1 мая газета «Гродзенскі ўніверсітэт» адсвяткавала сваё 35-годдзе
5 мая – свята ўсіх тых, хто працуе ў друкаваных сродках масавай інфармацыі, і, вядома ж, іх аўтараў і чытачоў. Напярэдадні гэтага свята роўна 35 гадоў таму – 1 мая 1986 года – выйшаў першы нумар газеты “Гродзенскі ўніверсітэт”. Кінуць свой пранікнёны позірк скрозь гады і ўспомніць некаторыя падзеі, звязаныя з гісторыяй нашай газеты, мы папрасілі прафесара, доктара педагагічных навук, загадчыка кафедры педагогікі і сацыяльнай працы ГрДУ імя Янкі Купалы, а ў далёкім 1986 годзе сакратара партыйнага камітэта ўніверсітэта Віктара Пятровіча Таранцея, які стаяў ля вытокаў газеты “Гродзенскі ўніверсітэт”.
На пачатку свайго існавання газета з’яўлялася органам рэктарата, парткама, камітэта камсамола і прафкамаў універсітэта, распаўсюджвалася па падпісцы, выходзіла накладам у 2 000 асобнікаў штотыднёва і размяшчалася на чатырох паласах. Першым яе рэдактарам была Людміла Засельская, а першы нумар быў прысвечаны Дню працы і пачынаўся са звароту рэдакцыі да чытача: «Дорогой друг! У тебя в руках – первый номер многотиражной газеты «Гродненский университет». Твоей газеты. И не случайно это обращение к тебе. Ведь неоспорима истина – один в поле не воин. Поэтому с первой встречи газета протягивает тебе руку на долгую и добрую дружбу, надеется на искреннее участие и поддержку. Велики цели, которые будет преследовать газета. Мы не сомневаемся, что тебе, дорогой товариш, найдется, что сказать, чем поделиться со своей газетой, а слову твоему, авторитетному мнению или суждениям всегда найдется место на страницах многотиражки. Постоянное общение с читателем, конечно же, поможет молодежной газете быть острой, злободневной, интересной и содержательной. О чем можно писать? Если коротко – обо всем самом значительном, трудном, радостном. Обо всем, что волнует. Мы будем рады получать дельные советы, предложения, с должным вниманием отнесемся к замечаниям, справедливой критике. У газеты сложное время – период становления. И тут не обойтись без верных, надежных друзей – инициативных, творческих, думающих. Мы надеемся найти их среди преподавателей и студентов, возможно, и выпускников нашего вуза… ». Побач са зваротам размясціўся фотаздымак «Мы – студенты», а пад ім – матэрыял рэктара А.В. Бадакова «Рубежи созидания». На 2-й старонцы пад лозунгам «Будьте застрельщиками в борьбе!» знаходзіцца віншаванне з Першамаем і Днём Перамогі героя Савецкага Саюза, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, начальніка аддзела кадраў універсітэта Івана Лебедзева, які адзначыў, што “… Открытие газеты – важное событие в жизни вуза” і заклікаў да актыўнага супрацоўніцтва ў ёй выкладчыкаў і студэнтаў.
Збоку ад гэтага матэрыялу знаходзіцца фота Ленінскага стыпендыята – студэнткі матэматычнага факультэта Алены Дзем’янковай, а ніжэй пад рубрыкай «Неделя науки» – матэрыял прарэктара па навуковай працы Сяргея Аляксандравіча Габрусевіча пра навукова-даследчую дзейнасць універсітэта. Як святкавалі Дзень працы 50 гадоў таму расказаў дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі І. Дзяшко. На трэцяй старонцы пад лозунгам «За все новое, передовое в нашей жизни!» у рубрыцы «Планы. Проблемы. Решения» ідзе гаворка пра складнікі поспеху ў вучобе, навуцы і працы. І на апошняй старонцы пад рубрыкай «Вестник ФОПа» (ФОП – факультет общественных профессий) знаходзіцца матэрыял пра конкурс калектываў мастацкай самадзейнасці вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў вобласці “Студэнцкая вясна–86”, вершы літаб’яднання “Наднёманскія галасы”. У асобнай калонцы ў рубрыцы “Спорт” пад загалоўкам “На трассах здоровья” аўтар – старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання Алег Смалякоў – падводзіць вынікі агульнаўніверсітэцкага кросу.
Хоць лічыцца, што першы нумар газеты выйшаў 1 мая 1986 года, аднак, паводле ўспамінаў Віктара Пятровіча, праца па рэгістрацыі газеты пачалася ў 1985-м. Спачатку выпускаліся сценгазеты факультэтаў, паміж якімі традыцыйна праводзіўся конкурс. У іх уздымаліся самыя розныя пытанні: арганізацыя навучальнага працэсу, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, праца студатрадаў, спартыўныя дасягненні і г.д. Тады ўсім было зразумела, што свая пастаянная газета ўніверсітэту проста неабходная. Гэтае рашэнне павінна было ў той час яшчэ атрымаць узгадненне з мясцовым партыйным кіраўніцтвам і Міністэрствам асветы.
– Выхад самастойнага друкаванага органа – далёка не шэрагавая падзея ў жыцці ўніверсітэта. Мы атрымалі гэтак званы рупар. Тады не было інтэрнэта, і газеты карысталіся вялікім попытам, а ў многіх савецкіх людзей дзень пачынаўся менавіта з чытання прэсы, – расказаў Віктар Пятровіч.
Дзякуючы ўніверсітэцкай газеце можна было хутка і аператыўна даносіць інфармацыю да калектыву, публікаваць праекты некаторых дакументаў, што выносіліся на абмеркаванне. Газета была спробай пяра для маладых творцаў слова: у рубрыцы “Наднёманскія галасы” публікавалі свае вершы і прозу студэнты. З газеты даведваліся і пра вынікі спартыўных спаборніцтваў. Вялікі ўнёсак у гэтую справу зрабіў выкладчык фізічнага выхавання Алег Іванавіч Смалякоў. Ён рэгулярна даваў інфармацыю аб універсітэцкіх спартыўных мерапрыемствах, іх удзельніках і пераможцах.
– Першы час газета была платнай, – узнаўляе ў памяці падзеі таго часу суразмоўца. – Яна каштавала 2 капейкі. Стос газет ляжаў на стале, за якім сядзеў дзяжурны па корпусе. Побач стаяла невялікая скрыня, куды кожны, хто браў газету, апускаў грошы. Нягледзячы на тое, што тыраж быў 2 тысячы асобнікаў, часцей за ўсё газет усім не хапала. Матэрыялы газеты перадрукоўвалі абласныя, гарадскія выданні, некаторыя падзеі атрымлівалі водгук у шырокіх масах.
Газеце была выдзелена ўсяго адна стаўка – рэдактара. Фактычна ўсім займаўся адзін чалавек: трэба было прадумаць нумар, сабраць матэрыял, апрацаваць, набраць на друкарскай машынцы і перадаць у тыпаграфію. Доўгі час фотакарэспандэндам быў Уладзімір Сарокін. У якасці аўтараў актыўна выступалі як выкладчыкі, так і студэнты.
– Я шаную нашу газету. Чакаю кожны яе нумар. Ганаруся, што яна двойчы стала пераможцай Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Літара” ў намінацыі “Лепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі” сярод раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ. Лічу, гэта лепшая шматтыражная газета ў рэспубліцы, – адзначыў Віктар Пятровіч.
З моманту выхаду першага нумара газеты прайшло нямала часу. Цяпер яна каляровая, выходзіць штомесячна ў асноўным на 12 старонках, распаўсюджваецца бясплатна, але адно застаецца нязменным: як і 35 гадоў таму, газета чакае новых аўтараў сярод студэнтаў, выкладчыкаў, выпускнікоў, каб і надалей заставацца надзённай, цікавай, змястоўнай і працягваць задавальняць свайго чытача.
Таццяна СУШКО.