Ірына Чэпікава: «Чым больш працуеш выкладчыкам, тым больш адчуваеш мацярынскія пачуцці да студэнтаў»

Цяжка паспрачацца са словамі знакамітага артыста Яўгенія Лявонава “Шчасце – калі раніцай хочацца на працу, а вечарам – дахаты”. У Ірыны Чэпікавай, дацэнта кафедры рускай філалогіі, вучонага сакратара Савета ўніверсітэта ГрДУ імя Янкі Купалы, якая нядаўна сустрэла юбілей, так і ёсць. Яна любіць сваю працу, таму з задавальненнем ідзе на яе. Любіць сваю сям’ю і з радасцю спяшаецца дамоў. У гэтым, здаецца, і заключаецца чалавечае шчасце.

Прызванне грамацея і кніжніка

Ірына Антонаўна ведае ўсе асаблівасці спецыфікі працы са студэнтамі ва ўстанове вышэйшай адукацыі. Працаваць у ГрДУ імя Янкі Купалы пачала даўно, яшчэ студэнткай 2 курса філалагічнага факультэта. І першым працоўным месцам стала кафедра рускай мовы, дзе Ірыне прапанавалі пасаду лабаранта. Пасля была сакратаром у дэканаце філалагічнага факультэта, асістэнтам на кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства, выкладчыкам.

Настаўніцай Ірынай Антонаўнай стала ў дзяцінстве, калі, забаўляючыся, вучыла суседскіх дзяўчынак і хлопчыкаў грамаце. У школе, па ўспамінах субяседніцы, пісала без памылак і атрымлівала за граматнасць па сачыненнях “выдатна”, а вось за змест – чацвёрку. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Віктараўна Гірычова казала, што ў яе сачыненнях не хапала разынкі, матэрыял падаваўся сухавата, затое да граматнасці прэтэнзій не было. У старэйшых класах пачала наведваць Школу юнага філолага пры купалаўскім універсітэце. Менавіта тады і акрэслілася будучая справа жыцця: праца з тэкстам. Выбар зрабіла на карысць філалагічнай адукацыі.

Гады навучання ва ўніверсітэце Ірына Антонаўна ўспамінае з цеплынёй і ўдзячнасцю да сваіх выкладчыкаў за тую атмасферу, якая панавала на філфаку. Хацелася развівацца, расці інтэлектуальна, вучыцца, асвойваць новае. І гэты няспынны працэс захапляў. Так яна і панесла па жыцці свій лозунг “Вечны студэнт”.

Студэнт учора і сёння

У нашай групе ніколі не было такога, каб выкладчык задаў пытанне, а мы, студэнты, сядзелі моўчкі і баяліся падняць руку. У большасці сваёй мы былі ініцыятыўнымі, актыўнымі, гаваркімі, таму тая меншая частка студэнтаў, якая прыйшла на пару непадрыхтаванай, заставалася на агульным фоне нават незаўважанай, – успамінае Ірына Чэпікава.

Сённяшнім студэнтам яна раіць больш праяўляць сябе, не баяцца выкладчыкаў, не баяцца прасіць дапамогі, не баяцца памыляцца, не баяцца выказвацца. Гэта дае магчымасць выкладчыкам заўважыць здольнасці студэнта, падказаць яму, у якім накірунку рухацца. Такім чынам ён хутчэй знойдзе сябе, сваё месца ў жыцці, сваё прызванне.

Чым больш працуеш выкладчыкам, тым больш адчуваеш мацярынскія пачуцці да студэнтаў. Часта кажу ім “дзеці”, бо яны і сапраўды бываюць настолькі ранімыя, бездапаможныя, нявопытныя, баязлівыя, што па-іншаму іх і не назавеш, – даводзіць субяседніца.

Разам з тым яна зазначае, што сучасная моладзь вельмі прагрэсіўная і падчас працы са студэнтамі выкладчык не толькі аддае назапашаныя веды, але і вучыцца ў іх, чэрпае запал, энергію, пераймае лёгкую моладзевую ўсмешку.

Калі глядзіш на вясёлыя твары студэнтаў, у іх пытлівыя вочы, на іх творчыя памкненні, гэта не пакідае раўнадушным. Хочацца рыхтавацца да заняткаў, імкнуцца даць як мага больш ведаў, працаваць на іх карысць, – кажа Ірына Чэпікава.

Ірына Антонаўна лічыць сябе вельмі крытычнай, у першую чаргу да сябе, пасля да іншых, патрабавальнай, справядлівай і строгай, але, падкрэслівае, у меру. Яна любіць дакладнасць і аб’ектыўнасць. Можа таму і даводзіцца ёй чытаць тэарэтычныя курсы.

Зараз асноўная дысцыпліна, якую выкладае Ірына Антонаўна для студэнтаў 1 курса, – “Уводзіны ў мовазнаўства”. Запомніць увесь вывучаны матэрыял немагчыма, – лічыць Ірына Антонаўна, – галоўнае навучыцца думаць сістэмна і засвоіць базавы тэрміналагічны апарат. Доўгі час яна выкладала сучасную беларускую мову. Успамінае, як студэнты адзначалі, што дзякуючы яе заняткам некаторыя з іх пачыналі цікавіцца беларускай мовай.

Хаця я патрабавальны выкладчык, але студэнтаў строга не суджу, бо ўсе веды часовыя. Самае важнае – рэшткавыя веды, а таксама зацікаўленасць прадметам. Прыемна назіраць, што ты кагосьці “заразіў” сваім прадметам, – падкрэслівае выкладчык.

Доўгі шлях у навуку

Ірына Антонаўна ставіцца да справы вельмі адказна. Менавіта з такім падыходам яна адносіцца і да навукова-даследніцкай дзейнасці, у прыватнасці да свайго дысертацыйнага даследавання.

Ірына Антонаўна Чэпікава – кандыдат філалагічных навук. Дысертацыю абараніла па дзвюх спецыяльнасцях – “Руская мова” і “Беларуская мова” у Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Нямала часу яна аддала падрыхтоўцы кандыдацкай дысертацыі, і яе працу ў свой час прызналі лепшай сярод гуманітарных навук сезона.

Зараз яна дае наказ студэнтам пры падрыхтоўцы курсавой ці дыпломнай: валодаць тэмай лепш за любога члена камісіі і быць упэўненым у сваёй галіне даследавання. Гэта адназначна спатрэбіцца.

Функцыянальна-камунікатыўны падыход, які яна даследавала ў кандыдацкай дысертацыі, дапамагае па сённяшні дзень у выкладчыцкай дзейнасці, – прызнаецца Ірына Антонаўна. Яна з лёгкасцю заўважае цесныя сувязі, паралелі паміж моўнымі з’явамі. А студэнтам стараецца паказаць, што вялікія навукоўцы не недзе там, далёка, а яны побач з намі, у нашым універсітэце.

Я заўсёды прапагандую нашых вучоных нават у межах сумежных дысцыплін. Напрыклад, Марыю Іосіфаўну Канюшкевіч, Часлава Станіслававіча Кірвеля, Васілія Міхайлавіча Нікіцевіча, Івана Якаўлевіча Лепешава і многіх іншых навукоўцаў-землякоў. Лічу, што персаналіі павінны гучаць у студэнцкіх аудыторыях, – падкрэслівае Ірына Антонаўна.

Яна настойліва раіць студэнтам цікавіцца не толькі вядомымі людзьмі, але і самой навукай, адзначаючы, што людзі навукі адрозніваюцца запалам, ясным розумам і маладжавасцю.

Ірына Чэпікава і сама спаўна валодае гэтымі якасцямі. Яна захапляецца спортам, часта гуляе на свежым паветры і бывае на лецішчы. І што самае цікавае – узнялася на неба на параплане і планеры. Адважылася на такі сур’ёзны ўчынак, каб зразумець захапленне мужа, а ён займаецца парапланерызмам. Паспрабавала палятаць сама і ацаніла хобі мужа на высокую адзнаку – сапраўды неба вабіць!

На карысць людзям

Вось ужо на працягу пяці гадоў, акрамя вучэбнай нагрузкі, Ірына Антонаўна яшчэ займаецца падрыхтоўкай дакументацыі для правядзення Савета ўніверсітэта, афармленнем дакументаў у ВАК, конкурсных спраў выкладчыкаў на грамадскай пасадзе вучонага сакратара Савета ўніверсітэта.

Калі я стала вучоным сакратаром Савета ўніверсітэта, то выйшла па-за межы свайго факультэта. Пашырылася кола зносін, бо раней яны тычыліся ў асноўным факультэта і кафедры. Мне падабаецца тое, што я магу быць карыснай, магу дапамагчы, таму ўскладаю на сябе абавязкі і кафедральныя, і факультэцкія, і ўніверсітэцкія. Я рада, што людзі давяраюць мне, майму прафесіяналізму, маім здольнасцям. Гэта, безумоўна, акрыляе. Калі да мяне звяртаюцца, я заўсёды гатова дапамагчы. Як сама не магу справіцца, падкажу таго, хто кампетэнтна растлумачыць тую ці іншую задачу, – адзначае вучоны сакратар.

А яшчэ Ірына Антонаўна звярнула ўвагу на тое, што працуецца з асалодай, калі ў цябе мудрае кіраўніцтва. Тады на працу хочацца ісці і пакідаеш працоўнае месца ў добрым настроі.

Атрымліваецца, я шчаслівы чалавек: з задавальненнем іду ва ўніверсітэт, з задавальненнем вяртаюся дахаты пасля працы, – з усмешкай дадае Ірына Чэпікава.

Ну а на пытанне, як Вам удаецца, гледзячы на тэкст, адразу заўважаць памылкі, Ірына Антонаўна з усмешкай на вуснах адказала: “Асабліва чужыя”.

Калі шчыра, то гэта прыйшло з вопытам, я шмат працавала з тэкстам: пісала, чытала, даследавала. Адным словам, развівалася ў гэтым накірунку. А яшчэ вельмі люблю дакладнасць і структуру, можа таму і памылкі адразу заўважаю, – падзялілася субяседніца.

Ірына Антонаўна і сапраўды вечны студэнт. Яна не спыняецца ў сваім развіцці і зараз актыўна асвойвае англійскую мову на ўніверсітэцкіх курсах. Кажа, у свеце акадэмічнай мабільнасці ўніверсітэта без ведання англійскай мовы немагчыма.

Ну а студэнтам яна жадае актыўнасці, мэтанакіраванасці, імкнення вучыцца, не баяцца выказваць сваё меркаванне, асвойваць новыя тэхналогіі, шматгранна развівацца дзеля ўнутранай гармоніі і, канешне ж, быць граматнымі.

Таццяна СУШКО

Поделиться

Читайте также: