У ГрДУ імя Янкі Купалы адсвяткавалі Дзень ведаў

Дзень ведаў урачыста адсвяткавалі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва ўніверсітэта на чале з рэктарам Ірынай Кітурка, выкладчыкі і студэнты-купалаўцы. Ганаровымі гасцямі свята сталі першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Старавойтава і дырэктар тэлерадыёкампаніі «Гродна» Мікалай Мельячэнка.

Па традыцыі пачалося свята з унясення і ўзняцця сцяга купалаўскага ўніверсітэта лепшымі студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі, якія сваімі высокімі дасягненнямі ў сферы навукі, адукацыі, культуры і спорту ўслаўляюць ГрДУ імя Янкі Купалы ў краіне і за яе межамі. Са словамі віншавання да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:

Пачатак вучэбнага года дае для нас новыя мары, новыя планы, новыя праекты, а самае галоўнае – магчымасці для іх рэалізацыі. Памятайце, што ваша будучыня – у вашых руках, таксама, як і будучыня краіны. Я хачу пажадаць вам не проста марыць. Я хачу пажадаць вам ставіць вялікія мэты перад сабой. І самаегалоўнае – імкнуцца да іх рэалізацыі.

Ірына Фёдараўна падкрэсліла важнасць кожнага чалавека ў дасягненні сумесных поспехаў універсітэта.

За мінулы год мы з вамі дасягнулі вялікіх вяршынь. Сярод іх ёсць як асабістыя перамогі, так і нашыя агульныя дасягненні. Я кажу вялікі дзякуй усім вам. Толькі той, хто ідзе наперад, дасягае новых вяршынь. Нашы перамогі павінны даць нам новыя сілы і ўпэўненасць у тым, што мы можам усё. Я не раз паўтарала, што ўніверсітэт без людзей – гэта проста сцены. Жыццё ў яго ўдыхаюць людзі. Тое, якім будзе наступны год, залежыць ад вас з намі. У добры шлях, новых дасягненняў, поспехаў і рэалізацыі ўсіх вашых мар.

Пад час віншавання купалаўцаў з новым навучальным годам Ірына Старавойтава падкрэсліла неабходнасць бесперапыннага развіцця кожнага чалавека на працягу ўсяго жыцця.

Вы можаце мець дачыненне да развіцця новых навуковых школ, быць даследчыкамі, аналітыкамі. Ідзіце наперад, стаўце перад сабой самыя амбіцыйныя мэты і дасягайце іх. Упэўнена, што дзякуючы ведам, уменням і навыкам, набытым тут, вы станеце сапраўднымі прафесіяналамі, кампетэнтнымі людзьмі. Памятайце, што няма сёння адукацыі на ўсё жыццё – ёсць адукацыя праз усё жыццё. Вы павінны развіваць сябе бясконца, кожны раз ставячы сабе новыя мэты і дасягаючы іх. Я жадаю вам на гэтым цярністым, але такім цікавым шляху перамог. Хай няўдачы вас толькі загартоўваюць і робяць вашу асобу больш моцнай, а таксама спрыяюць таму, што вы будзеце па-сапраўднаму паспяховымі, – адзначыла першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Словы віншаванні з Днём ведаў у адрас акадэмічнай супольнасці купалаўцаў выказаў і Мікалай Мельячэнка. Ён пажадаў не губляць станоўчы эмацыянальны зарад увесь навучальны год.

У межах мерапрыемства адбылося ўрачыстае ўручэнне рэктарам і запрошанымі гасцямі пасведчанняў аб занясенні на Дошку гонару «Імі ганарыцца ўніверсітэт» лепшым студэнтам і аспірантам ГрДУ імя Янкі Купалы. Завяршылася мерапрыемства агульным фатаздымкам на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга.

Марыя ПАНІЧАВА

Поделиться

Вам может также понравиться...