Руслан Казлоўскі: «Як адзначалі Каляды на Гродзеншчыне»

На працягу года беларусы адзначаюць шмат каляндарных народных свят, сярод якіх значнае месца займаюць Каляды. Свята прысвечана дню зімовага сонцастаяння: самай доўгай ночы і кароткаму дню.

Яшчэ з дахрысціянскіх часоў славяне адзначалі каляднае свята, дзень перамогі сілаў святла над сіламі цемры, што праяўлялася ў павелічэнні светлага часу сутак. З прыходам хрысціянства адбылося супадзенне па часе са значным святам – Нараджэннем Хрыстовым (Раством). У беларускай вуснай народнай творчасці, абрадах, звычаях на працягу шматлікіх стагоддзяў адбылося ўзаемапранікненне элементаў паганскіх і хрысціянскіх. Многія святы ў народзе сталі «святкавацца двухбакова»: нярэдка на паганскі абрад накладаліся хрысціянскія элементы і ў песнях прысутнічалі шматлікія вобразы і матывы з царкоўных псальмоў і духоўных песенных твораў. Так, Каляды наклаліся з Нараджэннем Хрыстовым, Вялікдзень – з Уваскрасеннем, Сёмуха – з Троіцаю.

У Гродне і вобласці ў залежнасці ад канфесіі Каляды святкуюцца ў каталікоў з 24 снежня па 6 студзеня, а ў праваслаўных з 6 па 21 студзеня (з 24 снежня па 8 студзеня старога стылю). Рыхтаваліся да такіх падзей загадзя – у многіх мясцовасцях Гродзеншчыны пачыналі з першага тыдня хрысціянскага посту, які меў пачатак з Піліпаўкі (28 лістапада новага стылю ці 15 лістапада старога стылю). Калолі парсюка, рабілі каўбасы, падвешвалі іх на гарышчы хаты. Перад Калядамі ў хаце добра замывалі падлогу і маглі яе пасцілаць яшчэ і саломай (Дзятлаўскі раён), бо «Хрыстос нарадзіўся сярод жывёл у хляве», як казалі ў вёсках і мястэчках. Да свята палілася лазня, абавязкова павінна быць чыстай вопратка.

Усяго ж было тры Каляды (Куцці). Першай Куццёй (поснай, простай) сканчаўся шасцітыднёвы піліпаўскі пост (вечар 24 снежня ст. ст.). Другая (багатая, тоўстая) 31 снежня (ст. ст.) – пачатак шчодрага тыдня. Трэцяя (тонкая, посная, вадзяная) – перад Вадохрышчам 5 студзеня (ст. ст.). На першую Куццю (Каляду) усе ідуць да храма, вярнуўшыся адтуль, сядаюць за святочную вячэру. На стол клалі сена і толькі тады на абрус ставілі стравы. Колькасць іх павінна быць няцотнай (пяць, сем і болей). На Гродзеншчыне ў многіх раёнах на стол трэба было ставіць 12 страў, як апосталаў у Хрыста, і яшчэ адну талерку для самога Ісуса (уплыў каталіцызму).

Галоўнай стравай на стале была куцця – каша, якая рабілася з зярнят ячменю альбо пшаніцы, абтоўчаных у ступе. Усе тры куцці трэба было варыць у адным і тым жа гаршку, у час варкі нельга было каштаваць. Пасля прыгатавання куцця ставілася на сена і накрывалася хлебам. У Лідскім, Дзятлаўскім, Шчучынскім раёнах Гродзенскай вобласці яе рабілі з пярловай крупы, з салодкай вадою.

Вячэру пачыналі з узыходам на небе першай зоркі. Запальвалася свечка ў святым куце пад абразамі, прамаўляліся асноўныя хрысціянскія малітвы. Садзіліся за стол па старшынству: бацька, сыны, жанчыны. Ежа на першую Куццю ўся павінна быць поснай. Па старадаўняму звычаю яна падавалася ў пэўным парадку: селядцы з алеем, боршч з рыбаю і грыбамі, пампушкі, кісель, фасоля, іншыя стравы і апошняй – куцця. У Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці на раніцу сена са стала абавязкова нясуць жывёле, каб яна была здаравейшай і «цяжэйшай». Плеўку з куцці «нясуць авечцы, каб добра пладзілася, а куццю – курам. Кладуць круглы абруч і ставяць у яго куццю – як куры паядуць, то будуць несціся ў адным месцы».

Калядныя святы лічыліся яшчэ і днямі памінання продкаў, хаця трэба заўважыць, што зімнія дзяды (па сведчанню даследчыка П.В. Шэйна) больш распаўсюджанымі былі ў паўднёвых славянаў, чым усходніх, але гэтае cвята захавалася на Гродзеншчыне і было падрабязна запісана яшчэ ў XIX стагоддзі на Слонімшчыне. Да прыходу хрысціянства ў знак памяці памерлых у дварах на 24 снежня запальвалі вогнішчы, пасля ім на змену прыйшлі свечкі, як сімвалы вечнага агню жыцця. У многіх мясцовасцях рэшткі куцці да раніцы не прыбіраліся, каб ноччу зляцеліся продкі і далучыліся да стала. У гэты вечар расказвалі розныя паданні, легенды, жахі, прыгоды да трэціх пеўняў.

Перад Новым годам (на «Шчодры вечар») дзяўчаты варажылі на свой лёс: кідалі чаравік праз хату. У які бок пакажа наском, адтуль прыйдзе суджаны. Калі ж абутак зачэпіцца за штосьці, то дзяўчына замуж пакуль не выйдзе (Карэліцкі, Навагрудскі раёны). У Іўеўскім і Дзятлаўскім раёнах на багатую куццю пяклі аладкі. Трэба было ўзяць першую ў суседа і мазку для патэльні (кавалачак шкваркі), выбегчы на двор на тое месца, дзе смалілі «пярэстую свіню», памазаць аладку скваркаю, есці і слухаць, дзе брэшуць сабакі – з гэтага боку і прыедуць сваты. Былі іншыя віды варажбы. Увогуле варажыць забаранялася, але было павер’е, што ў калядныя вечары Бог даруе гэты грэх.

Універсітэцкія калядоўшчыкі 2013 года.
Фота з архіва аўтара.

У гэты вечар таксама калядавалі («хадзілі па шчадрусе»), спявалі калядныя песні, тут яны насілі больш «свецкі характар» (пра гаспадара, яго багацце, работнікаў). Рабілі «ваджэнне казы». Kаза па старажытных уяўленнях магла павялічваць урадлівасць зямлі, выганяць злых духаў з падворку і пабудоў. У «казу» пераапранаўся хлопец у вывернуты аўчынай уверх кажух, апраналася маска, рогі маглі рабіцца з саломы. Варыянтаў аздобы казы было шмат. Акрамя таго на Гродзеншчыне сярод удзельнікаў быў павадыр або «дзед», з гарбом, у старым адзенні, з ільняной барадой, доўгімі валасамі і кіем у руцэ. У яго таксама магла быць маска, але вялікая шапка была адным з галоўных атрыбутаў. У гурце прысутнічалі механоша, музыка, маглі быць яшчэ казачныя персанажы. Атрымаўшы дазвол на спевы ў хаце, спачатку заходзіў дзед «з казой», за ім астатнія. Спявалі пахвалы гаспадарам і хаце, пажаданні здароўя і дабрабыту.

Гаспадары абавязкова павінны былі штосьці даць калядоўшчыкам (каўбас, пірага, грошай), не даць лічылася дрэннай прыкметай, ды і перад людзьмі сорамна. З фальклорных запісаў ХІХ ст. вядома, што на Гродзеншчыне «сабраныя прадукты затым продаюцца, і выгандляваныя грошы калядоўшчыкі дзеляць паміж сабою. У некаторых месцах на гэтыя грошы купляюць абразы і ахвяруюць цэрквам».

Увогуле на Беларусі трэцяя Куцця павінна была быць з посных страў, яшчэ яе называлі «вадзяной», бо супадала з хрысціянскім Вадохрышчам. Перад Куццёю асабліва старанна прыбіралася хата, мылася вопратка; лічылася, што магічная сіла тады зберажэ сям’ю ад хвароб і паразітаў. У XX ст. перад гэтым хадзілі ў храм і бралі свянцоную ваду, якой акраплялі хату, хлеў, гумно і іншыя гаспадарчыя пабудовы.

На працягу двух тыдняў Калядаў адбываліся розныя забавы, ігрышчы, вадзіліся карагоды.

Пашыраным было хаджэнне «звездароў», вядомае з ХVІІ ст. Яны насілі з сабой на доўгай жэрдцы васьміканцовую зорку, як сімвал віфліемскай, пасярэдзіне якой вешаўся абразок з Маці Божай і маленькім Хрыстом. Звездары заходзілі ў двары і спявалі «божыя песні». У іх усхваляліся Дзева Марыя, Сын Божы, распавядалася пра падзеі ў Віфліеме: нараджэнне Хрыста, пераслед цара Ірада, наведванне чараўнікоў (валхвоў). Услаўляўся Бог і само Раство. Гаспадарам зычылася шчасце, сямейны дабрабыт, здароўе.

На Гродзеншчыне ў каталіцкіх вёсках, напрыклад, Воранаўскага раёна, ад Нараджэння Хрыстовага да свята Трох Каралёў хадзілі па хатах тры «каралі»: Каспель, Мельхон і Бальтазар. Мужчыны вымазваліся сажай, прычаплялі бароды, бралі кадзідла і іншыя неабходныя для антуражу рэчы і ішлі на вёскі. У песнях апявалі нараджэнне Хрыста, зычылі дабра і шанцавання.

У святочныя дні на вуліцах Гродна ў даўнейшыя часы выступалі батлеечнікі. Для гараджан паказваліся спектаклі на біблейскую тэматыку.

Са старажытных часоў на Гродзеншчыне існавала на Каляды шмат прыкмет і павер’яў: калі куцця атрымалася смачнай, то будзе ўраджайны год. На першую і другую Куцці яснае неба і многа зорак – у лесе будзе шмат ягад, грыбоў і добры прыплод у свойскай жывёлы.

Гараджанамі і вяскоўцамі калядныя святы разам з Нараджэннем Хрыстовым і Новым годам успрымаліся як час абнаўлення, надзеі на лепшую будучыню, час актывізацыі жыццёвых сіл. Кепскае трэба было пакінуць у мінулым годзе, а ў новы часавы перыяд неабходна ўвайсці чыстым фізічна і абноўленым духоўна. У Гродне кажуць: «Святое Раство радасць прынясло!».

Руслан КАЗЛОЎСКІ,

кандыдат філалагічных навук, дацэнт, фалькларыст

Поделиться

Вам может также понравиться...