Інтэрактыўная выстава «Партызаны Беларусі» напярэдадні святкавання Вялікай Перамогі ажыццяўляе сваё падарожжа па краіне
Магчымасць адшукаць свайго героя была прадстаўлена і купалаўцам: з 12 па 16 красавіка выстава працавала ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Праект, мэтай якога з’яўляецца ўшанаванне памяці беларускіх партызан Вялікай Айчыннай вайны, стартаваў летась у ліпені. Выстава «Партызаны Беларусі» ўжо экспанавалася ў Брэсце, Магілёве, Маладзечне і атрымала шырокі грамадскі рэзананс. Сёлета фотаздымкі і дакументы часоў Вялікай Айчыннай вайны будуць прадстаўлены ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі Беларусі. У ліку першых атрымалі магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй выкладчыкі і студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Выстава заснавана на дакументах інтэрнэт-праекта выдавецкага дома «Беларусь сегодня», Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь «Партызаны Беларусі» partizany.by і матэрыялах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.
На ёй прадстаўлена больш за 70 цікавых экспанатаў, у асноўным гэта гістарычныя фотаздымкі жудаснага ліхалецця, узнагародныя лісты і баявыя характарыстыкі партызан і падпольшчыкаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі. У дакументах распавядаецца аб баявых сутыкненнях і партызанскіх фарміраваннях, подзвігах і заслугах партызан.
Выстава ўдала сумяшчае архіўныя звесткі, гістарычныя факты разам з сучаснымі тэхналогіямі: з дапамогай інтэрактыўнага стэнда праекта partizany.by кожны наведвальнік можа паспрабаваць знайсці свайго героя з ліку партызан і падпольшчыкаў і ўзбагаціць слаўную гісторыю сваёй сям’і, увёўшы ў пошукавы радок прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння продка.
Штодзённа база дадзеных папаўняецца новымі героямі. Пошукавая праца актыўна вядзецца і будзе весціся, пакуль не будзе знойдзены кожны герой.
У горадзе над Неманам экспазіцыя прабудзе да канца красавіка. Пасля ГрДУ імя Янкі Купалы экспанаты выставы «Партызаны Беларусі» размясціліся на базе Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
Уласн. інф.
Фота Мікіты ШАСТАКОВІЧА