Анастасія Былеўская аб сваім прадзедзе Іване Іосіфавіче Касперку

Мой прадзед ніколі не быў героем кніг, але яго імя заўсёды будзе гарэць у сэрцах родных і блізкіх. Вялікая Перамога ў нашай сям’і – гэта свята ўдзячнасці, гонару і слёз на вачах. Колькі такіх герояў, пра якіх мы можам проста памаўчаць! Памаўчаць, бо гаварыць пра іх павінна душа. Зараз, калі мы ставім кветкі не ў вазу ля вакенца, у якім заўсёды нас сустракаў добры і чысты погляд прадзеда, а кладзём іх на халодную мармуровую пліту, верым, што нас нічога не раздзяляе. Героі не паміраюць, яны становяцца анёламі і жывуць у нашых сэрцах. Родныя і блізкія жывыя, пакуль памятаюць пра іх. А памяць пра героя нашай сям’і – Івана Іосіфавіча Касперку, будзе жыць вечна.

Мой прадзед – ветэран!
І я тым ганаруся!
Час – няўмольны тыран!
Дзеда страціць баюся!
Кожны раз пры сустрэчы
Усё больш прыкмячаю:
Пастарэў… Апусціліся плечы,
А ў душы ўсё болей адчаю…
Ён не можа згадзіцца,
Што ўжо сілы не тыя.
Ногі часта падводзяць.
Дзе ж вы, годы ліхія?!
Гляну ў вочы дзядулі –
Сум і жаль прабірае…
Колькі вынес нягод!
Ён адзін толькі знае…
41-ы… Вайна зруйнавала ўсе планы,
Дом не дабудаваны,
Матуля ў слязах,
Сыночак у войска забраны.
Незнаёмыя сцежкі… Дым…
Бомбы… Пажары…
Страшэнныя стрэлы… І смерці…
Як вынесці гэта
Юнаку маладому?!
Ён вынес…
І ў 45-м вярнуўся дадому.
На ўскраечку вёскі
Маці сустрэла.
За чатыры гады яна так пастарэла…
Бацькі не стала…
Хата згарэла.
І радасць адна –
Зямля ўцалела!
А з ёй і надзея
На заўтрашні дзень!
Пры кожнай сустрэчы
Гляджу на дзедавы рукі:
Колькі зрабілі яны,
Каб былі шчаслівымі ўнукі!
Мой прадзед – ветэран!
І я тым ганаруся!
Час – няўмольны тыран…
Дзеда страціць баюся…

Анастасія БЫЛЕЎСКАЯ, студэнтка 2 курса факультэта эканомікі і кіравання

Поделиться

Вам может также понравиться...