На базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прайшла рэспубліканская атэстацыя экскурсаводаў

У ёй прынялі ўдзел 32 чалавекі – прадстаўнікі не толькі нашага горада, але і Ліды, Сло німа, Свіслачы, Навагрудка. З 21 экскурсавода і 1 гіда-перакладчыка, якія паспяхова справіліся з заданнямі, – тры Купалаўцы.

Загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны Уладзімір Ляўшук, выкладчык-стажор кафедры турызму і культурнай спадчыны Раман Грыгарчук і студэнт 4 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Аляксандр Жэгала, прайшоўшы ўсе этапы выпрабаванняў, пацвердзілі альбо ўпершыню атрымалі права працаваць экскурсаводамі.

Як расказаў Уладзімір Ляўшук, атэстацыя экскурсаводаў – гэта не што іншае як допуск да працы:

– Ва ўсіх студэнтаў спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” выкладаецца курс “Экскурсазнаўства”, таму кожны з іх пасля трэцяга курса можа праводзіць экскурсіі, аднак згодна з рашэннем Нацыянальнага агенства па турызму, прадстаўляць нашу краіну і рэгіён замежным гасцям могуць толькі атэставаныя гіды.

Усе жадаючыя знаёміць турыстаў з гісторыяй, славутасцямі і адкрываць незвычайныя жывапісныя мясціны павінны былі спачатку паспяхова прайсці на працягу месяца падрыхтоўчыя курсы, а затым здаць экзамен на атрыманне сертыфіката экскурсавода.

Раней усё гэта можна было зрабіць толькі ў сталіцы. Сёлета такая магчымасць з’явілася і ў горадзе над Нёманам.

– У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, тым больш што ад Гродзенскай вобласці паступіла значная колькасць заявак на атэстацыю – болей за шэсцьдзясят, было прынята рашэнне правесці тэсціраванне экскурсаводаў у г. Гродна на базе ГрДУ імя Янкі Купалы ў анлайн-фармаце, – распавёў Уладзімір Ляўшук.

Экзамен, які здавалі як прафесіяналы, так і навічкі – тыя, хто толькі нядаўна вырашыў праводзіць экскурсіі, складаўся з дзвюх частак: камп’ютарнае тэсціраванне і вуснае субяседаванне. Першая ўключала пытанні па гісторыі Беларусі, геаграфіі, сусветнай гісторыі, нарматыўна-прававых актах, культуры маўлення. Тыя, хто паспяхова спраўляўся з тэстам, дапускаліся да другога этапу – вуснага анлайн-субяседавання з экспертамі з Нацыянальнага агенцтва па турызму. Атэстацыйная камісія, у якую ўваходзяць спецыялісты сферы турыстычнага бізнесу, метадысты, гісторыкі, ацэньвала не толькі глыбіню ведаў, але і дыкцыю, тэмп маўлення і методыку правядзення экскурсій.

– Пры ўмове паспяховай здачы спашукальнік атрымлівае пасведчанне, бэйдж, якія пацвярджаюць узровень ведаў і ўменняў у сферы турызму. Гэта своеасабівы гарант адпаведнага ўзроўню аказання паслуг. Праўда, працаваць можна толькі па тых маршрутах, па якіх спашукальнік прайшоў атэстацыю, – адзначыў Уладзімір Яўгеньевіч.

Падрыхтоўкай да экзамена Купалаўцаў займаліся старшы выкладчык кафедры турызму і культурнай спадчыны Святлана Чувак і дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны Рыгор Карнялюк. У планах супрацоўнікаў кафедры турызму і культурнай спадчыны правядзенне падрыхтоўчых курсаў для экскурсаводаў з Гродзенскага раёна і вобласці.

– Мы займаемся ацэнкай турыстычных рэсурсаў гісторыка-культурнай спадчыны Гродзеншчыны, таму зможам дапамагчы экскурсаводам распрацаваць іх мясцовы маршрут згодна з патрабаваннямі дзяржстандарту і Нацыянальнага агенцтва па турызму, каб усе, хто жадаў стаць экскурсаводам у сваёй мясцовасці, змаглі прайсці атэстацыю, – падзяліўся загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны Уладзімір Ляўшук.

Сяргей Данскіх, дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны:

Падрыхтоўка спецыялістаў па турызму ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пачалася з 2003 года па спецыяльнасці “Менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)”, з 2008 года па спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”. Усяго Купалаўскім універсітэтам было падрыхтавана каля 450 спецыялістаў па турызму. З 2010 года сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” з прысваеннем кваліфікацыі “Турагент. Экскурсавод” можна атрымаць у Гуманітарным і Ваўкавыскім каледжах ГрДУ імя Янкі Купалы. Выпускнікі каледжаў маюць магчымасць паступіць на завочную скарочаную форму навучання. З 2018 года пачаўся набор у магістратуру па спецыяльнасці “Культурная спадчына і турызм.

Таццяна СУШКО.

Поделиться

Вам может также понравиться...