У ГрДУ імя Янкі Купалы падвялі вынікі працы дыскусійных пляцовак «Гродзенскі дыялог-2020»

Пасяджэнне па выніках працы дыялогавых пляцовак у Гродзенскай вобласці і па падрыхтоўцы да шостага Усебеларускага народнага сходу адбылося ў лістападзе.

У працы выніковага пасяджэння прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, а таксама мадэратары ўсіх дыялогавых пляцовак, якія раней праходзілі ў рэгіёне, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый.

– У Гродзенскай вобласці адбылося дзевяць дыялогавых пляцовак, сфарміраваны 62 прапановы, якія будуць накіраваны для далейшага разгляду на рэспубліканскім узроўні, – распавёў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік. – Больш за ўсё было прапаноў падчас працы дыялогавай пляцоўкі, прысвечанай удасканаленню моладзевай палітыкі. Прыемна, што нашу моладзь хвалюе лёс краіны.

Удзельнікі “Гродзенскага дыялогу-2020” на працягу некалькіх тыдняў абмяркоўвалі прапановы, якія тычацца партыйнага будаўніцтва і канстытуцыйнай рэформы, развіцця медыцыны і сацыяльнай сферы, паляпшэння бізнес-клімату ў краіне. Па кожным з накірункаў для разгляду на рэспубліканскім узроўні вылучана каля дзесяці прапаноў. Падчас працы дыялогавай пляцоўкі, прысвечанай удасканаленню моладзевай палітыкі, было прапанавана 24 ідэі.

– Удзельнікі дыялогавых пляцовак, якія адбыліся ў рэгіёне, актыўна і прадуктыўна папрацавалі па розных напрамках, – рэзюмаваў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч. – Усе прапановы былі абагульнены і прааналізаваны, узгоднены з экспертамі. Дарэчы, падчас дыскусій была агучана прапанова зрабіць падобныя сустрэчы ў рамках дыялогавых пляцовак рэгулярнымі.

Дыялогавыя пляцоўкі могуць стаць пастаянна дзеючымі на базе дзвюх рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі – Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Такую ідэю падтрымаў і Уладзімір Каранік. Ён звярнуў увагу на тое, што дыялогавыя пляцоўкі спрыяюць інфармаванню людзей аб той працы, якая праводзіцца на ўзроўні дзяржавы, дазваляюць пачуць розныя меркаванні, якія ёсць у грамадзянскай супольнасці.

– Гэта вельмі важна – казаць пра тое, што хвалюе грамадскасць, абмяркоўваць і шукаць найбольш аптымальныя варыянты дзяржаўнага ладу, – адзначыў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. –Магчыма, мы сёння не вырашым усіх пытанняў, але будзем ведаць запыты грамадства. І важна памятаць пра тое, што механізм уладкавання дзяржавы вельмі складаны, і трэба быць асцярожнымі з новаўвядзеннямі.

Падчас пасяджэння абласнога арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні шостага Усебеларускага сходу выніковую справаздачу прадставілі кіраўнікі ўсіх дыялогавых пляцовак, якія працавалі ў Гродзенскім рэгіёне, у тым ліку член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў. Як было адзначана, усе прапановы, агучаныя падчас “Гродзенскага дыялогу-2020”, будуць унесены ў выніковы дакумент незалежна ад таго, былі яны падтрыманы экспертамі ці не. Ідэі будуць абмяркоўвацца на рэспубліканскім узроўні, найбольш перспектыўныя прапановы знойдуць адлюстраванне ў праекце новай канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Уласн. інф.
Фота Мікіты ПАНЦЭВІЧА

Поделиться

Вам может также понравиться...