Навуковай бібліятэцы Купалаўцаў – 80: шлях ад скарбніцы ведаў да ўніверсальнай крыніцы інфармацыі
З моманту ўзнікнення і да сённяшняга часу бібліятэка эвалюцыяніравала ад скарбніцы ведаў да ўніверсальнай крыніцы інфармацыі з электроннымі каталогамі, алічбаванымі кнігамі, пляцоўкай для абмену вопытам і сустрэчамі з цікавымі людзьмі. Пра шлях, які прайшла купалаўская кніга за 80 год, расказаў чытачам газеты “Гродзенскі ўніверсітэт” дырэктар бібліятэкі МІКАЛАЙ ГРЫНЬКО.
Па старонках гісторыі
За гады свайго развіцця бібліятэка з невялікага пакоя з некалькімі кніжнымі шафамі пераўтварылася ў сацыякультурны ўніверсітэцкі цэнтр. Аднак паміж лічбамі 1940 і 2020 – мноства людзей, адданых сваёй справе, вялізная колькасць кніг, большасць з якіх была зачытаная ў свой час, шэраг новых ідэй, якія ўвасобіліся ў цікавыя праекты і падзеі.
Як вядома, гісторыю твораць людзі, менавіта дзякуючы іх працы адбываецца развіццё любой арганізацыі. Былі такія асобы і ў нашай бібліятэцы. Так, варта адзначыць першага дырэктара Ніну Бутылкіну, якая ўзначальвала бібліятэку ў цяжкія пасляваенныя гады.
З 1945 па 1953 год бібліятэкай кіравала Соф’я Памеранц, якая працягвала ўзнаўляць фонд вучэбнай літаратуры. Мэтанакіраванае развіццё бібліятэкі шляхам павелічэння фонду дае магчымасць Галіне Паповай, загадчыцы бібліятэкі ў 1953–1970 гадах, на старонках газеты “Гродзенская праўда” ад 13 верасня 1962 года пісаць аб 100-тысячным экзэмпляры кнігі ў бібліятэцы Гродзенскага педінстытута.
На працягу трыццаці гадоў (1970–2000) бібліятэку ўзначальваў Віктар Станкевіч. Якраз у гэты час Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы пераўтвараецца ва ўніверсітэт. І таму перад бібліятэкай ставяцца новыя задачы, асноўная з якіх – папаўненне фонду навуковай літаратурай. Менавіта таму ў дадзены перыяд адбываецца актыўнае камплектаванне фонду, расце колькасць пунктаў абслугоўвання карыстальнікаў, у большасці вучэбных карпусоў арганізоўваюцца факультэцкія бібліятэкі.
Канец ХХ стагоддзя дыктуе новыя правілы развіцця: менавіта ў гэты час пачынаецца аўтаматызацыя асноўных бібліятэчных працэсаў. Так, у 1996 годзе пад кіраўніцтвам загадчыка інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела Фаіны Ляльчук і спецыяліста па інфарматызацыі Ірыны Трыфанавай распрацоўваюцца першыя праграмныя прадукты ў дадзеным рэчышчы.
Новае дыханне ўносіць у працу і развіццё навуковай бібліятэкі Генадзь Данілаў, які ў 2000-м годзе становіцца яе дырэктарам. Якраз у гэты час ствараецца адзін з першых у краіне ўніверсітэцкіх рэпазіторыяў, удасканальваецца аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў. Пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў аддзела камплектавання, навуковай апрацоўкі фонду і арганізацыі каталогаў адбываецца актыўнае стварэнне электроннага каталога.
Бібліятэка нярэдка выступае пляцоўкай для абмену вопытам, дзе яе супрацоўнікі актыўна дзеляцца сваімі напрацоўкамі. Таму невыпадкова ў 2005 годзе ўпершыню на базе нашай бібліятэкі праводзіцца міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Менеджмент бібліятэк ВНУ”, якая аб’яднала звыш 100 спецыялістаў блізкага і далёкага замежжа. Другі раз такая канферэнцыя была праведзена ў Купалаўскім універсітэце ў 2017 годзе, у ёй прынялі ўдзел звыш 120 спецыялістаў з 7 краін.
У 2010 – 2011 гадах дырэктарам працуе Віктар Місюк, які працягвае развіццё бібліятэкі, зададзенае Генадзем Данілавым.
Кніга без межаў
Сёння навуковая бібліятэка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы – навукова-інфармацыйны і сацыякультурны цэнтр, дзе з’яўляюцца новыя ідэі, творчыя праекты, ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы.
У цяперашні час для вучоных вельмі важна мець аператыўны доступ да навуковай інфармацыі, у прыватнасці да сусветных баз дадзеных. На працягу апошніх гадоў нашыя чытачы маглі карыстацца такімі базамі дадзеных, як Scopus, EBSCO, East View, «Университетская библиотека онлайн», «Электронная библиотка диссертаций Российской государственной библиотеки» і іншымі.
Сучасны ўніверсітэт пазіцыяніруе сябе ў міжнароднай прасторы, і важным крытэрыем розных рэйтынгаў выступае публікацыйная актыўнасць прафесарска-выкладчыцкага складу, бачнасць вучонага ў разнастайных бібліяметрычных сістэмах. Таму супрацоўнікі навуковай бібліятэкі аказваюць метадычную дапамогу вучоным па вядзенні аўтарскіх профіляў, па пошуку высокарэйтынгавых навуковых выданняў, бібліяграфічнае суправаджэнне.
Улічваючы той факт, што сённяшні наш карыстальнік, спажывец інфармацыі, хоча атрымаць дапамогу калі не імгненна, то вельмі аператыўна, створаны электронны каталог, які дае магчымасць па вялікай колькасці пошукавых палёў знайсці інфармацыю пра тую ці іншую кнігу ці часопіс, пра месца іх знаходжання, а інтэграцыя аўтаматызаванай сістэмы кіравання “Бібліятэка” ў аўтаматызаваную сістэму кіравання “Універсітэт” дазваляе весці электронны абанемент, у выніку чаго карыстальнік у сваім асабістым кабінеце бачыць, калі і дзе ён узяў кнігу, калі яе неабходна вярнуць. Таксама гэта паспрыяла аблягчэнню працы з абхаднымі лістамі выпускнікам.
Сёння супрацоўнікі навуковай бібліятэкі праводзяць мерапрыемствы па папулярызацыі, захаванні, развіцці нацыянальнай культуры, у тым ліку прысвечаных знакавым падзеям нацыянальнай гісторыі: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання (2017 год), 400-годдзе першага беларускага буквара (2018 год), юбілеі класікаў беларускай літаратуры і іншыя. Традыцыйнымі сталі сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі як Беларусі, так і замежжа – Алесем Разанавым, Данутай Бічэль-Загнетавай, Юркам Голубам, Людмілай Рублеўскай, старшынёй літаратурнага аб’яднання беларускіх пісьменнікаў Польшчы “Белавежа” Янам Чыквіным і многімі іншымі. Пры бібліятэцы працуе Клуб маладога літаратара.
На працягу шэрагу гадоў праводзіцца Тыдзень роднай мовы. І вельмі важна, што падчас такіх мерапрыемстваў гаворка вядзецца не толькі пра беларускую мову: у святочныя дні гучаць і мовы, родныя для кожнага замежнага студэнта вялікай Купалаўскай сям’і.
У 2017 годзе ў МДУ імя М.В. Ламаносава сумесна з нашым універсітэтам створаны Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і культуры, дзе праводзяцца заняткі па беларускай мове, ладзяцца мерапрыемствы, праводзяцца конкурсы. А пераможцы конкурсу “Пазнай Беларусь з намі”, напрыклад, атрымалі магчымасць стаць удзельнікамі Летняй школы беларускай мовы і культуры ў Купалаўскім універсітэце, арганізаванай супрацоўнікамі навуковай бібліятэкі.
У красавіку ў нашай бібліятэцы праходзіць і Бібліяноч – інфармацыйна-забаўляльнае мерапрыемства з вялікай колькасцю творчых пляцовак. Вельмі важна, на нашу думку, падчас такога мерапрыемства арыентавацца не толькі на сённяшняга студэнта ці супрацоўніка, але і на тых, хто заўтра будзе пісаць старонкі слаўнай гісторыі Купалаўцаў – на абітурыентаў і нават на тых, хто абітурыентам стане не хутка.
Калектыў бібліятэкі – творчыя і апантаныя сваёй працай супрацоўнікі, пастаянна знаходзяцца ў творчым пошуку, працуюць у рэжыме эксперыменту на карысць кожнага са шматтысячнай Купалаўскай сям’і.
З улікам тэндэнцый развіцця бібліятэчнай справы ў свеце праца Навуковай бібліятэкі накіравана на лічбавізацыю, трансфармацыю сваіх асноўных працэсаў, тым самым бібліятэка выступае адным са звёнаў у стварэнні лічбавага ўніверсітэта.
Мікалай ГРЫНЬКО, дырэктар Навуковай бібліятэкі