Аляксандр Карлюкевіч наведаў ГрДУ імя Янкі Купалы і пагутарыў са студэнтамі купалаўскага ўніверсітэта – будучымі працаўнікамі СМІ і калектывам установы

Аляксандр Карлюкевіч наведаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў рамках Адзінага дня інфармавання і ў фармаце адкрытага дыялогу пагутарыў са студэнтамі купалаўскага ўніверсітэта – будучымі працаўнікамі СМІ і калектывам установы.

У сустрэчы прынялі ўдзел намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч і рэктар купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка.

Аляксандр Мікалаевіч прапанаваў не абмяжоўвацца абранай тэмай, а пабудаваць дыялог у пашыраным фармаце. Міністр падкрэсліў, што сёння рэдакцыя кожнага СМІ павінна быць медыйным, камунікатыўным цэнтрам і выкарыстоўваць самыя розныя фарматы адносін з чытачом – не толькі на паперы, але і, перш за ўсё, у сацыяльных сетках.

Адказваючы на пытанне пра падрыхтоўку журналістаў у рэгіёнах, Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што ў Гродзенскім універсітэце ёсць добрая база для таго, каб вучыцца і стаць прафесіяналам. Гэтаму ў будучыні могуць спрыяць і новыя формы навучання спецыялістаў.

У навучанні павінна быць больш практычных семінараў. Галоўнае – навучыць студэнтаў тэхналогіям. Гэта павінны рабіць выкладчыкі, практыкуючыя журналісты, якія маюць вялікі досвед. А веды, якія журналіст хоча атрымаць, каб быць прафесіяналам, ён павінен шукаць самастойна, – дадаў міністр.

Таксама будучых журналістаў цікавілі пытанні «ўзбуйнення» СМІ і ўтварэння ў Беларусі медыяхолдынгаў, аптымальных суадносін «уласнага» і «набытага» кантэнту ў эфіры рэгіянальных тэлеканалаў, разбурэння структуры традыцыйных СМІ і «ўніверсальнасці» журналіста.

Цяпер СМІ канвергентныя, мультымедыйныя. Адсюль дыктуецца сам фармат працы журналіста. Важна данесці інфармацыю да спажыўца, важна мець зваротную сувязь, ведаць, што ваш прадукт запатрабаваны. А што да разбурэння традыцыйнай структуры сродкаў масавай інфармацыі, калі ў газеты рэальны тыраж стане менш, а кантэнту на сайце больш, то ў гэтым няма нічога страшнага. І я б не назваў гэта разбурэннем традыцыйнай структуры, а пераўтварэннем газеты ў мультымедыйны цэнтр, – сказаў Аляксандр Мікалаевіч.

Прагучала пытанне і пра прадстаўленасць беларускіх СМІ ў сацыяльных сетках. Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў неабходнасць сродкаў масавай інфармацыі ісці ў нагу з часам, скарыстоўваць для свайго прасоўвання і камунікацыі з аўдыторыяй новыя тэхналогіі. Да гэтага, на думку міністра інфармацыі, гатовы большасць рэдакцый і журналістаў, шмат з іх паспяхова арганізавалі сваю працу на буйных інтэрнэтпляцоўках.

Задалі міністру пытанне і пра тое, як сучаснай газеце ўтрымаць чытача.

Трэба ствараць матэрыялы, цікавыя чытачу: аналітычныя, падымаць тэмы актуальныя, казаць пра сур’ёзныя з’явы, – адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.– Газета павінна не інфармаваць, а расказваць, даваць ацэнку, прадстаўляць думку. Добрая ў гэтым сэнсе аўтарская калумністыка. Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Мікалаевіч падкрэсліў, што добры журналіст павінен не толькі добра казаць, але і добра думаць.

Ганна КУЛЬБА

Поделиться

Вам может также понравиться...