Першы ў краіне З’езд выпускнікоў, прымеркаваны да 80-годдзя з дня заснавання ўніверсітэта, адбыўся ў ГрДУ імя Янкі Купалы
Першы ў краіне З’езд выпускнікоў, прымеркаваны да 80-годдзя з дня заснавання ўніверсітэта, адбыўся ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Святочнае мерапрыемства, якое прайшло 15 лютага, аб’яднала выпускнікоў розных пакаленняў, розных прафесій з розных куткоў Беларусі. Для ўсіх іх пачатковай кропкай адліку жыццёвых і прафесійных поспехаў стала Купалаўская сям’я.
У працы З’езда прынялі ўдзел 125 дэлегатаў, прадстаўнікі ўсіх факультэтаў універсітэта, якія сёння з’яўляюцца прафесійнымі і грамадскімі дзеячамі і працуюць на карысць Гродзенскай вобласці і краіны. За 80 год гісторыі Купалаўскі ўніверсітэт і яго выпускнікі зрабілі важкі ўнёсак у развіццё Рэспублікі Беларусь, а сам юбілей, як важная падзея ў развіцці айчыннай адукацыі, мае значную грамадскую вартасць.
У прывітальным слове да ўдзельнікаў З’езда выпускнікоў рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла:
– Самае вялікае дасягненне ўніверсітэта – гэта поспехі яго выпускнікоў, таму што ўніверсітэт па сутнасці існуе дзеля таго, каб выяўляць, раскрываць і рэалізоўваць патэнцыял тых студэнтаў, якія ў ім вучацца. Юбілей
універсітэта – наша агульнае свята, свята многіх пакаленняў нашых супрацоўнікаў, студэнтаў і выпускнікоў. Дзякуй вам за тое, што вы, пакінуўшы свае важныя справы, пераадолеўшы адлегласць, прыехалі сюды і дапамаглі нам рэалізаваць нашу мару – правесці першы ў краіне З’езд выпускнікоў. Тут, у роднай аlma mater, вы атрымалі веды, неабходныя прафесійныя кампетэнцыі, знайшлі сяброў, а некаторыя, магчыма, стварылі сем’і. Мне вельмі хочацца, каб сёння вы адчувалі сябе так, быццам прыехалі дамоў.
Ірына Фёдараўна ў сваім дакладзе расказала аб асноўных гістарычных вехах станаўлення і развіцця, традыцыях, дасягненнях, канкурэнтных перавагах і сучасным стане ўніверсітэта, а таксама яго перспектыўных напрамках.
Ад дэлегатаў З’езду выступіў намеснік старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта, выпускнік факультэта эканомікі і кіравання ГрДУ імя Янкі Купалы 2002 года Андрэй Болтрык. Ён павіншаваў калектыў універсітэта, выказаў падзяку ўсім выкладчыкам, якія прымаюць удзел у падрыхтоўцы кадраў для рэгіёна і краіны. Выступіла таксама і начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама, выпускніца факультэта педагогікі і псіхалогіі 2000 года Святлана Кавалеўская, якая адзначыла, што Галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама і Купалаўскі ўніверсітэт – гэта адзіны непадзельны арганізм, які вырашае надзённыя задачы, што стаяць перад нацыянальнай сістэмай адукацыі. Першая з галоўных задач – падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў па ўсіх педагагічных спецыяльнасцях, запатрабаваных у Гродзенскім рэгіёне:
– Сёння лепшыя ўстановы адукацыі вобласці прадстаўляюць магчымасць прайсці студэнтам практыку, лепшыя педагогі вобласці з’яўляюцца навуковымі рэцэнзентамі дыпломных, магістарскіх прац,
выступаюць у якасці членаў дзяржаўных экзаменацыйных камісій. Мы праводзім у цеснай сувязі з універсітэтам паспяховую працу з высокаматываванымі і таленавітымі вучнямі і студэнтамі, а таксама шэраг прафарыентацыйных мерапрыемстваў.
Падчас працы З’езду выступіў пракурор г. Гродна, выпускнік юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы 1995 года Уладзімір Клішын, які адзначыў, што 90% пракурорскіх работнікаў з’яўляюцца выпускнікамі Купалаўскага ўніверсітэта. Студэнты юрыдычнага факультэта праходзяць вучэбныя і азнаямляльныя практыкі ў пракуратуры, дзе яны паглыбляюць свае тэарэтычныя веды. Работнікі пракуратуры займаюцца выкладчыцкай дзейнасцю, у сценах юрыдычнага факультэта дзейнічае зала судовых пасяджэнняў, на базе пракуратуры г. Гродна функцыянуе філіял кафедры крымінальнага права, крымінальнага працэсу і крыміналістыкі.
– Дзякуючы цеснай сувязі з юрыдычным факультэтам Купалаўскага ўніверсітэта, у пракуратуры адсутнічае кадравы голад, – падкрэсліў Уладзімір Клішын.
Неабходна адзначыць, што Асацыяцыя выпускнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы існуе з 1997 года. За гэты час ажыццявіўся шэраг праектаў, накіраваных на ўдасканаленне падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў для розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы.
Як зазначыла рэктар універсітэта Ірына Кітурка, такія з’езды выпускнікоў плануецца праводзіць не радзей, чым адзін раз на пяць гадоў, а ўсе надзённыя пытанні развіцця супрацоўніцтва будуць вырашацца па меры іх узнікнення пры дапамозе Савета Асацыяцыі выпускнікоў.
У ходзе працы З’езда быў выбраны новы старшыня Асацыяцыі выпускнікоў, прэзідыум, а таксама склад рэвізійнай камісіі. Старшынёй Асацыяцыі выпускнікоў стаў дырэктар Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д. Сахарава, выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргей Маскевіч.
Згодна з Дарожнай картай развіцця Асацыяцыі ўдзельнікі абмеркавалі шэраг мерапрыемстваў. У межах іх рэалізацыі чакаецца правядзенне сумесных майстар-класаў, семінараў, канцэртаў, фестываляў і турыстычных злётаў. Акрамя таго, запланавана распрацоўка праграмы пасляўніверсітэцкага суправаджэння, а таксама збор успамінаў выпускнікоў розных гадоў.
Мерапрыемства завяршылася канцэртам і сумесным фота на памяць.
Таццяна СУШКО.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА і Кацярыны СЯРЖАНТАВАЙ