У ГрДУ імя Янкі Купалы праходзяць сустрэчы рэктара са студэнтамі

Перспектывы развіцця ўніверсітэта рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка абмеркавала са студэнцкім актывам. Сустрэчы рэктара са студэнтамі ўжо прайшлі на факультэтах гісторыі, камунікацыі і турызму, фізіка-тэхнічным, інавацыйных тэхналогій машынабудавання, інжынерна-будаўнічым, філалагічным, мастацтваў і дызайну, юрыдычным, біялогіі і экалогіі, а таксама на факультэце матэматыкі і інфарматыкі.

Падчас дыялогу са студэнтамі рэктар заклікала актыўна выказваць сваё бачанне далейшага развіцця роднага ўніверсітэта. Яна нагадала, што зараз працягваецца праца над фарміраваннем новай стратэгіі развіцця ўніверсітэта, і ў гэтым працэсе могуць паўдзельнічаць усе, каму неабыякавы лёс Alma mater.

– Мы чакаем ад вас прапаноў, якія стануць карыснымі пры фарміраванні стратэгіі развіцця ўніверсітэта на наступныя пяць гадоў, – звярнулася Ірына Кітурка да студэнтаў. – Магчыма, вы падкажаце, якім чынам варта ўдасканаліць працу студэнцкага самакіравання. Давайце сумеснымі намаганнямі рабіць наш родны ўніверсітэт лепшым, агучваць і рэалізоўваць ідэі, якія дапамогуць дасягаць яшчэ больш значных вынікаў.

Ірына Кітурка нагадала студэнтам пра ўніверсітэцкі фонд па падтрымцы таленавітай моладзі, пра дзейнасць студыі праектаў і стартапаў, праграмы акадэмічнай мабільнасці, якія сёння даступныя для кожнага студэнта.

У сваю чаргу студэнтамі былі агучаны некаторыя ідэі і прапановы, якія датычацца навучальнага працэсу, добраахвотніцкай дзейнасці і правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Традыцыйна цікавілі студэнтаў і пытанні бытавога характару, звязаныя з пражываннем у інтэрнатах. Была закранутая тэма важнасці вывучэння замежных моў незалежна ад будучай прафесіі. Як адзначыла Ірына Фёдараўна, у беларускіх універсітэтах усё часцей будуць праходзіць абароны дыпломных праектаў на замежнай мове.

Прадстаўнікі студэнцкага актыву звярнуліся да рэктара з просьбай узмацніць практычны складнік навучальнага працэсу, а таксама палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу факультэтаў. Таксама ад студэнтаў прагучала прапанова арганізаваць майстар-класы па вядзенні акаўнтаў факультэтаў у сацсетках. Гэтая ідэя была падтрымана кіраўніцтвам універсітэта, і ўжо першыя майстар-класы пройдуць у найбліжэйшы час.

Падчас дыялогу з рэктарам закранулі пытанні, якія тычацца магчымасцей аказання матэрыяльнай дапамогі студэнтам і занятасці ў будатрадах. Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі працоўную занятасць студэнтаў.

– Ужо ў гэтым навучальным годзе ва ўніверсітэце пачне функцыянаваць падраздзяленне, рабочая назва якога “Цэнтр кар’еры студэнта”, – распавяла Ірына Фёдараўна. – Мы імкнёмся да таго, каб пачынаць фарміраваць кар’еру студэнта з першага курса. У студэнтаў з’явіцца магчымасць удасканальваць свае прафесійныя кампетэнцыі і пры гэтым зарабляць. Мы зацікаўлены ў тым, каб нашы студэнты напрыканцы вучобы мелі не толькі дыплом, але і працоўную кніжку.

Хлопцаў і дзяўчат цікавілі пытанні арганізацыі дыстанцыйнага навучання, асаблівасці фарміравання рэйтынгу студэнтаў. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі і неабходнасць лічбавання тых падручнікаў і навучальных матэрыялаў, якія ўжо не перавыдаюцца або іх наклад абмежаваны, а патрэба карыстацца імі ёсць у вялікай колькасці студэнтаў. Таксама пацікавіліся студэнты меркаваннем Ірыны Фёдараўны пра тое, ці варта паступаць у магістратуру пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі.

– Сёння магістратура носіць навукова-арыентаваны характар. І ў першую чаргу яна папярэднічае паступленню ў аспірантуру для тых, хто хоча займацца навукай, а таксама бачыць сябе выкладчыкам універсітэта. І, вядома, наяўнасць ступені магістра – гэта вялікі плюс для будучых кіраўнікоў рознага ўзроўню. У любым выпадку, кожны павінен прыслухацца да сябе і на такое пытанне адказаць сабе сам, – адзначыла Ірына Фёдараўна.

Падымаліся пытанні, якія тычацца адаптацыі першакурснікаў і правядзення прафарыентацыйнай дзейнасці з будучымі абітурыентамі. Студэнты выступілі з прапановай актывізаваць працу з вучнямі старэйшых класаў школ. Рэктар адзначыла неабходнасць цесных узаемаадносін школьнікаў са студэнтамі, якія могуць падзяліцца сваімі ўражаннямі ад вучобы ў Купалаўскім універсітэце.

Сустрэчы рэктара са студэнцкім актывам праходзілі і ў мінулым навучальным годзе. У выніку іх былі ўлічаны скаргі на аддаленасць здраўпункта ад большасці навучальных карпусоў. Прынята рашэнне, што Цэнтр аховы здароўя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пераедзе ў новы інтэрнат па вуліцы Дубко. Зменіць адрас і факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Ужо праз месяц ён будзе знаходзіцца па адрасе: вул. Тэлеграфная, 15.

Дыялог са студэнцкім актывам працягнецца. Вынікі будуць прааналізаваны, а найбольш каштоўныя ідэі і прапановы студэнтаў выкарыстаны пры распрацоўцы Стратэгіі развіцця ўніверсітэта на 2021–2025 гады.

Таццяна БАРАНОЎСКАЯ,
Лізавета НАЎРОЦКАЯ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Поделиться

Вам может также понравиться...