Руслан Казлоўскі: «Ісці за тым, да чаго ляжыць душа»

Наўрадці хтосьці з жыхароў і гасцей нашага горада не чуў у грамадскім транспарце голас Руслана Казлоўскага. “Асцярожна! Дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак…” – мяккі, пявучы тон, які супакойвае і настройвае на няспешны лад жыцця. Між іншым гэты голас ужо напрацягу 28 год чуюць студэнты-філолагі і журналісты на сваіх занятках ва аўдыторыях нашага ўніверсітэта. Напярэдадні свайго пяцідзесяцігадовага юбілею кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі Руслан Канстанцінавіч Казлоўскі расказаў аб сваёй любові да роднай мовы, высакароднай місіі фалькларыста і пакліканні душы.

У рэчышчы перадавых ідэй

Нягледзячы на тое, што Руслан Казлоўскі нарадзіўся і вырас у горадзе, па-беларуску ён свабодна размаўляе з маленства. Кожнае лета Руслан праводзіў у бабулі ў вёсцы Пагарэльцы Нясвіжскага раёна, дзе чуў сакавітую мясцовую гаворку – мову Якуба Коласа, як зазначае выкладчык, на якую з лёгкасцю пераходзіў і сам.

Руслан Казлоўскі з бабуляй Ганнай, 1971 год

Дзяцінства і юнацтва Руслана Канстанцінавіча прайшлі пад эгідай перадавых ідэй. Па ўспамінах суразмоўцы, чалавекам ідэйным быў яго бацька Канстанцін Карпавіч, які заўсёды зацята выступаў за законнасць і парадак. Хоць бацька паводле атрыманай адукацыі быў настаўнікам хіміі і біялогіі, але большую частку свайго жыцця працаваў у міліцыі. Ён часта распавядаў пра цікавыя выпадкі і здарэнні ў горадзе, пра змаганне са злачыннасцю, а таксама пра сітуацыю, калі ён ледзь не загінуў, уступіўшы ў барацьбу з сапраўдным крымінальнікам-рэцыдывістам.

Невыпадкова тата Канстанцін стаў прататыпам героя ў кнізе гродзенскага пісьменніка А. Мацакова “Спіраль капітана Сінічкіна” – начальніка крымінальнага вышуку капітана Казлоўскага. У творы ён пад сваім рэальным прозвішчам, хаця ў далёкія 70-я гады мінулага стагоддзя капітан Канстанцін Казлоўскі быў кіраўніком іншага падраздзялення міліцыі па Гродзенскім раёне.

Маці Руслана Казлоўскага Вера Аляксандраўна – супрацоўнік культуры, працавала ў Палацы культуры “Юнацтва” (цяпер у будынку месціцца фізіка-тэхнічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы), пазней у школе настаўніцай. Вялікі ўплыў на фарміраванне светапогляду маладога чалавека аказалі таксама і школьныя настаўнікі гісторыі, мовы і літаратуры СШ № 21 г. Грод на, якую ён скончыў:

– Гэта былі перадавыя настаўнікі, на той час з прагрэсіўнымі поглядамі. І хаця ў дзяцінстве я марыў стаць альбо лётчыкам, альбо, як мой дзед, машыністам-чыгуначнікам, альбо, як тата, міліцыянтам, аўтарытэт настаўнікаў аказаўся ўплывовым, і мяне пачало цягнуць у бок філалогіі. Ужо пасля сёмага класа мае мары ўмацаваліся.

Тое лета пасля заканчэння сёмага класа стала лёсавызначальным для Руслана. Адпачываючы з бацькамі ў Грузіі, хлопца натхніла беражлівае стаўленне грузінаў да сваёй мовы і культуры:

– Адносіны грузінаў да нацыянальнай скарбонкі аказалі на мяне такое велізарнае ўражанне, што, прыехаўшы дахаты, я пачаў з захапленнем цікавіцца сваёй беларускай мовай, літаратурай і культурай. У дзявятым класе пабыў у Маскве, спадабалася сталіца Савецкага Саюза, руская культура, музеі, галерэі, прыемна здзівіла моцная любоў і павага рускага чалавека да сваёй гістарычнай і культурнай спадчыны.

У дадатак да таго на практыку ў школу, дзе вучыўся Руслан, прыйшлі беларускія студэнты-філолагі ГрДУ імя Янкі Купалы, якія зрабілі сваю справу: выклікалі цікавасць да філалогіі.

Так, на момант заканчэння школы Руслан ведаў, што адназначна хоча стаць філолагам і абраў для далейшага навучання філалагічны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта.

Тут ён сустрэў уплывовых выкладчыкаў, сярод тых, з каго асабліва хацелася браць прыклад, – навуковы кіраўнік, фалькларыст Мікалай Архіпавіч Янкоўскі і філосаф Мікалай Нічыпаравіч Бяспамятных.

– Гледзячы на іх, я разумеў, што выкладаць ва ўніверсітэце гэта не проста праца. Калі школьны настаўнік у асноўным паўтарае дасягнутае, знаходзячы метадычныя прыёмы падачы інфармацыі, то выкладчык універсітэта – гэта шукальнік, даследчык і першаадкрывальнік. Навуковыя даследаванні дазваляюць быць у канве самых сучасных дасягненняў цывілізацыі, – адзначыў Руслан Канстанцінавіч.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Руслан Казлоўскі паступіў у аспірантуру БДУ і зрабіў адназначны выбар на карысць працы выкладчыка на кафедры беларускай літаратуры ГрДУ імя Янкі Купалы.

Да чаго ляжыць душа

28 гадоў свайго жыцця Руслан Канстанцінавіч прысвяціў універсітэту, куды патрапіў паводле размеркавання, і ні разу ў яго не было думкі пакінуць сваю альма-матэр:

– Універсітэт – гэта маё жыццё, стыль майго жыцця, я душой тут, для мяне тут усё роднае. Калі-нікалі сумненні падкідвалі сябры, маўляў, недзе лепш, чым ва ўніверсітэце. Але, ведаеце, ёсць такі важны момант: да чаго ляжыць душа. Калі ты ад нечага, акрамя фінансавай узнагароды, атрымліваеш яшчэ і задавальненне, тады табе лёгка працуецца і ты можаш дасягнуць тое, чаго не дасягнуў бы на іншым месцы. Таксама я добра ведаю: замест мяне ў некаторых дробных галінах больш ніхто не зробіць.

Менавіта ў гэтым ён бачыць сваю ўнікальную місію. Па словах Руслана Канстанцінавіча, ёсць тэмы, распрацоўкай якіх займаецца толькі ён. У прыватнасці гэта празаічная мініяцюра ў беларускай літаратуры. Акрамя таго, Руслан Казлоўскі вядомы як даследчык і папулярызатар фальклору Гродзеншчыны, а вынікі яго даследаванняў сістэматычна выходзяць у навуковым і перыядычным друку для шырокага кола чытачоў:

– Таксама сваю місію я бачу і ў тым, каб набытыя прафесійныя веды папулярызаваць, пашыраць па-за сценамі ўніверсітэта. Гэта не толькі ўзбагачае светапогляд чытача, звычайнага грамадзяніна, але і спрыяе прафарыентацыі абітурыентаў.

Штодня падчас сваіх заняткаў са студэнтамі Руслан Канстанцінавіч прывівае любоў да беларускай мовы, культуры і літаратуры, а таксама выхоўвае традыцыйна беларускія каштоўнасці: дабрыню, спагадлівасць, уменне дапамагчы не толькі бліжняму, але і далёкаму і, канешне, грамадзянскасць:

– На маю ўласную думку, чалавек абавязкова павінен быць дзяржаўнікам. У такім выпадку ён будзе заўсёды служыць грамадству.

Асалоду Руслан Канстанцінавіч атрымлівае ад чытання лекцый па беларускай літаратуры, а найбольшую – па фальклоры.

– Бачыць, як загараюцца вочы студэнтаў, для якіх ты робіш адкрыццё, гэта самая вялікая ўзнагарода для мяне як для выкладчыка, – адзначыў суразмоўца.

Акрамя навуковай дзейнасці Руслан Казлоўскі шмат супрацоўнічае з газетамі і часопісамі – у яго бяруць інтэрв’ю раённыя і рэспубліканскія газеты, ён сам піша артыкулы, а з’яўляючыся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельнічае ў шэрагу праектаў. У хуткім часе з-пад яго пяра выйдзе кніга, прысвечаная нашаму гродзенскаму спартсмену-паралімпійцу Аляксандру Трыпуцю.

– Аляксандр Трыпуць – сапраўдны герой нашага часу, які змагаецца з вельмі цяжкімі дыягназамі, ён інвалід і па зроку, і па апорна-рухальнаму апарату. Дзякуючы яго спартыўным дасягненням, назва нашай Радзімы ў станоўчым плане гучыць на ўвесь свет, а дзяржаўны сцяг падымаецца над п’едэсталам. Калісьці мой бацька казаў: “Сынок, не сорамна шмат разоў упасці і шмат разоў падняцца, сорамна – раз упасці і не падняцца”. Аляксандр Трыпуць падаў шмат разоў, апошні раз так упаў, што, здавалася, падняцца немагчыма, бо стаў яшчэ і інвалідам па апорна-рухальным апараце, а ён падняўся. Гэта асоба з моцным духам, вартая напісання паэмы, – падкрэсліў Руслан Канстанцінавіч, расказваючы пра ўзнікненне ідэі ўпершыню напісаць кнігу па мастацкай публіцыстыцы.

Напрыканцы нашай размовы Руслан Канстанцінавіч даў параду моладзі: ісці не за тым, што модна ці выгадна, а за тым, да чаго ляжыць душа. Бо за тым, што модна ці выгадна, будзе ісці натоўп, які можа скінуць з гэтай дарогі. А калі ісці за тым, да чаго ляжыць душа, то там ты адзін і таму абавязкова дасягнеш поспехаў.

Таццяна СУШКО.
Фота з асабістага архіва Руслана Казлоўскага

Поделиться

Читайте также: