога святла над цемрай адбывалася 21 сакавіка, калі ноч і дзень раўняліся па працягласці. Фалькларыст Адам Багдановіч, бацька паэта Максіма Багдановіча, у 1887 годзе пісаў пра старажытную традыцыю святкавання славянамі наступлення «вялікадней»: «Святкаванні наладжваліся на гарах і наогул на адкрытых месцах са шчодрымі ахвярапрынашэннямі для ўміласціўлення ўшанаваных імі багоў. І стары і малы скакалі праз агні ясненькія і ў заключэнне спальвалі ці тапілі чучала «Мару» – увасабленне зімы, цёмнага, злоснага пачатку». Падобныя святы адзначалі старажытныя егіпцяне, грэкі і іншыя народы. У Егіпце святкавалі паўстанне з мёртвых бога Асірыса і нават прамаўлялі ў гэты дзень «Асірыс уваскрос!». У хрысціянстве дні пасля веснавога раўнадзенства былі прымеркаваныя да смерці на крыжы і ўваскрасення Ісуса Хрыста.

Вялікадню папярэднічае Вялікі пост і Вербніца (дзень уваходу Гасподняга ў Іерусалім), якая прыпадае на апошнюю перадвелікодную нядзелю. Традыцыйна ў гэты дзень беларусы ішлі ў царкву і асвячалі распушчаныя галінкі вярбы, што сімвалізавала пальмавыя галінкі, якімі просты люд Іерусаліма вітаў Ісуса Хрыста. У беларускай народнай традыцыі з вярбой, у якой адной з першых раслін з’яўляюцца вялікія прыгожыя пухіры, звязваецца святкаванне веснавога ажыўлення прыроды, культ расліннасці. З фальклорных запісаў ХІХ стагоддзя вядома, што ў некаторых вёсках Гродзеншчыны ў царкву на асвячэнне прывозілі цэлае дрэва, нават з карэннем. І толькі пасля асвячэння сяляне адломвалі сабе пухнатыя галінкі. У хаце білі імі сямейнікаў і прыгаворвалі: «Вярба б’е, не я б’ю! За
тыдзень будзе Вялікдзень! Будзь здаровы, як вада! Будзь багаты, як зямля!». Цэлы год галінкі лічыліся надзеленымі цудадзейнаю сілаю.

Напярэдадні Вялікадня беларусы старанна рыхтаваліся да свята: прыбіралі двор і хату, вымывалі падлогу, абавязкова самі мыліся ў лазні, трымаліся строгага посту. У суботу ў «чырвоным» куце вешаліся на абразы свежыя набожнікі, а на вокны – чыстыя фіранкі. Фарбавалі яйкі ў звараным цыбульным шалупінні, гатавалі святочныя стравы, сярод якіх павінны былі быць каўбасы, смажанае мяса і іншая тлустая смакацень. Па сканчэнні паста ўсё гэта дазвалялася да ўжытку. І сёння рытуальная ежа асвячаецца святарамі ля храмаў. Людзі нясуць да цэркваў яечкі, пірагі, хлеб, соль і нават мясныя вырабы. Запальваюць свечку і з пашанаю чакаюць урачыстага моманту з’яўлення бацюшкі, асвячэння ежы да святочнага стала.

Велікоднае чырвонае яйка ўспрымалася сімвалам сусвету, «выратаваным крывёю Хрыста», пралітай на Галгофе. Нацыянальнай беларускай традыцыі характэрны таксама яйкі-маляванкі і яйкі-пісанкі. Яшчэ ў дахрысціянскай традыцыі іх клалі пад парог хлява перад першым веснавым выганам жывёлы, закопвалі на полі ў першую баразну, каб добрай была збажына і каб засцерагчыся ад злоснага чараўніцтва ведзьмакоў. Таксама ў памінальныя дні, на веснавыя дзяды – Радаўніцу, іх прыносілі на магілы продкаў у некаторых рэгіёнах Гродзеншчыны – сучасных Ваўкавыскім, Іўеўскім, Карэліцкім, Слонімскім раёнах.

Паводле Святога Пісання, у суботу цела Ісуса Хрыста пасля ўкрыжавання было перанесена ў пячору, уваход завалены вялізным каменем. У нядзелю Анёл абвясціў Маці Божай і жанчынам з ёй, што Хрыстос уваскрос. Ноч з суботы на нядзелю – святочная, усе вернікі ішлі ў царкву ці касцёл на «ўсяночную». Пасля набажэнства ў хаце, папярэдне памаліўшыся Богу, трэба было «разгавецца» за святочным сталом і пакаштаваць пасля сямітыднёвага посту самыя разнастайныя стравы, у тым ліку і тлустыя. Пачынаць святочнае застолле, лічылася, трэба з малітвы і ўжывання свянцонага чырвонага яйка. Вернікі цяпер ужо віталіся адзін з адным словамі: «Хрыстос уваскрос!». Адказвалі: «Сапраўды ўваскрос!».

Абавязковым на Гродзеншчыне было хаджэнне валачобнікаў. У народзе меркавалі, што такі абыход вёсак і гаспадарак паспрыяе ўраджайнасці, плоднасці жывёлы, засцеражэ хаты ад маланак, а збажыну ў летнюю пару ад граду. Валачобнікі заходзілі ў двары і выконвалі пад вокнамі песні, ухваляючы гаспадара, яго жонку і дзяцей. Сярод запісаў 1891 года Сяргея Карскага (не блытаць з Яўхімам Карскім) на паўночнай Гродзеншчыне можна ўбачыць наступныя песенныя радкі:

Добры гаспадару, васол дачакаўшы,
Дай табе Божа, добры гаспадару,
Сыны гадаваці й дамы будаваці,
Лічыць тысячамі, даваць мільёнамі.
Твае добры дзеткі, як у полі кветкі…

Часцей за ўсё радкі валачобных песень суправаджаліся прыпевам: «Хрыстос уваскрос, Сын Божы!», «Вясна красна, зялёна» і інш. Таксама папулярнай у Гродне і ваколіцах была песня з наступнымі радкамі:

Валачобныя –
Людзі добрыя.
Слава табе, Божа,
На ўвесь свет!
Валачыліся,
Памачыліся.
Дый зайшлі да бабці
Пасушыліся.
Дый дала бабка
Усім па яечку…

Розныя варыянты тэкстаў песень існавалі ў залежнасці ад звароту да дарослых гаспадароў хаты, да дачкі-прыгажуні ці хлапца-малайца. На агульным фоне ўсхвалення абавязкова прысутнічала просьба адорвання пачастункамі. Напрыклад, напрыканцы ХІХ стагоддзя на тэрыторыі сучасных Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў пры звароце да дзяўчыны спявалі:

Нашы боцікі патапталіся,
Пакуль да паненкі дапыталіся.
Дай нам, панна, ды не шкадуючы,
Каб мы пайшлі панну хвалячы.
Капу яек – на талерачку,
Каўбасою аблажыці,
Белым сырам завяршыці.
Чырвон злоты – нам на боты.

Гаспадары адорвалі падарункамі: фарбаванымі яйкамі, пірагамі, «пальцампханымі» каўбасамі і грашыма. Фалькларыст Уладзімір Сысоў сцвярджаў: «Варта зазначыць, што ў сусветнай традыцыйнай культуры валачобныя песні да гэтага часу захаваліся і зафіксаваны толькі ў беларусаў, што характэрна падкрэслівае нацыянальную
адметнасць нашай культурнай спадчыны».

У Гродне і ваколіцах на Вялікдзень папулярнай была гульня ў біткі. Два чалавекі стукаліся велікоднымі яйкамі. Чыё яечка паб’ецца, той аддае яго «пераможцу». Гульня і сёння шырока бытуе ў розных кутках Гродзенскай вобласці. Таксама «качалі яйкі з горкі». Пераможца той, у каго яйка скоціцца з горкі найдалей.

З далёкай старажытнасці ў беларусаў Гродзеншчыны захавалася варажба на Вялікдзень. Пажаданым было ўбачыць «гульню сонца», якое змяняе форму, пераліваецца, раскідваецца на маленькія сонейкі. Не кожнаму такое наканавана заўважыць! У некаторых мясцовасцях старыя людзі распавядалі, што ў сонцы можна ўбачыць уваскрослага Хрыста. Дзеля гэтага залазілі на званіцы цэркваў ці ішлі на пагоркі. Хто здолее згледзець, «як сонейка гуляе», чакае яго заможнасць і асабістае шчасце. Людзі казалі: «Гульня сонца да шчаслівых вяселляў!» Жанчыны, каб памаладзець, мыліся з посуду, у якім у ваду былі ўкінутыя залатыя і срэбраныя манеты альбо ўпрыгожанні і абавязкова свянцонае яйка. Таксама на другі дзень Вялікадня «наведвалі продкаў» на могілках, пакідалі ім пачастунак – чырвонае яечка, як сімвал паўстання з мёртвых. Дзеці з дапамогай старажытных абрадавых песень магічнага зместу заклікалі дождж, бо людзі ў даўнейшыя часы вельмі баяліся засух: не будзе ўраджаю – надыдзе голад.

Сярод простага люду існавала мноства прыкмет і павер’яў. Меркавалася, што з Вялікадня птушачкі пачынаюць спяваць, а зязюля кукуе толькі з Вялікадня і да Пятра, 12 ліпеня, «а пасля – ні дня». З’ясі яйкі на Вялікдзень, знесеныя курамі ў Страсны Чацвер, – год не будзеш хварэць. У даўно мінулыя часы на Гродзеншчыне існаваў звычай закопваць косці ад рытуальнай ежы па краях поля, што захоўвала ад граду і ведзьмакоўскіх заломаў – своеасаблівага чорнага магічнага дзеяння на знішчэнне ўраджайнасці жыта ці пшаніцы.

Наступныя значныя для беларуса святы пасля Вялікадня: Радаўніца або «веснавыя дзяды» праз 9 дзён і Тройца на 50-ты дзень. Фалькларыст Васіль Ліцьвінка сцвярджаў: «Вялікдзень, як ніякае другое свята, багата насычаны святочна-мастацкай культурай велічальнага, мажорнага, гімнічнага, жыццесцвярджальнага характару». І цяперашнім часам беларусы, якія належаць да розных хрысціянскіх канфесій, урачыста адзначаюць Уваскрасенне Хрыстова ў адпаведнасці з царкоўнай і нацыянальнай традыцыямі. Як і сотні гадоў таму на вялікіх абшарах Гродзеншчыны і сёлета будуць хадзіць валачобнікі і будзе чуваць: «Хрыстос уваскрос!» – «Сапраўды ўваскрос!».

Руслан КАЗЛОЎСКІ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, фалькларыст

Поделиться

Вам может также понравиться...