Купалаўскі ўніверсітэт у маім жыцці: аб ролі альма-матэр у прафесійнай дзейнасці паспяховых выпускнікоў

Сяргей Маскевіч, дырэктар Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д. Сахарава, выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта 1974 года:

– З Купалаўскім універсітэтам я ніколі не расставаўся. Тут у мяне ёсць вучні, навуковыя лабараторыі, дзе вядуцца сумесныя навуковыя праекты. Можа, не так часта я ў ім бываю фізічна, але ў віртуальнай прасторы знаходжуся на сувязі пастаянна. Мяне не пакідае адчуванне, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы трошкі нават апераджае час. Магу сказаць так: калі хочаш ведаць,
якія тэндэнцыі ў адукацыі і навуцы будуць актуальнымі заўтра, паглядзі, якія новыя ідэі і праекты рэалізуюцца ў Купалаўскім універсітэце сёння.

Андрэй Кароль, рэктар БДУ, выпускнік інжынернага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы 1995 года:

– ГрДУ імя Янкі Купалы – гэта мой родны ўніверсітэт, які для мяне вельмі многа значыць. Я ўдзячны лёсу за магчымасць разам з
калектывам у свой час сфарміраваць стратэгію ўніверсітэта і вызначыць тактыку яе рэалізацыі. Мне прыемна, што закладзеныя ў тыя
гады традыцыі прадаўжаюцца і сёння.

Андрэй Болтрык, намеснік старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта, выпускнік факультэта эканомікі і кіравання ГрДУ імя Янкі Купалы 2002 года:

– 23 гады таму я ўпершыню пераступіў парог Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Склалася так, што ўсё маё
жыццё так ці інакш было звязана з універсітэтам. Тут я атрымаў вышэйшую адукацыю, тут было маё першае месца працы, літаральна паўтары гады таму абараніў магістарскую дысертацыю. Я вельмі ўдзячны ўніверсітэту і свайму роднаму факультэту эканомікі і
кіравання, усім маім выкладчыкам, якія дапамаглі мне знайсці сваё месца ў жыцці. Удзячны Генадзю Аляксеевічу Гачко, які быў строгім, патрабавальным і заўсёды справядлівым дэканам фізіка-тэхнічнага факультэта, дзе я атрымаў першую адукацыю, Марыне Яўгеньеўне Карпіцкай, якая пераканала мяне, што нават у сталым узросце мае сэнс прадоўжыць навучанне і атрымаць новыя веды.

Павел Сухарукаў, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда”, выпускнік ГрДУ імя Янкі Купалы 1996 года:

– Ужо амаль трыццаць гадоў прайшло, як я скончыў універсітэт. Гэта былі самыя шчаслівыя гады майго жыцця, тым больш падчас
вучобы на гістарычным факультэце я сустрэў сваю палавінку, мы закахаліся адзін у аднаго, ажаніліся і ўжо амаль 25 гадоў разам. Заўсёды з вялікім задавальненнем наведваю альма-матэр і кожны раз заўважаю змены ў лепшы бок. Адчуваю гонар за наш універсітэт.

Тамара Карэнка, выпускніца матэматычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага педінстытута 1956 года:

– Хоць прайшло ўжо шмат гадоў, але я з вялікім задавальненнем успамінаю свае студэнцкія гады і з вялікай удзячнасцю – усіх выкладчыкаў. Трапіць вучыцца ў храм навукі ў тыя гады для многіх было недасягальна. Я нарадзілася ў вёсцы, дзе нават сярэдняя школа знаходзілася за 18 км ад дома, нават марыць пра вучобу ў інстытуце было страшна. Бацькі надта перажывалі, што не змогуць мне дапамагчы і мне прыйдзецца жыць на адну стыпендыю. Але было такое вялікае жаданне вучыцца! Зараз амаль напрыканцы жыцця я апынулася зноў тут – у месцы маёй маладосці, дзе ўсё такое роднае, і я вельмі ўдзячна за запрашэнне. Гэта для мяне вельмі каштоўна.

Уладзімір Клішын, пракурор г. Гродна, выпускнік юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы 1995 года:

– Я хачу выказаць падзяку свайму роднаму юрыдычнаму факультэту за атрыманыя веды. Менавіта веды прыводзяць да поспеху ў
практычнай прафесійнай сферы дзейнасці.
Поделиться

Читайте также: