Ад стартапа да вытворчасці: на шляху да Універсітэта 4.0.

Сёння ГрДУ імя Янкі Купалы – навуковы цэнтр Гродзенскага рэгіёна, дзе праводзяцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні.

Штогод нашы супрацоўнікі выконваюць больш за 140 навуковых праектаў, аб’ём пазабюджэтнага фінансавання навуковых даследаванняў ва ўніверсітэце складае больш за 40 %. Даследаванні праводзяцца пры цесным узаемадзеянні з вядучымі прадпрыемствамі і арганізацыямі не толькі Рэспублікі Беларусь – ААТ “Гродна Азот”, ААТ “Лакафарба”, ААТ “Завод “Оптык”, РУП “Белтэлекам”, ААТ “Гродзенскі мясакамбінат”, ТАА “Гроднажылбуд”, ТДА “Фірма АВС”, ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат”, ААТ “Пружанскі льнозавод”, ААТ “Аўтобусны парк г. Гродна”, ААТ “Белакт”, але і з замежнымі партнёрамі з розных краін свету. Вынікі рэалізацыі прыкладных праектаў, доля якіх складае больш за 65 % ад агульнай колькасці навуковых прац, служаць асновай для стварэння інавацыйных распрацовак і новай навукаёмістай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, якая з’яўляецца асновай экспарту.

Сёння ўніверсітэт выконвае функцыі вядучай арганізацыі Рэгіянальнай навукова-тэхнічнай праграмы “Устойлівае інавацыйнае развіццё Гродзенскай вобласці”.

Агульная колькасць высакарэйтынгавых навуковых прац супрацоўнікаў універсітэта, якія ўлічваюцца ў міжнародных базах дадзеных Scopus і Web of Science, складае больш за 800 артыкулаў, а ў базу дадзеных РIНЦ за апошнія тры гады ўнесены больш за 1 700 артыкулаў нашых даследчыкаў.

У Купалаўскім універсітэце функцыянуюць 18 навукова-педагагічных школ, ажыццяўляецца падрыхтоўка навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі па 41 спецыяльнасці ў межах 11 галін навук. Дзейнічаюць два Саветы па абароне дысертацый.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы – першы з універсітэтаў, размешчаных у рэгіёнах Рэспублікі Беларусь, у ліку 7 вядучых універсітэтаў краіны з’яўляецца ўдзельнікам эксперыментальнага праекта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па ўкараненні мадэлі «Універсітэт 3.0», рэалізацыя якой накіравана на ператварэнне ўніверсітэта ў суб’ект эканомікі ведаў. Праект нацэлены не толькі на навучанне і навуковыя даследаванні, але і на іх камерцыялізацыю, фарміраванне бізнес-кампетэнцый у студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта.

Актыўна развіваюцца створаныя ў 2017 годзе суб’екты інавацыйнай інфраструктуры – Цэнтр трансферу тэхналогій і Навукова-тэхналагічны парк, адной з функцый якіх з’яўляецца падтрымка і суправаджэнне студэнцкіх праектаў “ад ідэі да вытворчасці”, бізнес-інкубіраванне малых інавацыйных прадпрыемстваў.

Менавіта Навукова-тэхналагічны парк дае новыя магчымасці для камерцыялізацыі распрацовак навукоўцаў і студэнтаў універсітэта. Рэсурсы Тэхнапарка шляхам распрацоўкі і рэалізацыі інавацыйных і інвестыцыйных праектаў дазваляюць ствараць новыя высокатэхналагічныя вытворчасці, а на іх базе – інавацыйныя прадпрыемствы, якія могуць стаць рэзідэнтамі Тэхнапарка. У сваю чаргу інавацыйныя прадпрыемствы – гэта база для практычнай падрыхтоўкі спецыялістаў па актуальных і перспектыўных прафесіях, у тым ліку “прафесіях будучыні”.

У мінулым годзе статус рэзідэнтаў Тэхнапарка атрымалі яшчэ 3 новыя інавацыйныя прадпрыемствы, заснаваныя супрацоўнікамі і студэнтамі ўніверсітэта. Адно з іх стала вынікам дзейнасці студэнцкага канструктарскага бюро, стартап якога перарос у малое прадпрыемства.

Для матэрыяльнай падтрымкі навуковай і інавацыйнай дзейнасці студэнтаў і супрацоўнікаў ва ўніверсітэце створана ўласная сістэма стымулявання, якая ўключае фонд інавацыйнага развіцця ўніверсітэта, імянныя стыпендыі, арганізацыю стажыровак у вядучыя навуковыя цэнтры, персанальнае навуковае суправаджэнне маладых вучоных, гранты рэктара для выканання навукова-даследчых прац у рамках падрыхтоўкі доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый.

Актыўна развіваецца ва ўніверсітэце студэнцкі стартап-рух: штогод праводзяцца адкрытыя конкурсы студэнцкіх стартап-праектаў, у мінулым годзе адкрыта “Студыя праектаў і стартапаў”.

Адным з прыярытэтных напрамкаў універсітэцкай навукі з’яўляецца арганізацыя эфектыўнай навукова-даследчай працы студэнтаў. Інфраструктура студэнцкай навукі ўключае 60 навуковых гурткоў, 4 студэнцкія навуковыя лабараторыі і 2 канструктарскія бюро, у працы якіх задзейнічана больш за 1 600 членаў студэнцкага навуковага таварыства. Штогод больш за 90% студэнцкіх навуковых прац, накіраваных на рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы, з’яўляюцца пераможцамі або займаюць прызавыя месцы. Студэнты друкуюць звыш 2 000 артыкулаў у розных выданнях, а чацвёртая частка ўсіх навуковых праектаў, што выконваюцца ва ўніверсітэце, рэалізуецца маладымі навукоўцамі.

Уласная інф.
Фота Сяргея МАРОЗАВА і Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Поделиться

Вам может также понравиться...