Аляксей Карпюк: «Пісанне стала маім лёсам, я знайшоў спосаб, як быць найбольш карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!»

Ад пачатку свайго існавання Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы падрыхтаваў каля ста тысяч прафесіяналаў, якімі заўсёды мог ганарыцца. Іван Ціхан, Вольга Корбут, Данута Бічэль-Загнетава… – імёны Купалаўцаў, якія вядомы не толькі ў нашай краіне, але і ў свеце. У ліку першых выпускнікоў быў і адзін з самых знакамітых гродзенскіх пісьменнікаў Аляксей Карпюк. Напярэдадні 80-годдзя з дня заснавання Купалаўскага ўніверсітэта ўспамінамі пра Аляксея Нічыпаравіча падзялілася з чытачамі газеты “Гродзенскі ўніверсітэт” яго малодшая дачка Валянціна.

З-пад пяра Аляксея Карпюка, якому ў гэтым годзе 14 красавіка споўніцца сто гадоў, выйшлі аповесці і апавяданні “Дзве сасны”, “У адным інстытуце”, “Данута”, “След на зямлі: скарбы і здабыткі маёй Гродзеншчыны”, “Вершалінскі рай”, “Мая Джамалунгма”, раман “Карані”, “Развітанне з ілюзіямі” і іншыя. Стыль яго твораў вызначаецца шчырым і бескампрамісным рэалізмам, балансуе на мяжы дакументалістыкі і мемуарыстыкі.
Менавіта асабістыя перажыванні і ўспрыняцце жыцця сталі асновай яго пісьма.

Тата заўсёды гаварыў і пісаў праўду. Перачытваючы яго творы, я бачу, наколькі дакладна ён перадаў усе этапы свайго жыцця. Гэта нават мне дапамагае ў нейкай ступені ўзнавіць у памяці некаторыя моманты, – пачынае размову Валянціна Карпюк, дацэнт, кандыдат медыцынскіх навук, загадчык кафедры псіхіятрыі і наркалогіі
Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Пасляваеннае студэнцтва

Першую аповесць “У адным інстытуце”, якая выйшла ў 1953 годзе, гродзенскі пісьменнік прысвяціў сваёй альма-матэр. Аповед аўтара, быццам кадры, выхапленыя фотааб’ектывам, адкрываюць дынаміку аднаўлення пасляваеннага інстытуцкага жыцця: разбітыя вокны, пазабіваныя фанерай, лаўкі з грубых, неабстуганых дошак, на якія трэба было садзіцца і ўставаць адначасова ўсім, бо яны пераварочваліся…

А колькі радасці было, калі адчынілі студэнцкую сталоўку! Абед зварылі з прадуктаў падсобнай гаспадаркі, а ў ролі афіцыянтак выступалі студэнткі, апранутыя ў форменныя кофтачкі і спадніч- кі з ружовага шоўку, пазычаныя ў мясцовым рэстаране. З цеплынёй аўтар апісвае жыццё ў студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Замкавай: “…за шклом двайных рамаў мерзлі загорнутыя ў газеты брусочкі сала, у скрынях ляжалі скруткі бялізны, з любоўю папрасаваныя матулямі…” З досціпам расказвае і пра практыку студэнтаў: “Восенню студэнтаў другіх курсаў усіх факультэтаў пасылалі на прадпрыемствы горада, у калгасы. Пасля працы яны павінны былі праводзіць там гутаркі, выхаваўчыя мерапрыемствы. Па выніках практыкі праходзіла канферэнцыя, дзе студэнты размаўлялі аб тым, што набалела. Скардзіліся, чаму ў палітэхнічных ВНУ будаваць масты студэнтаў вучаць шэсць гадоў, а настаўніка выпускаюць пасля чатырох. Чаму на літфаку чытаюць філасофію, а на фізмаце яе няма…”

Многія студэнты прыйшлі вучыцца ў інстытут у адзенні, у якім вярнуліся з вайны. Часам у аўдыторыі нельга было зняць паліто, бо касцюм ці сукенка не такія, каб у іх выходзіць у людзі. Нягледзячы на гэта, усе студэнты жылі адзіным жаданнем – вучыцца!..

Вялікае жаданне вучыцца прысутнічала і ў былога артылерыста Берлiнска-Iдрыцкай дывізіі першага беларускага фронта, удзельніка баёў за рэйхстаг Аляксея Карпюка. За дзесяць дзён да канца вайны ён
атрымаў сур’ёзнае раненне і Вялікую Перамогу сустрэў у ваенным шпіталі ў Познані.

Усе гады вучобы ў інстытуце тата насіў асколак у лёгкім. Паглядзіце, які ён худы, – звяртае ўвагу Валянціна, паказваючы на старыя студэнцкія фотаздымкі, – хаця бацькі вельмі клапаціліся, малако перадавалі, вядома ж, гэтага не хапала… Любое фізічнае дзеянне тады адгукалася болем і крывацёкам: на спіне не загойваўся свішч.

Пра сябе, пасляваеннага студэнта, Аляксей Нічыпаравіч піша і ў апошняй аўтабіяграфічнай аповесці “Развітанне з ілюзіямі”: “Я, цяжка паранены і недалечаны, знайшоў сабе ў той час ціхі закутак – вучобу на факультэце
англійскай мовы Гарадзенскага педінстытута… ”

Нягледзячы на дрэнны стан здароўя – меў дакумент інваліда Вялікай Айчыннай вайны II групы (хутка ад iнвалiднасцi адмовiўся, малады хлопец не хацеў быць iнвалiдам), – Аляксей старанна вучыўся, быў старшынёй студэнцкага прафкама і нават удзельнічаў у гуртках бокса, валейбола і шахмат. Бегаў на дыстанцыі, трымаў гарадское першынство па стральбе.

Гродзенскі педістытут стаў месцам знаёмства Аляксея з жонкай – Інай Цыгельніцкай, студэнткай літфака, якая ў будучым стала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, працавала дырэктарам вячэрняй школы, а пасля абароны
кандыдацкай дысертацыі прысвяціла 30 гадоў працы на кафедры педагогікі. Паводле ўспамінаў Валянціны, мама закахалася ў тату, калі на Нёмане ўбачыла на яго спіне вялікі рубец. Менавіта тады ён стаў для яе сапраўдным героем.

Пазней, пасля заканчэння вучобы, Аляксею зробяць аперацыю ў Маскве, у навукова-даследчым інстытуце Скліфасоўскага, і нарэшце дастануць надакучлівае смяротнае “джала” вайны.

Пошукі сябе

У 1949 годзе Аляксей Карпюк скончыў інстытут і быў накіраваны на працу загадчыкам Сапоцкінскага раённага аддзела адукацыі, затым уладкаваўся дырэктарам Біскупцоўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна, пасля
выкладаў на кафедры педагогікі Гродзенскага педінстытута, быў літаратурным супрацоўнікам “Гродзенскай праўды”, уласным карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва”, загадчыкам агенцтва “Інтурыст”, сакратаром абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР, упаўнаважаным усесаюзнага агенцтва па аўтарскіх правах па Гродзенскай вобласці, дырэктарам музея гісторыі рэлігіі і атэізма.

Тата вельмі доўга і старанна шукаў сябе, спрабаваў развівацца ў розных напрамках. Яму заўсёды хацелася актыўнай дзейнасці, каб рабочы працэс праходзіў жыва, творча і цікава, – падкрэсліла Валянціна Аляксееўна. –
Напрыклад, нас, дзяцей, ён ніколі не прымушаў вучыцца, і тым не менш мы старанна вучыліся: ён умеў зацікавіць. Памятаю, як тата мяне і іншых дзяцей з нашага двара вёз у лесапарк “Пышкі”, дзе мы бегалі, крычалі, гулялі ў партызанаў. А ў гэты час ён ярка, вобразна расказваў нам пра ваенныя дзеянні. Мы з такім захапленнем слухалі!

Паводле ўспамінаў дачкі, Аляксей Карпюк шмат чытаў, прычым на розных мовах: рускай і беларускай, англійскай, нямецкай, польскай. У кожным пакоі іх кватэры стаялі па 3-4 кніжныя шафы. Штомесяц на хатні адрас прыходзіла прыблізна 30 газет і часопісаў. Інтарэс да пастаяннага развіцця, вывучэння замежных моў,
чытання ён прывіваў і дзецям:

Калі мне было 12 гадоў, тата купіў кнігу Генрыка Сянкевіча “У пустыні і пушчы” на польскай мове. Растлумачыў, як вымаўляюцца незнаёмыя літары, і адправіў самастойна чытаць. Так як кніга была надрукавана вялікім шрыфтам, мела захапляльны сюжэт і прыгожыя ілюстрацыі, я села і не змагла адарвацца, пакуль
ўсю яе не прачытала. Так я вучыла польскую мову.

Сапраўднае шчасце Аляксей Карпюк спазнаў, калі пачаў займацца пісьменніцкай дзейнасцю. У сваёй аповесці “Мая Джамалунгма” ён піша: “На працягу свайго жыцця я перабраў шмат прафесій, і з усіх найбольшае задавальненне мне дае пісанне. Яно мяне захапіла цалкам. Пісанне стала маім лёсам, я знайшоў спосаб, як быць найбольш карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!”

Аляксей Нічыпаравіч для сваіх дзяцей, якіх у яго трое, стаў сапраўдным узорам для пераймання, маральным арыенцірам і носьбітам самых лепшых каштоўнасцяў:

Апошняе слова ў нашай сям’і заўсёды было за татам. Ён ніколі не павышаў голас, не гаварыў, як рабіць, а як не рабіць, не падманваў і не маніпуляваў, аднак яго маўклівая рэакцыя на якое-небудзь дзеянне дакладна сведчыла аб тым, што так паводзіць сябе нельга.

Нягледзячы на тое, што пісьменнік вёў актыўны лад жыцця, шмат часу праводзіў па-за домам, быў захоплены літаратурнай дзейнасцю, ён знаходзіў час на выхаванне дзяцей.

Памятаю адзін з зімовых вечароў, калі тата прыехаў з камандзіроўкі і прапанаваў мяне пакатаць на санках з горкі. Як толькі мы выйшлі, ён дастаў з кішэні шакаладку і чырвоную стужку і сказаў, што мне, цёмнавалосай, вельмі будзе пасаваць чырвоны колер. Тата – заняты і сур’ёзны чалавек, а думаў пра такія дробязі! Ён быў уважлівы да кожнага, клапаціўся не толькі пра сваю сям’ю, але і пра людзей, якія былі побач, лічыў сябе адказным за лёс гродзенскіх майстроў слова з Саюза пісьменнікаў. Нягледзячы на знешнюю суровасць, гэта быў вельмі чулы чалавек, – дзеліцца ўспамінамі Валянціна.

Аляксей Карпюк вельмі любіў сваю родную зямлю. Гэта была свядомая пазіцыя, якая сфарміравалася пад уплывам яго бацькоў. Яны лічылі, што чалавек павінен жыць і працаваць на сваёй зямлі – на Гродзеншчыне. Таму ў дзяцей ніколі не было нават думкі з’язджаць з яе.

Выпуск студэнтаў аддзялення замежных моў, 1948 год.
Аляксей Карпюк — першы справа ў трэцім радзе

Субяседніца ўспамінае, як бацька заўсёды вучыў заставацца самім сабой, шанаваць мову, культуру і гісторыю свайго народа, не крывіць душой – называць рэчы сваімі імёнамі і не быць абыякавым да навакольнай рэчаіснасці. Ён актыўна змагаўся за цвярозы і разумны лад жыцця:

Ведаеце, у дзяцінстве ды юнацтве, калі тата быў побач, працаваў над кнігамі, я расла і не задумвалася аб тым, якога маштабу гэта чалавек, які неабсяжны яго талент. Толькі ў дарослым узросце пачынаеш адчуваць нейкую
адказнасць перад грамадствам, разумееш, што сваімі паводзінамі ты не можаш тату падвесці.

У сваім апошнім творы “Развітанне з ілюзіямі” Аляксей Карпюк, робячы агляд усяго жыццёвага шляху, яшчэ раз успамінае маладосць, студэнцкія гады і Гродзенскі педінстытут, час вучобы ў якім для яго назаўсёды застаўся як самы светлы, самы радасны ў жыцці.

Аляксей Карпюк узнагароджаны

  • ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені,
  • залатым крыжам польскага ордэна «Віртуці Мілітары»,
  • медалямi «Партызан Айчыннай вайны I ступенi», «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германiяй у Вялiкай Айчыннай вайне», «За ўзяцце Берлiна» i iншыя.
  • Заслужаны работнік культуры БССР (1980).
  • Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа (1986)

Таццяна СУШКО.
Фота з асабістага архіва

Поделиться

Вам может также понравиться...