Пётр Іванавіч Маляўка — душэўна-шчодры педагог, справядлівы і верны калега, мудры сем’янін, надзейны сябра

Сонечным летнім нядзельным ранкам, 29 ліпеня, на 63-м годзе жыцця пакінуў свет непадробнай духоўнай чысціні наш калега – літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Пётр Іванавіч Маляўка. Ён быў сапраўдным ва ўсім: душэўна-шчодры педагог, справядлівы і верны калега, мудры сем’янін, надзейны сябра. Пра такіх кажуць: Чалавек з вялікай літары, пацалаваны Богам. І хоць прозвішча Пятра Іванавіча не вызначалася асаблівай высотнасцю, душу ягоную трымаў магутны Дух Дабрыні і Чалавечнасці. Пётр Іванавіч быў вялікім жыццялюбам: любіў жыццё як найбольшы Божы дарунак і адорваў бліз сябе непераўзыдзенай святасцю і светласцю – людскасцю. Зрэшты, заўсёдным гаваркім выразам і было ягонае “трэба па-людску…”. Такое свойскае, зямное, багавейнае.

Так, зямля бацькоў, навагрудская зямля, шчодра ўдыхнула гэтае сакральнае права быць чалавекам на зямлі. Зямны круг жыцця Пятра Іванавіча замкнуўся тут, на малой радзіме. Паспеў падзяліць радасць святкавання вёскі з землякамі, з тым, да чаго гарнулася душа – да хатняга і радзіннага; паспеў развітацца з бацькоўскай магілкай… Не паспеў развітацца з намі, хто яго любіў, паважаў, даражыў.

Дацэнт кафедры беларускай філалогіі Пётр Іванавіч Маляўка нарадзіўся 16.04.1956 у вёсцы Каменка Навагрудскага раёна. Закончыў філалагічны факультэт БДУ, працаваў настаўнікам-філолагам у Зельвенскім раёне Гродзенскай вобласці. 1979-1982 гг. – вучоба ў аспірантуры Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі. З 1982 года – асістэнт кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржуніверсітэта. У 1984-1985 гг. працаваў намеснікам дэкана філалагічнага факультэта. Кандыдат філалагічных навук (1985), тэматыка навуковых публікацый – праблемы развіцця сучаснай беларускай драматургіі. Нельга абысці ўвагай і важкі ўнёсак калегі ў выкладанні і папулярызацыі беларускай дзіцячай літаратуры. Нястомны працаўнік-рупліўца, Пётр Іванавіч Маляўка ахвяраваў кафедры беларускай літаратуры 35 плённых гадоў (1982-2017) свайго  шматфарбнага, хуткаплыннага жыцця. Праз усё жыццё ён запомніўся чалавекам абаяльным і інтэлігентным, сціплым і высакародным. Пётр Іванавіч быў сапраўдным патрыётам з небаўзлётнай верай у людское паразуменне, суладдзе васількоў у жыце і святасць беларускага слова.

Шчаслівымі былі тыя студэнты, якім выкладаў Пётр Іванавіч. Як вопытны, граматны філолаг ён так шыкоўна распавядаў пра літаратурны дзівосны свет у самых розных тонах і паўтонах, з лірычнаўзнёслымі іскрынкамі і камедыйнымі адмецінкамі – дзівацтвамі і “вар’яцінкамі”. Вобразна, паэтычна-грацыёзна, запамінальна. Прызнаем: як нікога з нас, сённяшніх філолагаў, яго асабліва любілі студэнты. Любілі, бо на занятках вучыліся жыць, пазнаваць жыццё ў яго розных праявах. Любілі за няпісаныя хрысціянскія прынцыпы міласэрнасці і гуманнасці, за цудатворнае ўменне свайго педагога бачыць і чуць людскае, верыць у чалавека – так неабходныя ў вірлівай мітусні жыцця. Як той дудараўскі герой Мульцік, Пётр Іванавіч нагадваў “сонцапаклонніка”, які спавядальна размаўляў з Сонцам, каб сагрэць на зямлі душы людскія. Думаецца, зусім невыпадкова з нас, літаратараў, менавіта яму было даручана выкладаць самую далікатную дысцыпліну – дзіцячую літаратуру, якая не даруе ні каліва прытворства і якая патрабуе прылучыцца да светлай дзіцячай наіўнасці і непасрэднасці. Якая вучыць дзяліцца словам, вучыць змалку любіць усё жывое, шанаваць бацькоў і дом – сваю маленькую радзіму. Ён любіў саму плоць слова, цешыўся-гуляў з найдалікатнейшымі яго гранымі, наталяўся яго гучаннем і сэнсам. Усё гэта, безумоўна, з вялікім імпэтам перадаваў маладому пакаленню.

Пётр Іванавіч быў душой калектыву: усюды сваім. Жыццярадасны, з зайздросным пазітывам, ён часта выступаў на студэнцкіх і школьных канферэнцыях, калядных імправізацыях, святочных імпрэзах… У кожнае святкаванне Дня мовы, Дня паэзіі, жаночага свята калега адорваў аўдыторыю сваімі вершамі, народнымі песнямі, уласнымі віншаванкамі. Ён не толькі ўзбуджаў красамоўным слоўцам удзячных слухачоў, а менавіта абуджаў у філолагаў прагу шукаць красу і светласць – мастацкія, жыццёвыя. Нядаўна патрапіў на вочы ўласнаручна перапісаны Пятром Іванавічам верш С. Валодзькі “Суніцы для Багдановіча”. Круглыя літаркі, правільная каліграфія, разборлівы ўборысты почырк. Як тыя вышытыя зоркі-суніцы, толькі на белым аркушы паперы… Помніцца, як замірала зала, калі так пачуццёва, кранальна-шчыра чытаў гэты верш Пётр Іванавіч са сцэны юбілейнага вечара, прысвечанага Максіму Багдановічу. Балесна ўспрымаць сёння першыя і апошнія радкі, прачула агучаныя няпоўныя два гады таму нашым калегам. Радкі, ім самім жа абраныя:

Максім перад тым як пакінуць  

                                     свет гэты

Прынесці суніц папрасіў для паэта…

Не раз яшчэ ў клопаце вечным

                                       аб хлебе

Убачым: суніцы рассыпаны ў небе…

Знакава і таямніча. Сунічным водарам наліваўся той летні ранак, зубчаты край лесу, калі перастала біцца хворае, збалелае сэрца калегі. Ягоным дбайным клопатам быў хлеб духоўны (пра чалавечнае і вечнае), які ў кмене зорак можа зараз толькі сніцца. Зрэшты, Пётр Іванавіч неўтаймоўна згадваў, спадзеўна маліўся і на сваю “зорачку ў небе”.

Кніга жыцця загарнула пражытыя старонкі і пакінула ПАМЯЦЬ – пра Ягоную незвычайную галантнасць, пранікліваўдумлівы позірк, сонечную ўсмешку… А яшчэ ў памяці калег, студэнтаў, сяброў будуць доўга гучаць напісаныя з крамяным слоўцам вершы, заспяваныя ім з такой пекнай мілатой песні. Помніцца маўклівая цішыня і прасветленыя тварыкі нашых дзяўчат-філолагаў, як у зачараваным царстве, калі Пётр Іванавіч выконваў народную песню “Погляд дзявочы”. Высакародна-пашанліва ліліся радкі на матчынай мове: “Месяц на небе ўночы, // Мы паміж соснамі крочым. // Погляд дзявочы, погляд дзявочы – // Просты і дарагі… // Погляд дзявочы, погляд дзявочы – // Мілы і дарагі…”.

Бездакорна і тое, што Пётр Іванавіч ведаў: жыць на свеце трэба, каб да апошніх дзён любіць Людзей, Зямлю і Неба. Таму мелодыя Ягонай любові да жыцця, да роднага райскага кутка, да бліжняга будзе заўсёды гучаць гожым і годным акордам:

Спыніся на момант, прыслухайся толькі:

У родну старонку ляцяць журавы,

Курлычуць над лесам,

Над полем знаёмым.

Вясны прывітанне нясуць з далячынь!

Іх клін пралятае над роднаю вёскай,

Упэўнена клінам кіруе важак.

Якая іх сіла імкне?!

Заклікае?!

Якая іх сіла вяртае назад?!

Іх клічуць прасторы палескае пушчы,

Азёраў блакіт і зялёны мурог.

Ім шлях асвятляюць

У ноч цёмну зоры,

Іх кліча спрадвеку Бацькоўскі Парог!

Светлая памяць пра Педагога, Настаўніка, Дарадцу. Хай будзе неспатольная душа ягоная пад міласэрнай апекаю Усявышняга, каб сагрэць нашы ўспаміны ласкавым словам. Хай сэрца лагоднее ад суцяшэння, што долі інакшай не трэба зямной…

Аліна САБУЦЬ, дацэнт кафедры беларускай філалогіі

Поделиться

Вам может также понравиться...