Фальклорная экспедыцыя для студэнтаў філалагічнага факультэта прайшла ў ГрДУ імя Янкі Купалы
Лета. Той самы час, калі можна добра адпачыць, набрацца сіл, цікава правесці час і, канешне, здзейсніць доўгачаканае падарожжа. Такім падарожжам для нас, студэнтаў філалагічнага факультэта, стала фальклорная экспедыцыя. Эпіцэнтрам дальнейшых падзей і новых адкрыццяў стала вёска Канвелішкі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Яшчэ ў дарозе я ўяўляла сабе наступны працэс працы: знаёмства з мясцовым фальклорам, асаблівасцямі побыту, культуры і традыцый «тутэйшага» насельніцтва.
Час мінае імгненна, і вось – мы ўжо далёка ад горада з яго хуткім рухам і шумам грамадскага транспарту. Вёска здавалася ціхім кутком: багатым на раскіданыя паабапал дарог палі з дзікарослымі кветкамі, асабліва прыгожыя ўлетку сакавіта-зялёныя лясы. Трэба сказаць, што апынуўшыся тут, нельга было не адчуць на сабе ўсю таямнічую і прыцягальную атмасферу гэтага месца. І ў хуткім часе я яшчэ болей упэўнілася ў тым, што першае ўражанне адпавядала рэальным абставінам. Жыхары вёскі, у большасці, з ахвотай ішлі на кантакт, у дэталях апавядалі нам пра мінулае. Сярод мясцовых знайшліся людзі, якіх можна смела назваць сапраўднымі гідамі па культурным жыцці нашага продка – беларуса. Старэйшае насельніцтва вёскі пазнаёміла нас са сваімі павер’ямі і звычаямі, асаблівасцямі свят, арыгінальнымі тэкстамі песень. Было вельмі цікава даведадацца пра містычныя здарэнні на вёсцы: хтосьці распавёў мясцовыя легенды і паданні, хтосьці адкрыў пэўныя таямніцы вядзьмарак і ўсе тое, што знаходзіцца за мяжой звычайнага ўяўлення свету. За два тыдні практыкі мы наведалі безліч мясцін, кожную з якіх не абмінуў подых важных гістарычных падзей. Аднымі з такіх з’яўляюцца вёскі Беняконі і Больценікі, дзе сыйшоўся лёс Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі. Гісторыя гэтай закаханай пары і магчымасць акунуцца ў ход былых падзей не можа не ўражваць. Кожны дзень, акрамя збірання фальклору, нас чакалі розныя цікавыя мерапрыемствы: экскурсіі, конкурсы, віктарыны, дыскатэкі. На маю думку, адным з самых запамінальных мерапрыемстваў для кожнага студэнта было прысвячэнне ў фалькларысты. У той вечар кожнаму прыйшлося паказаць усе свае здольнасці, таленты, якія выяўляюць сапраўднага фалькларыста, а таксама прайсці жартоўныя выпрабаванні нашых кіраўнікоў Руслана Канстанцінавіча Казлоўскага і Аліны Эдмундаўны Сабуць. Нягледзячы на працу і хваляванне, кожны справіўся з пастаўленай мэтай і займеў магчымасць звацца фалькларыстам.
Фальклорная экспедыцыя пакінула пасля сябе самыя лепшыя ўспаміны, кожны яе дзень быў цікавым і непаўторным. Месца практыкі яскрава адлюстроўвае прыемны беларускі каларыт. Падобныя падарожжы натхняюць на дальнейшае вывучэнне не толькі фальклору нашага народа, але і глыбінь роднай гісторыі і культуры ў цэлым, нараджаюць сапраўдную цікавасць і павагу да мінулага.
Аляксандра БУРМІСТРАВА, студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта