Больш за 200 купалаўцаў прынялі актыўны ўдзел у акцыі па дабрачынным донарстве

Больш за 200 купалаўцаў прынялі актыўны ўдзел у акцыі па дабрачынным донарстве і скарысталіся магчымасцю зрабіць унёсак у выратаванне жыцця. Раніцай 23 кастрычніка ў студэнцкім інтэрнаце па адрасе вуліца БЛК, 3 надзвычай жыва і шматлюдна: тут працуе выязны кабінет донара. Карэспандэнт газеты “Гродзенскі ўніверсітэт” не змог абысці ўвагай акцыю дабрыні і пабываў у цэнтры падзей.

На першым паверсе ў памяшканні інтэрнату нас сустракае начальнік Цэнтра аховы здароўя ГрДУ імя Янкі Купалы і падрабязна расказвае пра працэдуру дачы крыві, праводзіць па кабінетах, дзе адбываецца як сама працэдура, так і падрыхтоўка да яе.

Донарства крыві – гэта добраахвотная здача здаровым чалавекам уласнай крыві для яе далейшага пералівання хворым. Сам па сабе ўдзел у акцыі – гэта ўжо добры ўчынак, сведчанне высокай грамадзянскай пазіцыі. Больш за тое, па словах спецыялістаў, донарства карыснае для фізічнага здароўя. Яно стымулюе працу імунітэту, а таксама папярэджвае некаторыя захворванні, у тым ліку сардэчна-сасудзістыя.

Кожнаму валанцёру-донару, якіх на сёння запісалася каля 90 чалавек, перш за ўсё неабходна запоўніць анкету, адказаўшы на пытанні пра перанесеныя захворванні, ужыванне ў апошні час медыкаментаў і іншыя. Гэта патрэбна для выяўлення рызыкі ў плане заражэння захворваннямі, якія перадаюцца праз кроў. Затым праводзіцца папярэдні медыцынскі агляд і агульны аналіз крыві з пальца: вызначаецца яе група, узровень гемаглабіну і іншыя паказчыкі, а таксама вымяраецца ціск. Ужо на гэтым этапе ўдзел у акцыі можа спыніцца, калі ў валанцёра, напрыклад, нізкі паказчык гемаглабіну ці паніжаны ціск.

Упершыню збіраецца здаваць кроў Дзіяна, студэнтка 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі:

Я веру, што калі ты камусьці дапаможаш, то і табе ў пэўны час дапамогуць. Вось таму я тут. Хачу яшчэ даведацца свой рэзус-фактар і групу крыві.

Згодна з правіламі, донараў чакае лёгкі сняданак: чай, пячэнне, шакалад. Паснедаўшы, яны па чарзе заходзяць у донарскі кабінет, дзе стаяць спецыяльна абсталяваныя крэслы для забору крыві. А яе бяруць у донара ў аб’ёме 450 мілілітраў.

Ілона, студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, становіцца донарам ужо ў трэці раз. Дзяўчына падзялілася сваімі пачуццямі:

Цяжка перадаць словамі тое, што ты адчуваеш падчас здачы крыві: напаўняе такое пачуццё, што ты на справе камусьці дапамог захаваць жыццё. Асабліва, калі ты сядзіш пасля таго, як у цябе ўзялі амаль 500 мл крыві, – здаецца, быццам разам з гэтай крывёю ты аддаў часцінку сваёй жыццёвай энергіі іншаму чалавеку. Праз пару гадзін твой фізічны стан усталюецца, а ўнутранае пачуццё ад споўненага абавязку застанецца. Гэта такое задавальненне! Хочацца зноў быць донарам – рабіць людзям дабро, ратуючы іх жыццё.

У калідоры чакае сваёй чаргі ў донарскую залу Іван, студэнт 5 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання:

Я прыйшоў сюды, таму што хачу каму-небудзь дапамагчы. Пасля таго, як першы раз здаў кроў, зразумеў, што нічога страшнага ў гэтым няма. Асабіста ў мяне пасля забору крыві фізічны стан не змяняецца, я магу як звычайна займацца штодзённымі справамі, працаваць, вучыцца. А адчуванне, што ты прыняў удзел у такой добрай справе, натхняе.

Валанцёры-донары атрымалі кампенсацыю ў выглядзе пакрыцця выдаткаў на харчаванне на аднаўленне сіл пасля дачы крыві і дадатковага выхаднога дня:

Дзесьці два разы на год мы ажыццяўляем такія выязды ў межах акцый па дачы крыві.

Выязджаем не толькі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, але і ў медыцынскі і аграрны ўніверсітэты. Моладзь заўсёды лёгкая на пад’ём і актыўна прымае ўдзел у акцыі, – адзначыў урач-трансфузіёлаг Гродзенскай абласной станцыі пералівання крыві Юрый Громак.

Выязны кабінет донара працаваў у першай палове дня ў чатырох інтэрнатах універсітэта з 22 па 25 кастрычніка. Усяго сваёю крывёю падзяліліся 242 студэнты і супрацоўнікі.

У пэўныя моманты жыццё пацыенту можа выратаваць толькі своечасова пералітая кроў. Менавіта таму тысячы людзей штодня кажуць дзякуй донарам за выратаванне жыцця!

Таццяна СУШКО

Поделиться

Читайте также: