Шчасце мець свой дом: як студэнты ўладкоўваюцца ў новым інтэрнаце ГрДУ імя Янкі Купалы

Новы студэнцкі інтэрнат Купалаўскага ўніверсітэта, які размешчаны амаль у самым цэнтры горада на вуліцы Дубко, быў пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю раней, чым планавалася. Да пачатку навучальнага года ён забяспечыў пражыванне больш чым тысячы студэнтаў, якія прыехалі ў Гродна на вучобу з розных месцаў рэспублікі і замежжа. Як жывецца студэнтам у інтэрнаце, даведвалася карэспандэнт газеты “Гродзенскі ўніверсітэт”.

Інтэрнат павышанай камфортнасці атрымалі студэнты-купалаўцы, якія праявілі сябе найлепшым чынам у вучэбнай, навуковай і грамадскай дзейнасці. Відаць, для такіх хлопцаў і дзяўчат на першым месцы стаіць якасная падрыхтоўка да заняткаў. Размаўляем з Дар’яй Вялікаселец, студэнткай 2 курса юрыдычнага факультэта, якой у гэтым годзе пашчасціла засяліцца ў новы інтэрнат, і разумеем, што так яно і ёсць:

– У мінулым годзе я жыла ў нашым інтэрнаце на вуліцы Даватара. У пакоі ўчатырох цеснавата, вядома. А зараз мы жывём удваіх, месца дастаткова, кухняй можна карыстацца ў любы час, душ разлічаны на шасцярых чалавек. Усё гэта значна эканоміць час і палягчае падрыхтоўку да заняткаў.

Суседка па пакоі Алена Южык, таксама студэнтка 2 курса юрыдычнага факультэта, распавяла: калі яе тата прывёз у інтэрнат у пачатку навучальнага года, быў прыемна здзіўлены ўмовамі, створанымі для студэнтаў.

Заходзім яшчэ ў адзін пакой, дзе таксама жывуць дзяўчыны – Ульяна Легідзь і Ганна-Вікторыя Каранкевіч, студэнткі 2 курса юрыдычнага факультэта. Ненадоўга адрываем іх ад рабочага працэсу і цікавімся бытам.

– У гэтым інтэрнаце нашмат больш месца для кніг і асабістых рэчаў. Ёсць магчымасць памыць і высушыць бялізну. Для мяне гэта вельмі важна, так як дом маіх бацькоў за 700 кіламетраў ад Гродна, – дзеліцца Ульяна.

Дзяўчыны адзначаюць, што рашэнне асноўных бытавых праблем дазваляе цалкам сканцэнтравацца на вучобе. А вось і блок з пакоямі хлопцаў. Знаёмімся. Антон Бунь, студэнт 4 курса інжынерна-будаўнічага факультэта, на працягу трох гадоў жыў у інтэрнаце на БЛК-3. Яму якраз ёсць з чым параўнаць умовы пражывання ў новым доме для студэнтаў:

– Нездарма я стараўся быць актыўным у вучобе, грамадскім жыцці, каб патрапіць у гэты інтэрнат. Тут умовы шыкоўныя: у кожнага свой стол, тумба, разетка. Дзякуючы ёмістай шафе я змог па асобных паліцах раскласці адзенне. Ёсць кладоўка, дзе можна захоўваць кансервацыю, якую прывожу ад бацькоў. Усё паспяваю, бо душ, кухня побач. Пасля вучобы люблю пагуляць у валейбол на пляцоўцы. Радуе і тое, што да навучальнага корпуса пешшу 15 хвілін.

Ведаючы, што ўмовы гэтага інтэрната адаптаваны для пражывання студэнтаў з павышанымі патрэбамі, не ўпускаем магчымасці наведаць і іх.

У пакоі на першым паверсе жывуць Ілья, студэнт 2 курса факультэта псіхалогіі, і Віктар, студэнт 1 курса юрыдычнага факультэта. Ілья родам з Дзятлава, Віктар – з Ваўкавыска. Іх жылы пакой сумешчаны з кухняй, а санвузел абсталяваны поручнямі. Яны задаволеныя, мараць толькі пра тое, каб з’явіўся ліфт у карпусах універсітэта.

Развітваемся з хлопцамі. Выходзім у калідор і сустракаем дзяўчыну, якая накіроўваецца ў пакой, дзе можна памыць бялізну пры дапамозе пральных машын-аўтаматаў на 10,5 і 6 кілаграмаў загрузкі. Насупраць – сушыльны пакой, напоўнены прыемным водарам вымытай бялізны. Ён абсталяваны сушылкамі, прасавальнымі дошкамі і прасамі.

Выхавальнік інтэрната Ала Сінякова распавяла, што на дадзены момант ужо выбралі старастаў паверхаў і блокаў па адным ад беларускіх студэнтаў і замежных, а таксама іх намеснікаў. Яна асабліва адзначыла запатрабаванасць гульнявых пляцовак:

– Цэлы дзень ажно да позняга вечара не сціхаюць галасы дзяўчат і хлопцаў. Да студэнтаў далучаецца моладзь з суседніх двароў, што кажа аб высокай запатрабаванасці гульнявых пляцовак.

Наталля Гурына, начальнік студгарадка ўніверсітэта: “Мы вельмі чакалі гэты інтэрнат. Увесь універсітэт пільна назіраў за ходам яго будаўніцтва. Варта адзначыць, што будынак быў узведзены ў рэкордна кароткія тэрміны. Планавы тэрмін здачы – снежань 2020 года, а мы ўжо да 1 верасня змаглі засяліць больш за 80% студэнтаў. Як вядома, любая новабудоўля мае шэраг недахопаў, якія можна выявіць толькі ў працэсе эксплуатацыі. Не стаў выключэннем і наш інтэрнат. На дадзены момант мы выяўляем факты недахопаў і інфармуем будаўнічую арганізацыю, супрацоўнікі якой займаюцца іх ліквідацыяй. У стадыі наладкі і адпрацоўкі знаходзяцца прапускная сістэма і інтэрнэт”.

Як распавяла Наталля Гурына, кошт пражывання ў новым інтэрнаце складае 1,2 базавай велічыні, на дадзены момант гэта каля 32 рублёў за месяц.

У хуткім часе будуць абсталяваны вітальні ў блоках інтэрната, каб верхнюю вопратку і абутак студэнты маглі пакінуць да ўваходу ў пакой; у душавых будуць усталяваны палічкі і люстэрка, а ў кладоўцы з’явяцца стэлажы.

Прасторныя калідоры, шматлікія холы, пакоі самападрыхтоўкі на кожным паверсе, пакоі гуртковай працы, спартыўныя пляцоўкі, якія карыстаюцца папулярнасцю з раніцы да позняга вечара, – усё гэта забяспечвае не толькі камфортнае пражыванне, але і стварае аптымальныя магчымасці для навучання і адпачынку.

У хуткім часе новабудоўля будзе мець абжыты выгляд, сагрэецца цяплом і ўтульнасцю, а за кожнымі дзвярамі паселіцца простае чалавечае шчасце – шчасце мець свой дом.

Таццяна СУШКО.
Фота Дзіяны СЦЯПАНАВАЙ

Поделиться

Читайте также: