В ГрГУ имени Янки Купалы назвали Студента года — 2019
Стаць пераможцай адназначна няпроста, тым больш калі твае апаненты – маладыя, энергічныя, творчыя і разумныя. Пра якасці, якія дапамаглі Наталлі Гузевіч, студэнцы 3 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, дасягнуць поспеху ў нялёгкіх спаборніцтвах і стаць Студэнтам года-2019 ГрДУ імя Янкі Купалы, яна расказала чытачам газеты “Гродзенскі ўніверсітэт”.
У словах песні, якую Наталля прадстаўляла ў творчым нумары на конкурсе, здаецца, хаваецца той самы сакрэт яе натхнення і поспеху:
«ГрДУ нас звязаў, казкаю нашай стаў
І што не кажыце – дам адразу адказ:
Дух Купалы – у кожным з нас».
А сама дзяўчына пра свае рысы характару, якія дапамаглі дасягнуць поспеху, адказала так:
– Думаю, мой сакрэт – у прастаце і адкрытасці да людзей. Мне не цяжка размаўляць, прасіць дапамогу, нават у замежных студэнтаў. Заўважыла, што і людзі да мяне прыхільна ставяцца, як да такога сціплага, маленькага чалавека.
Нарадзілася Наталля ў вёсцы Лойкі Гродзенскага раёна, скончыла мясцовую школу з залатым медалём. Падчас навучання актыўна ўдзельнічала ў канферэнцыях, конкурсах дэкламатараў паэзіі, алімпіядах па мовах, была экскурсаводам у школьным музеі “Вытокі”, выступала ў складзе мясцовага народнага ансамбля “Зарачанскія крынічкі”:
– У школе ні адно мерапрыемства не праводзілася без майго ўдзелу. Асабліва мяне цягнула да беларускага слова. Калі хто думае, што выдатнікі – сумныя завучкі, то гэта не так. Я заўсёды была ў цэнтры падзей. І зараз сябры называюць мяне “энерджайзерам”.
Калі надышоў час выбіраць будучую прафесію, Наталля дакладна ведала, што хоча стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, атрымаўшы адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы:
– Заўсёды марыла быць падобнай да школьнай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Як і мая мама – выхавацель дзіцячага садка, вельмі люблю дзяцей. Заўважала, што і дзеці да мяне цягнуцца, слухаюцца. Акрамя таго, для мяне важна быць побач з роднымі, блізкімі, і Гродна, які знаходзіцца недалёка ад роднага дома, якраз дае такую магчымасць.
Сёння ў Наталлі самы высокі сярэдні бал залікоўкі сярод аднагрупнікаў, яна намеснік старшыні навуковай суполкі факультэта і актыўны член дыялекталагічнага гуртка “Навука”, цікавіцца краязнаўствам і фальклорам Гродзеншчыны:
– Мне падабаецца займацца ўсім, што звязана з родным краем. Месца, дзе я жыву, Сапоцкінскі рэгіён, – вельмі багаты на вусную народную творчасць. Я рада, што ўніверсітэт дае магчымасць мне працягваць справу па даследаванні духоўнага багацця, якую я распачала ў школе.
Калі ад куратара паступіла прапанова ўдзельнічаць у конкурсе “Студэнт года”, Наталля засумнявалася ў сваіх здольнасцях, але аднакурснікі пераканалі паспрабаваць:
– Часта так бывае, што іншыя больш у мяне вераць, чым я сама. Асабліва ва ўніверсітэце бачу, што побач шмат разумных, здольных, творчых, таму і засумнявалася ў сваіх сілах.
Партфоліа Наталлі – у форме ручніка. Яна беражліва бярэ яго ў рукі і зазначае:
– Ручнік – сімвал дарогі жыцця, чысціні, цяпла, і чым больш яго разгортваеш, тым больш даведваешся пра мяне і мой жыццёвы шлях.
Акрамя патрфоліа на конкурс трэба было падрыхтаваць праект, накіраваны на вырашэнне сацыяльных пытанняў. У Наталлі ён быў звязаны з замежнымі студэнтамі і меў назву “Мова сяброўства не патрабуе перакладу”:
– Я заўважыла, што ў інтэрнаце ўніверсітэта жывуць побач з намі, беларусамі, прадстаўнікі розных краін свету, і каб мы сябравалі, і паміж намі не было абмежаванняў ва ўзаемаадносінах, я прапаную ладзіць мерапрыемствы, падчас якіх мы будзем бліжэй знаёміцца з традыцыямі і культурай замежных студэнтаў, а яны – з нашай.
З пачуццём удзячнасці Наталля расказала пра куратара групы Ірыну Хлусевіч, якая падчас падрыхтоўкі да конкурсу заўсёды была побач, на сувязі нават ноччу. Па словах Наталлі, яе дапамога, падказкі, карэктывы былі бясцэннымі.
Пасля вучобы ва ўніверсітэце Наталля плануе стаць настаўнікам, разумеючы, што прафесія патрабуе самаахвярнасці і адказнасці. А да гэтага, пераканана, яна ўжо гатова.
Напрыканцы размовы субяседніца адзначыла:
– Пасля ўдзелу ў конкурсе “Студэнт года” зразумела, што не трэба баяцца паказваць свае магчымасці, а наадварот, вучыцца дастойна прадстаўляць сябе. Магчыма ўсё, а на немагчымае патрабуецца проста крыху больш часу.
Няхай жа перамога ў наступным, абласным, этапе конкурсу будзе магчымай, а на ўсё, на першы погляд, немагчымае ў Наталлі заўсёды хапае часу!
Гутарыла Таццяна СУШКО