Больш за 220 выдатнікаў вучобы, лаўрэатаў спецыяльных фондаў, пераможцаў міжнародных алімпіяд і конкурсаў з усёй Беларусі сабраліся на Рэспубліканскім балі выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі

Больш за 220 выдатнікаў вучобы, лаўрэатаў спецыяльных фондаў, пераможцаў міжнародных алімпіяд і конкурсаў з усёй Беларусі сабраліся на Рэспубліканскім балі выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. Сярод іх – студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы.

Купалаўскі ўніверсітэт на Рэспубліканскім балі выпускнікоў прадставілі рэктар Ірына Кітурка і сем лепшых выпускнікоў 2019 года. Гэта студэнты факультэта эканомікі і кіравання Арслан Аннаев, інжынерна-будаўнічага факультэта Аляксей Заяц, факультэта матэматыкі і інфарматыкі Паліна Курбатава, філалагічнага факультэта Аляксандр Лапатнёў, факультэта біялогіі і экалогіі Надзея Марчук, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Ірына Чабатарэвіч і педагагічнага факультэта Вікторыя Янулевіч. Права прымаць удзел у падзеі рэспубліканскага ўзроўню купалаўцы атрымалі за высокія дасягненні ў вучобе, навуцы і творчасці. На працягу ўсіх гадоў навучання ва ўніверсітэце выпускнікі вялі актыўную грамадскую і валанцёрскую дзейнасць, станавіліся прызёрамі і пераможцамі разнастайных алімпіяд, конкурсаў і чэмпіянатаў.

Павітаў удзельнікаў балю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён пажадаў выпускнікам увасабляць мары ў жыццё і працаваць на канкрэтны, карысны людзям вынік.

Нашай беларускай моладзі я хачу пажадаць, каб, мадэлюючы сваю будучыню, вы разумелі: усё, што мы робім, – робім не для прыгожай карцінкі ў сацыяльных сетках. Хоць гэта і модна цяпер – жыць онлайн у інтэрнэце. Але мары трэба ўвасабляць у рэальным жыцці, і вам прыйдзецца гэта рабіць, працаваць на канкрэтны, карысны людзям вынік, – сказаў Прэзідэнт. – Тады з вашых асабістых поспехаў складзецца шчаслівая будучыня краіны – усёй нашай Беларусі.

Лепшыя выпускнікі і выкладчыкі ўстаноў адукацыі ўдастоіліся Падзякі Прэзідэнта, і кіраўнік дзяржавы асабіста ўручыў ім гэтыя ўзнагароды падчас мерапрыемства, падкрэсліўшы, што выпускнікі атрымалі першыя дзяржаўныя ўзнагароды і гэта мае вялікае значэнне. Сярод узнагароджаных і студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Паліна Курбатава.

Запрошаныя на баль выпускнікі і педагогі прыехалі ў сталіцу напярэдадні, каб падрыхтавацца да ўрачыстай падзеі і прыняць удзел у спецыяльнай пазнавальнай і забаўляльнай праграме. Так, яны пабывалі на спаборніцтвах II Еўрапейскіх гульняў. Да таго, як прыбыць непасрэдна на баль, яны сабраліся на плошчы Перамогі, дзе прайшла ўрачыстая акцыя «Маладая Беларусь памятае». Удзельнікі цырымоніі ўсклалі кветкі да манумента Перамогі і выпусцілі ў неба галубоў, што сімвалічна адлюстроўвала імкненне да мірнай і шчаслівай будучыні краіны і народа.

Падчас галоўнай урачыстасці ўсе падзеі, элементы святочнай праграмы і нават афармленне залы былі накіраваны на тое, каб падкрэсліць поспех, які ўжо маюць выпускнікі і да якога яны будуць імкнуцца ў далейшым. Удзельнікаў балю чакала насычаная забаўляльная праграма з арыгінальнымі фотазонамі, футурыстычнымі інсталяцыямі, інтэрактыўнымі пляцоўкамі, выступамі дыджэяў і вядомых беларускіх артыстаў.

Па матэрыялах Белта

Поделиться

Вам может также понравиться...