Рэктар Ирына Кітурка расказала аб тым, чым запомніўся 2021 год для ГрДУ імя Янкі Купалы

Заканчваецца 2021-ы год. Чым ён запомніцца і што з’явілася новага ва ўніверсітэце? Пра гэта мы пагутарылі з рэктарам ГрДУ імя Янкі Купалы Ірынай Кітурка.

– Мы завяршаем год з добрымі паказчыкамі і гэта заслуга, вядома, усяго калектыву купалаўцаў. 2021 год стаў першым годам, калі мы працавалі згодна з новай універсітэцкай «Стратэгіяй апераджальнага развіцця» на 2021–2025 гады і на перспектыву да 2030 года.

Адзначу, што мы не проста хутка рэагуем на змены рэчаіснасці і запыты часу, мы самі іх ствараем. Так, у межах стратэгічнага накірунку ІНАВАЦЫЙНА ЎСПРЫМАЛЬНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ была адкрыта другая чарга Навукова-тэхналагічнага парка, якая стала яшчэ адной маштабнай пляцоўкай для навуковых распрацовак гродзенскіх вучоных і прадпрымальнікаў. Прыемна, што з 22 рэзідэнтаў 8 кампаній створаны купалаўцамі. Нашы студэнты ўсё больш уключаюцца ў конкурсы стартапаў. Яшчэ адной інавацыяй стала правядз­енне першага набору на запатрабаваную спецыяльнасць «Электрычны і аўтаномны транспарт» на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання.

Як СМАРТ-УНІВЕРСІТЭТ мы не проста працягвалі ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс кіравання ўніверсітэтам, але імкнуліся фарміраваць лічбавае мысленне ў купалаўцаў.

Важным элементам смарт-універсітэта стала стварэнне першых навучальных дапаможнікаў новага тыпу – лічбавых дапаможнікаў з інтэрактыўнымі і інтэлектуальнымі магчымасцямі, што дапамагае выкладчыкам і студэнтам па-новаму ствараць навучальны працэс, у тым ліку ў рэчышчы самастойнага асваення матэрыялу. Для стварэння лічбавых сэрвісаў мы актыўна заахвочваем купалаўскую моладзь. Так, распрацоўка мабільнага адукацыйнага партала рэалізавана камандай пад кіраўніцтвам студэнта-рэзідэнта Навукова-тэхналагічнага парка нашага ўніверсітэта.

ГрДУ імя Янкі Купалы развівае лічбавыя сістэмы для навучання і інфармацыйна-камунікацыйнага ўзаемадзеяння не толькі са студэнтамі, але і з патэнцыяльнымі абітурыентамі. Адным з запатрабаваных інструментаў працы з абітурыентамі з’яўляецца Лічбавая прыёмная камісія, якая ўключае Лічбавы кабінет абітурыента. Ён дазволіў скараціць час знаходжання абітурыента ў памяшканнях прыёмнай камісіі да 5 хвілін. У 2021 годзе кабінет быў перапрацаваны і выкарыстоўваўся не толькі ў час работы прыёмнай камісіі, але і на этапе прафарыентацыйнай работы з абітурыентамі.

Смарт-універсітэт прадугледжвае таксама наяўнасць зручнай і бяспечнай інфармацыйнай прасторы і мноства тэхнічных кампанентаў у будынках. Вынікам укаранення элементаў разумнай інфраструктуры стала ўсталяванне сучаснай сістэмы кантролю кіравання доступам у галоўным корпусе ўніверсітэта.

Як УНІВЕРСІТЭТ УСТОЙЛІВАГА РАЗВІЦЦЯ мы маем добры эканамічны падмурак. Мы паспяхова выканалі план бюджэтнага набору без аб’яўлення дадатковага набору, выканалі экспарт адукацыйных паслуг, а таксама высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі. Акрамя таго, універсітэт упершыню прадстаўлены ў міжнародным рэйтынгу «зялёных універсітэтаў» – «UI GreenMetric 2021». Такім чынам, неспрыяльныя эпідэміялагічныя ўмовы не паўплывалі на вынікі нашай дзейнасці, а нават прадэманстравалі нашыя магчымасці як універсітэта ўстойлівага развіцця.

Пры рэалізацыі стратэгічнага напрамку УНІВЕРСІТЭТ БЕЗ МЕЖАЎ сёлета былі заключаны дамовы на рэалізацыю шасці новых сумесных адукацыйных праграм. У 2021 годзе праводз­ілася сумеснае навучанне з партнёрамі-ўніверсітэтамі з Кітая, Расіі, Узбекістана, Шры-Ланкі. Актыўна развіваецца навучанне на англійскай мове – сёлета рэалізавана 6 англамоўных праграм бакалаўрыяту і 24 праграмы магістратуры.

Хочацца падкрэсліць, што наш універсітэт – гэта, ў першую чаргу, людзі. Менавіта іх патрэбы ў цэнтры ўвагі. Таму ў межах накірунку АСОБАСНА-АРЫЕНТАВАНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ актыўны ўдзел у распрацоўцы інтэграванага рэйтынгу студэнтаў прыняла сама моладзь, чаму паспрыяла дзейнасць развітай сістэмы студэнцкага самакіравання. Інтэграваны рэйтынг дазваляе адсочваць навуковую, вучэбную і выхаваўчую дзейнасць купалаўцаў і атрымліваць самыя розныя прэферэнцыі згодна з яго ­паказчыкамі.

Такім чынам, вынікі 2021 года сведчаць аб тым, што мы абралі правільны курс развіцця. Нельга выдзеліць адно галоўнае дасягненне года, кожнае з іх – важнае. З адзінкавых дасягненняў, як з мазаікі, складаецца агульны поспех універсітэта.

Поделиться

Читайте также: