Нам засталася спадчына

У 2022 годзе беларуская грамадскасць адзначыць 140-гадовы юбілей класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, з імем якога звязана шматгадовая гісторыя нашага ўніверсітэта: 18 ліпеня 1957 года, у год 75-годдзя з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Гродзенскаму педагагічнаму інстытуту нададзена імя Янкі Купалы.

На працягу двух дзесяцігоддзяў студэнты і выкладчыкі Гродзенскага педагагічнага інстытута жылі пад імем Купалы. Менавіта ў 50-я гады ХХ стагоддзя, дзякуючы на той час маладому і перспектыўнаму выкладчыку, выпускніку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксею Пяткевічу, упершыню ў «альма-матар» ажыццяўляюцца Купалаўскія чытанні, якія пазней атрымаюць статус міжнароднай навуковай канферэнцыі. На жаль, Купалаўскія чытанні таго часу (1958 – 1965 гады) не вызначаліся рэгулярнасцю і не налічвалі вялікай колькасці ўдзельнікаў.

Згодна з пастановай Савета Міністраў СССР ад 24.06.1977, № 564, з 1 мая 1978 года на базе Гродзенскага педагагічнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ствараецца Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Аднак з пераўтварэннем інстытута ва ўніверсітэт вышэйшая навучальная ўстанова страчвае нададзенае імя. І толькі ў верасні 1988 года прымаецца рашэнне аб вяртанні нашаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы.

У 1995 годзе, дзякуючы дэкану факультэта беларускай філалогіі і культуры Ігару Жуку і прафесару кафедры беларускай культуры Аляксею Пяткевічу, ва ўніверсітэце аднаўляюцца Купалаўскія чытанні – навуковая канферэнцыя, якая праходзіць раз на два гады. Адноўленыя Купалаўскія чытанні былі прымеркаваны да 90-годдзя з пачатку творчай дзейнасці класіка. Гэты час можна назваць перыядам станаўлення навуковага форуму: удзел у чытаннях пастаянна прымаюць навукоўцы з вядучых навучальных і навуковых устаноў Рэспублікі Беларусь і замежжа. З сярэдзіны 90-гадоў мінулага стагоддзя прайшло 13 чытанняў, па выніках якіх выдадзены матэрыялы канферэнцый ці зборнікі навуковых прац. На пленарных пасяджэннях і ў час прац секцый праслухана звыш 800 дакладаў.У цэлым жа Купалаўскія чытанні – яркая старонка нашага ўніверсітэта, якая заслугоўвае асобнага даследавання.

Імя Янкі Купалы заўжды гучыць ва ўніверсітэце, сёння кожны з гонарам называе сябе купалаўцам, яскрава ўсведамляючы, наколькі гэта пачэсна і адказна. Памяць пра песняра зямлі беларускай захоўваецца праз разнастайную стваральную працу ўніверсантаў. Так, варта адзначыць такія мерапрыемствы агульнаўніверсітэцкага маштабу, як «І не змоўкнуць ніколі Купалавы песні» (літаратурна-музычная імпрэза), купалаўскія праекты, а таксама вывучэнне, спасціжэнне, даследаванне неўміручай спадчыны нашага славутага класіка.

У 2018 годзе навуковай бібліятэкай да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы створаны бібліяграфічны паказальнік. У склад паказальніка ўвайшлі дакументы, якія знаходзяцца ў фондзе навуковай бібліятэкі ўніверсітэта. З чатырох асноўных раздзелаў працы адзін змяшчае дакументы (артыкулы, кнігі, зборнікі і іншае), створаныя супрацоўнікамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Сталася ўжо добрай традыцыяй штогод у Міжнародны дзень роднай мовы і ў межах святкавання дня нараджэння ўніверсітэта правядзенне Купалаўскай дыктоўкі, калі разам і студэнт, і выкладчык выяўляюць сваё валоданне беларускай мовай. Дарэчы, Купалаўская дыктоўка ўжо выйшла за межы ўніверсітэта: далучаюцца да яе калегі і студэнты з іншых устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны і замежжа, супрацоўнікі пасольстваў Беларусі ў замежных краінах.

Пра тое, што наш універсітэт носіць імя Янкі Купалы, нагадваюць разнастайныя творы мастацтва. Так, перад галоўным корпусам універсітэта ў 1964 годзе ўсталяваны помнік пісьменніку – праца вядомага гродзенскага скульптара Віктара Даненкава. На бетоннай стэле адліты ў метале зварот класіка да беларускай моладзі:

«Мілая моладзь, слаўная моладзь,

Нашай бязмежнай краіны!

Горы і мора можаш ты здолець,

Сэрцам расплавіць ільдзіны»

У фае другога паверха галоўнага корпуса размешчана скульптура Янкі Купалы, аўтарам якой з’яўляецца народны мастак Беларусі, скульптар Заір Азгур. У цэлым жа якраз вакол гэтай скульптуры фактычна арганізавалася своеасаблівая купалаўская культурная пляцоўка, якая стала абавязковым месцам наведвання падчас разнастайных экскурсій, што спрыяе рэалізацыі канцэпцыі «ўніверсітэт-музей».

У корпусе філалагічнага факультэта з пачатку 2000-х гадоў стаіць выкананы з латуні ў 1983 годзе бюст Янкі Купалы – праца народнага мастака Беларусі Андрэя Бембеля.

У чытальнай зале навуковай бібліятэкі знаходзіцца вырабленая з дрэва кампазіцыя «Жалейка» – праца заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Церабуна.

Мікалай ГРЫНЬКО, дырэктар навуковай бібліятэкі.

Фота з архіва ўніверсітэта

Поделиться

Вам может также понравиться...