Міхаіл Вікенцьевіч Васілючак: «Самае галоўнае – ведаць, што ты чалавек»
Міхаіл Вікенцьевіч Васілючак – старшыня Савета ветэранаў ГрДУ імя Янкі Купалы – у верасні адзначыў 85-годдзе. Сваёй зацікаўленасцю ветэранамі ўніверсітэта і ўвогуле падзеямі навакольнага свету, працавітасцю, сумленнасцю, пачуццём высокай адказнасці за словы і ўчынкі, любоўю да роднай зямлі ён уражвае пры сустрэчы кожны раз. Адкуль столькі жыццёвай энергіі, мы пацікавіліся ў нашага нястомнага юбіляра.
Для Міхаіла Васілючака жыццё – гэта рух. Кожную раніцу пешшу ён спяшаецца ва ўніверсітэт, які стаўдля яго малой радзімай за сорак гадоў працы тут. Сёння ён ведае ўсё ў падрабязнасцях пра ўсіх ветэранаў універсітэта, якіх, дарэчы, больш за 400. Штодзённыя тэлефонныя размовы і сустрэчы с тымі, хто патрабуе асаблівай увагі і клопату, надаюць сэнс яго жыццю.
НА ПАВЕРХНІ ЎСПАМІНАЎ
Дзень 22 чэрвеня 1941 года, калі на золаку нямецкія войскі ўварваліся на тэрыторыю былога СССР, вельмі ўзрушыў пачуцці і мог стаць апошнім для васьмігадовага Мішы Васілючака. У гэты дзень ён прастудзіўся ізахварэў на двухбаковае запаленне лёгкіх. Урач раённай бальніцы сказаў, што ён не выжыве па-за сценамі бальніцы. Але маці вырашыла: лепш хай памрэ ў роднай хаце, чым стане ахвярай нямецкай бамбёжкі. Паклаўшы саслабелае цела дзіцяці ў посцілкудзяружку, яна несла яго за плячыма дамоў паміраць. Дзень за днём маці старанна выходжвала хворае дзіця, і хлопчык выжыў.
– Памятаю, я толькі перахварэў на адзёр, а хлопцы паклікалі купацца на рэчку. І мне, малому, надта захацелася пайсці з імі. Нягледзячы на наказ маці не лезьці ў ваду, усё роўна акунуўся. Раптоўна падскочыла высокая тэмпература, і бацька адвёз мяне ў раённую бальніцу. На наступны дзень у маю палату паклалі раненага афіцэра, ад яго я і даведаўся, што ў нашу вёску ўвайшлі нямецкія войскі, – успамінае пачатак ваеннага ліхалецця Міхаіл Вікенцьевіч.
КРЫНІЦА ЭНЕРГІІ – У ПРАЦЫ І КЛОПАЦЕ
Адзін з прынцыпаў, якім кіруецца заўсёды Міхаіл Васілючак, – працавітасць. Гэтую рысу ён пераняў ад сваіх бацькоў. Па ўспамінах Міхаіла Вікенцьевіча, бацька меў залатыя рукі, працаваў сталяром і быў вядомы на ўсю вёску. Мелі таксама сваю зямлю, каля гектара. Трэба было яе апрацоўваць. Усё, што помніць Міхаіл з дзяцінства, гэта фізічная праца. Хлопец пачаў зарабляць з васьмі гадоў: пасвіў кароў, працаваў у полі, даглядаў жывёлу і засвоіў адну простую ісціну: калі хочаш жыць добра, трэба старанна працаваць. Ніхто для цябе і за цябе нічога лепш не зробіць, чым ты сам. Жыццё – нялёгкае, і каб яго з гонарам і годнасцю пражыць, неабходна шмат працаваць і быць сканцэнтраваным на справе, а не на выніках і не чакаць узнагарод. А яны абавязкова прыходзяць самі сабой, калі сумленна працуеш.
– Я вырас на вельмі добрых традыцыях: гонар за тое, што я беларус, пашана да бацькоў, зацікаўленасць у сваім дабрабыце, а таксама ў дабрабыце суседзяў: палякаў, яўрэяў, расіян, украінцаў і іншых народнасцей. Самае галоўнае – ведаць, што ты чалавек. Пра гэта нямала пісалі нашы беларускія народныя паэты – Янка Купалы, Якуб Колас і інш. У чалавеку самае важнае – яго духоўны бок, – зазначае Міхаіл Вікенцьевіч.
НАСТАЎНІК ПА ЖЫЦЦІ
Пасля заканчэння Бердаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна ён служыў у радах Савецкай арміі (у ГДР), выйшаў у запас у званні малодшага лейтэнанта. А пасля вучобы ў Мінскім педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага працаваў настаўнікам і дырэктарам у школах Лідскага раёна. З 1967 па 1969 год навучаўся ў аспірантуры, абараніў кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя». Выкладаў уГомельскім універсітэце, Гродзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым інстытуце. А з 1978 года пачаў працаваць у ГрДУ імя Янкі Купалы: прарэктарам на завочным аддзяленні, дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі. З 1996 года Міхаіл Вікенцьевіч – старшыня ветэранскай арганізацыі ўніверсітэта. Ён заклапочаны станам здароўя, дабрабытам, праблемамі і цяжкасцямі сваіх падапечных. Па магчымасці дапамае іх вырашыць.
На грудзях Міхаіла Вікенцьевіча – значок за цвярозы лад жыцця, што ён актыўна прапагандуе, пачынаючы з 90-х гадоў. Бо не хоча, каб чалавек як разумнае тварэнне губляў сваю годнасць і сваё здароўе з за алкаголю. Таму імкнецца прадухіліць небяспечнасць.
За сваю прадуктыўную працоўную дзейнасць Міхаіл Васілючак быў адзначаны ганаровым званнем «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», медалём «За заслугі перад універсітэтам», шматлікімі граматамі Міністэрства адукацыі, абласнога і гарадскога выканаўчага камітэта Савета дэпутатаў, універсітэта. Быў занесены на Дошку гонару адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна.
Неабыякавасць да навакольнага свету і любоў да бліжняга, ініцыятыўнасць і сціпласць, настаўленне, а таксама прага да жыцця Міхаіла Вікенцьевіча не перастаюць здзіўляць. Няхай жа такі прыклад чалавека з высокімі маральнымі якасцямі застаецца сярод нас як мага даўжэй!
Таццяна СУШКО