Ідэал жаночай красы ў Купалавым светаразуменні

На беларускую дзяўчыну,

Калі тут праўду ёй аддаць,

Ніхто йшчэ каменем не кінуў

І не паважыцца кідаць.

Янка Купала

Купала-творца шчодрадайна веставаў сваім словам, у якім раскута і ўпэўнена валадарыць ЯЕ ВЯЛІКАСЦЬ ПАЭЗІЯ – цнатлівая пані-берагіня… З вялікай сімпатыяй і замілаваннем напі­саны Купалавы радкі велічнай ПАЭЗІІ КАХАННЯ. Ягоная душа далікатна да­кранаецца да сакральна прыгожага па­чуцця: «Вось яна – цуд-дзяўчына мая, / Нібы казкі чароўнай жар-цвет!». Бо што прымушае трымцець сэрца і што пакідае яго абыякавым? Што кідае ў абдымкі і што выштурхоўвае з іх? Хто адкажа нам, грэшным, якім пасланы гэтыя са­мыя страшныя і самыя салодкія пакуты?

І маюць рацыю купалазнаўцы, якімі заўважана, што з вершаў любоўнай лірыкі Янкі Купалы (а іх каля 40) і паэм «Нікому», «Адплата кахання», «Магіла льва», «Яна і я» можна скласці цэлую кнігу паэзіі.

Зрэшты, такая кніга паэзіі кахання пад назвай «Явар і каліна» (2000) з’явілася ў свеце 22 гады таму. У ёй радкі з аднайменнага верша-ўступа раскадзіроўваюць патаемныя чары кахання, якія панавіта валадараць у нашым зямным свеце, якія ёсць найвялікшым Дарам Бога… Менавіта таму Жанчына-Вясна – увасабленне Хараства і Дабра, Міру і Жыцця. Менавіта таму Яе Вялікасць Пры­рода адарыла Жанчыну Дарам уваскрэсення і абнаўлення – Дарам жыццятворнасці – гаючым, дабрадзейным, цудатворным. Услухаемся ў Купа­лавы радкі:

Лісцікі зеленяй хваляцца

Небу панятлівай мовай:

Росамі мыюцца раніцай,

Песцяцца сонцам паўднёвым…

Так напісаць мог толькі з ранімай душою паэт, якому дадзена бачыць нябачнае і чуць нячутнае, якому дадзена Богам, «з прыродай зліўшыся ду­шой», пачуць, як пад «музыку дзіўную» «цешыц­ца явар з калінаю, / скінуўшы зімнія чары». Ды «шэпчуцца»-«цешацца» прыгожай парой – «пес­няй вясны лебядзінаю»… Ці не блаславёныя му­зычныя бемолі «вянчаюць-шлюбуюць» чалавека і прыроду, Яго (явара) і Яе (каліну), нараджаюць іх палкасць і жарсць, гармонію мужчынскага і жано­чага пачаткаў?..

Нацыянальнасць Купалавага мыслення вы­яўляецца праз фальклорна-песенную паэтыку. Так, у ранняй паэтавай творчасці дамінуе песенны жанр, напрыклад, у вершах «У зялёным садочку», «Дзяўчынка, галубка мая!», «Мая дзяўчынка», «Да дзяўчатак». Бо ў песні – душа народа, лагодная і бунтоўная, вясёлая і сумная. Бо песня – паказ­чык духоўнасці, чалавечага імкнення да красы, да патаемнага, высокага, інтымнага. У песні люстру­ецца душа героя. Якая яна, душа, што выліваец­ца праз песню музыкі? Аўтар просіць музыку на­строіць «скрыпулю сваю» на праўдзівае, шчырае гранне. Вось яна, народная краса, – беларуская дзяўчына-каралеўна:

Ты пяеш – салавейка пяе,

Твар твой – сонца паглёд залаты,

Зоры светлыя – вочы твае,

Ты уся – з неба анел святы

Дай мне шчасця на зайздрасць людзям,

Спяі песню, нуду разгані.

(«Падыйдзі…»)

Ідэал беларускай дзяўчыны – «самой царыцы / ў залатой кароне», валадарніцы Зямлі і Неба, пес­ні і «нашай старонкі» – мроіўся Купалу-рамантыку ў вершы «Жняя». Ён быў напісаны ў 1911 годзе і прысвечаны М. Шышко, сваячцы Ядвігіна Ш, з якой Янка Купала часта сустракаўся, калі прыязджаў да маці ў Акопы:

А яна – царыца –

Весела, шчасліва

Карануе песняй

Залатое жніва.

Смела йдзе ў сонцы,

Ўся сама – як сонца,

Гэта жнейка наша

Ў нашаей старонцы.

Купала-сонцапаклоннік абагаўляў, схіляўся перад высакародным, годным воблікам беларускай дзяўчыны – «цары­цы» – Маладой Беларусі. Менавіта яна, «сама царыца ў залатой кароне», уяўля­лася эталонам нацыянальнай красы.

Але Купала быў не толькі паэтам- празарліўцам. Ён быў Асобай надзвы­чайнай духоўнасці і рыцарскай выса­кароднасці перад Жанчынай, дзе не месца аніякаму фальшу, дзе валадарыць крыштальная чысціня і глыбокая спа­вядальнасць. Бо каханне, шляхі якога неспазна­ныя, – і слодыч, і горыч. Таму лірычны герой ранніх Купалавых вершаў – надзвычай адзінокі, самотны; ягонай душы балесна ад пакутнага расчаравання, магчыма, непадзеленага кахання:

Не глядзі на мяне, не глядзі, адыйдзі,

Не чаруй так сабой і на яве, і ў сне!

Ты смяешся з мяне… Дык ідзі ж, не глядзі,

Бо замучыш, загубіш навекі мяне!

(«Не глядзі…»)

Катэгарычны імператыў героя, які «усё пекла… зведаў кахання, / усе мукі яго скаштаваў», – пэўная люстроўка свету душы самога Купалы-рамантыка. Гэта і няўрымслівы пошук ідэалу, і, зрэшты, так відавочная кантрастнасць ва ўспрыняцці кахання як пачуцця светла-радаснага і змрочна-смутнага. Так, але найперш шляхетная душа Купалавага ге­роя прагне спазнаць чары кахання як найвышэй­шую праяву патаемаў чалавечага жыцця: «Маладую дзявочу красу / Не змалюеш, не спішаш пяром…». Пекнай мілатой, душэў­най любасцю пранізаны так высакародна агучаны зварот да Яе – пакуль невядомай, неспазнанай. Але – ужо такой жаданай, блізкай, вернай:

Абнімі ты мяне, маладая.

Абніманнем гарачым, агністым.

Дый памчымся ад краю да краю

Вольнай думкай па свеце цярністым

(«Абнімі…»)

Паўліна Мядзёлка

Гэта – пакуль што мара паэта-летуценніка, якая, аднак, ва ўсёй лірыцы кахання ўвасоблена ў «недацветах», «заручынах». Як белыя і чорныя клавішы раяля – каханне-мара і каханне-расстан­не ў светаадчуванні Купалы-творцы.

І хіба напоўніцу моц кахання і ўзаемаразумення ўвасобіцца ў фальклорна-рамантычнай паэме-ўто­піі «Яна і я» (1913). Вясновай парой абнаўлення, у бажэсцвеннай лучнасці з усім светам, Ён і Яна – найшчаслівейшыя ва ўзаемным шчасці кахання – бачаць красу жыцця ў кожным яго імгненні. Бо «змяшаліся мы разам з сонцам, з кветкамі, з тра­вой». Ці не цудадзейства гэта:

Звінела песня і злівалась з музыкаю птушак,

Бярозавыя на гасцінцы плакалі прысады,

Заводзіў вецер, б’ючысь аб асінавы асушак…

Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады.

Або:

Раем на зямлі выглядываў нам сад,

Я ў ім – Адам, яна ў ім – Ева;

Ў раі гэтым вецер быў нам Бог і сват,

Вяцьвямі шлюб давала дрэва.

Па-народнаму, па-біблейску годна і гожа адо­рана лірычная гераіня Яна – «мая», «мая палея», «мая ты гаспадыня», «галубачка бяскрылая», «маё ты сонейка», «маё сэрца-ткаля», «мілая», «мая мілая», «мая галубка»…

Хто Яна – тая, што разбіла сэрца Паэта, пры­мусіла жыццё-яву ста­ць жыццём-сном, горкім, балесным, адчайным?.. Цнатлівы паэт «гэткім шчырым каханнем яе атуліў». Так, гэта адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў аднайменнай Купалавай п’есе Паўліна Мядзёлка, «казка нега­дана», якой прысвечаны паэтычны цыкл 1915 г. – вяршыня Купалавай лірыкі кахання: вершы «Быў гэта сон…», «Таей даўгажда­най», «Сыйду…», «Снілася дзяўчыне», «А яна…». Расстайным, поўным жалю- роспачы, гучыць тужліва-млосны акорд «Быў гэта толькі сумны сон…». Асабістыя сімпатыі Купалы- рамантыка да грамадскай дзяячкі, «таей даўга­жданай» Паўліны Мядзёлкі сталіся расстайным сном-каханнем:

Утварыў з яе шчасце з-пад шчасцяў сваё —

Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,

І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё…

А яна?.. А яна была толькі…дзяўчына!..

(«А яна…»)

Менавіта ў каханні чалавек прыгажэе. І місія жанчыны – упрыгожыць жыццё. Тут прыгожае – як надзвычай адухоўленае. Так, лірычны герой хоча звіць карону-вяночак «з сонца і кветак-пралесак», каб «славіць, шчаслівіць сваю маладую, / святую песняй няпетай». Патаемнасць жыцця для аўтара і ягонага героя хавалася-паўставала з нераскрыта­га, неспазнанага (як недацветы) Хараства, і таму герой заклікае Яе: «кветкаю прыйдзі», «зацвіці красой са мною», «даўняй казкай залатою / дум­ку абудзі…» (верш «Ты прыйдзі…»).

Янка Купала і Уладзіслава Луцэвіч

Вернай музай Купа­лы-паэта была нястом­ная спадарожніца па жыцці, жонка Уладзі­слава Францаўна Луцэ­віч (дзявочае прозвіш­ча Станкевіч). Часам іх абоіх успрымалі як шы­коўнае сузор’е паразу­мення і лагоды: яны (прызнаны паэт і апантаная асветніца) сустракаліся на розных літаратурных вечарынах, разам наведвалі тэатры, кнігарні. Ме­навіта Ёй, будучай жонцы, Янка Купала прысвяціў тры вершы: «Ўспомні!..», «Гэй ты, дзяўчына, квет­ка-лілея…», «Мусіць, трэба было». Вобраз Улад­зіславы Станкевічанкі аздоблены надзвычайнай замілаванасцю і мудрай жаночай годнасцю, якія не могуць не захапляць:

Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея,

Вольная птушка сумнай зямліцы!

(«Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея…»)

Ва ўсёабдымным сваім пачуцці, з налётам таям­нічасці і загадкавасці паэт стварыў вобраз-ідэал Яе, дзяўчыны-каралеўны, жанчыны-багіні, поўны мройнай асалоды незабыўнага, поўны жаданай прагнай споведзі.

Безумоўна, у кожнага Купала-лірык свой, кож­ны чытач знаходзіць у Купалавай лірыцы кахання сваё, перажытае і пражытае… Бо без Жанчыны, «без ласкі вялікай жаночай», Кахання, Любові да кожнай жывой істоты жыццё бессэнсоўнае, мар­нае. Ці не варта і нам стаць годнымі пераемнікамі Купалавай «музыкі дзіўнай», каб Жыццё тварыць з Любоўю да бліжняга, каб напаўняць яго «песняй вясны лебядзінаю»?..

Аліна САБУЦЬ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі.

Поделиться

Вам может также понравиться...