ГрДУ імя Янкі Купалы — адзін з цэнтраў Купалазнаўства

Увага да асобы і творчасці Янкі Купалы была ледзь не з першых яго публікацый, якія з’яўляліся ў перыядычным друку, пераважна ў знакавай газеце для пачатку ХХ стагоддзя «Нашай Ніве».

Адну з найбольш яркіх ацэнак творчасці пісьменніка сустракаем у артыкуле Максіма Багдановіча «Глыбы і слаі», напісаным у 1911 годзе: «…Як і ў 1909 гаду, найбольш увагі звяртае на сябе Я. Купала; звяртае не толькі велічынёй сваёй здольнасці, але гібкасцю яе, здатнасцю да ўсестаронняга развіцця. Гэта бадай адзіны наш пісьменнік, каторы ідзе ўперад, вядзе нейкую ўнутраную працу, і, зрабіўшы ні мала, не супыняецца аж да гэтага часу…».

Пра жыццё і творчасць Песняра напісана багата манаграфій, вялізная колькасць навуковых артыкулаў, прысвечана мноства твораў розных відаў мастацтва. Сёння беларускі чытач мае магчымасць пазнаёміцца з трыма варыянтамі поўнага збору твораў пісьменніка, трохтомнай энцыклапедыяй «Янка Купала».

На працягу 82-гадовага існавання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта заўжды была ўвага да асобы класіка. Так, адразу ж пасля таго, як імя Янкі Купалы было прысвоена Гродзенскаму педагагічнаму інстытуту, распачынаюцца Купалаўскія чытанні, на якіх з розных бакоў аналізуецца жыццёвы шлях і багатая творчая спадчына пісьменніка.

Найперш варта звярнуць увагу  на 12 выданняў па выніках Купалаўскіх чытанняў, якія з 1995 года ладзяцца ва ўніверсітэце раз на 2 гады.

Зборнікі матэрыялаў ці навуковыя артыкулы па выніках Купалаўскіх чытанняў – своеасаблівая справаздача літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, культуролагаў, а таксама праваднік, падказка, якія тэмы купалазнаўства найбольш актуальныя ў той ці іншы перыяд развіцця навукі ў прыватнасці і краіны ў цэлым. Так, адной з асноўных тэм «адроджаных» Купалаўскіх чытанняў у 90-х гадах мінулага стагоддзя стала тэма станаўлення Беларусі, пошук шляху развіцця маладой незалежнай краіны праз прызму творчасці класіка, што ўвасобілася ў такіх працах, як «Янка Купала як нацыянальная духоўная каштоўнасць» (1996), «Янка Купала і беларуская культура» (2000), «Янка Купала і нацыянальны культурны кантэкст» (2007) Аляксея Пяткевіча, «Сацыякультурныя заканамернасці нацыянальнага адраджэння і яго адметнасці ў кан­тэксце спадчыны Янкі Купалы» Мікалая Бяспамятных (1999) і іншыя.

Як вядома, адной з актуальных праблем купалазнаўства з’яўляецца вывучэнне жыццёвага шляху пісьменніка: даследуецца яго дзейнасць ў пэўныя перыяды жыцця, асаблівую ўвагу біёграфы Янкі Купалы звяртаюць на нявысветленыя прычыны смерці класіка. Сапраўдным навуковым адкрыццём, якое выклікала вялікі рэзананс, стаў даклад, прачытаны прафесарам Іванам Лепешавым «Пра Купалавы песні з турмы» (2000), дзе даследчык, сабраўшы  па крупіцах матэрыялы, якія так ці інакш звязаны з асобай Янкі Купалы, даводзіць, што смерць паэта наўрад ці насіла выпадковы характар.

Творчасць Янкі Купалы ўжо з першай паловы ХХ стагоддзя трывала замацавалася ў школьных праграмах па беларускай літаратуры. Таму метадычная навука заўжды знаходзіцца ў пошуку актуальных метадаў, прыёмаў, шляхоў, тэхналогій, якія варта выкарыстоўваць пры вывучэнні творчасці пісьменніка як у сярэдняй, так і ў вышэйшай школе. Сярод даследчыкаў-метадыстаў вылучым імя заслужанай настаўніцы Беларусі, выкладчыка Купалаўскага ўніверсітэта Алены Руцкай, якая на кожных Купалаўскіх чытаннях прапаноўвала новыя падыходы да вывучэння жыцця і дзейнасці Янкі Купалы: «Праблемнае вывучэнне творчасці Янкі Купалы праз спалучэнне паўрочнай і пазакласнай работы» (1995), «Паглыбленне вывучэння творчасці Янкі Купалы праз інтэграваную пазакласную працу» (1999), «Вывучэнне творчасці Янкі Купалы ў 10 класе» (2000), «Выкарыстанне новых тэхналогій пры вывучэнні творчасці Янкі Купалы ў школе» (2003), «Выкарыстанне праектнай тэхналогіі пры вывучэнні драматургіі Янкі Купалы» (2007), «Спецыфіка выкарыстання новых форм урокаў пры вывучэнні творчасці Янкі Купалы» (2013) і іншыя.

Асобным праблемным полем Купалаўскіх чытанняў можна вылучыць тэарэтыка-метадалагічны аспект вывучэння творчасці Янкі Купалы, прадстаўлены найперш даследаваннямі доктара філалагічных навук Ігара Жука: «Анталагічнае ядро тутэйшых» (1999), «Аб адным выпадку “рытмавай рэдукцыі” ў паэзіі Янкі Купалы (верш “У дарозе», 1918 г.)» (2000), «Ініцыятыўная метафара шляху ў драме Янкі Купалы “Раскіданае гняздо”» (1999), «Магутнае слова ты, роднае слова”: амфібрахій у метрычнай сістэме ранняй купалаўскай лірыкі» (2010),  «Матыўная спадчына Янкі Купалы: стан і перспектывы даследавання»  (2015) і іншыя.

Ва ўсіх зборніках па выніках Купалаўскіх чытанняў звяртаецца ўвага на наступныя накірункі купалазнаўства: паэмная спадчына (С. Мусіенка, А. Петрушкевіч, С. Тарасава, Н. Чукічова і інш.), драматургія (І. Лепешаў, І. Жук, А. Петрушкевіч і інш.), паэтыка Купалавага радка (І. Жук, А. Сабуць, Н. Шандроха і інш.), лінгвістычны аналіз творчай спадчыны Янкі Купалы (І. Лепешаў, М. Даніловіч, М. Якалцэвіч, А. Садоўская, В. Маршэўская, З. Данільчык і інш.).

У 2006 – 2008 гадах супрацоўнікамі кафедры беларускай літаратуры выконвалася тэма Беларускага фундаментальнага фонду фундаментальных даследаванняў «Лейтматывы ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: гістарычны рух, рэгіянальная трансфармацыя, культуралагічны кантэкст» (навуковы кіраўнік – доктар філалагічных навук І.В. Жук), адным з вынікаў якой стала манаграфія «Матыўная прастора беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя» , якая ўбачыла свет у 2009 годзе. Значная частка даследаванняў у манаграфіі прысвечана творчасці Янкі Купалы: «Матыў бяседы-вяселля ў ранніх паэмах Янкі Купалы», «Матыў балю, бяседы-вяселля ў фальклорна-рамантычных паэмах Янкі Купалы», «Фальклорны матыў бяседы-вяселля ў драматычных творах Янкі Купалы», «Янка Купала: асаблівасці паэтыкі шляху», «Дарожны трыпціх Янкі Купалы: “А хто там ідзе?” – “У дарозе” – “Паяз­джане”».

Знакавай з’явай у беларускім літаратуразнаўстве стаў выхад з друку ў 2017 годзе манаграфіі Ігара Жука «Прыхінуцца да крыніцы» (на вялікі жаль, кніга выдадзена ўжо пасля смерці аўтара, дзякуючы намаганням родных, калег і вучняў).  «Прыхінуцца да крыніцы» – як сцвярджаецца ў анатацыі – «глыбокае і ўдумлівае даследаванне тэмы і матыву беларускага шляху ў паэтычнай спадчыне Янкі Купалы і Якуба Коласа, асэнсаванне выключнай значнасці гэтай тэмы ў станаўленні нацыянальнай літаратуры». Адзін з двух раздзелаў манаграфіі – «“Шляхам жыцця” Янкі Купалы» не што іншае, як новы, арыгінальны і глыбокі погляд на творчасць класіка. І кожны з трох трыпціхаў раздзела (менавіта такую структуру мае кніга) – гутарка пра вялікага Беларуса, пра непераўзыйдзеную творчасць класіка.

У 2017 годзе да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы навуковай бібліятэкай універсітэта створаны электронны бібліяграфічны ўказальнік «Янка Купала»  (https://elib.grsu.by/doc/26047) (склад. Л.М. Алясюк, М.У. Грынько, І.І. Селюжыцкая), дзе пададзены прысвечаныя пісьменніку бібліяграфічныя звесткі пра навуковыя, метадычныя, папулярныя выданні, артыкулы, якія ёсць ў фондзе навуковай бібліятэкі. З чатырох раздзелаў указальніка назавём толькі адзін – «Купалаўцы пра Купалу» – раздзел, у якім сабрана інфармацыя пра працы, створаныя супрацоўнікамі ГрДУ імя Янкі Купалы.

У 2017 – 2018 гадах выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» рэалізоўваўся ўнікальны для беларускай культурнай прасторы праект – выданне трохтомнай энцыклапедыі «Янка Купала», прысвечанае 135-годдзю з дня нараджэння песняра. На адвароце тытульнага ліста ўказана, што выданне падрыхтавана ў тым ліку сумесна з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. Звыш 40 энцыклапедычных артыкулаў напісана супрацоўнікамі нашага ўніверсітэта, а гэта: Д.М. Лебядзевіч, А.Э. Сабуць, Р.К. Казлоўскі, Т.Р. Сіманава, П.І. Маляўка, Н.Э. Шандроха, В.В. Маршэўская, М.А. Якалцэвіч.

Як бачна з невялікага агляду, творчая спадчына першага народнага паэта Беларусі, яго жыццёвы лёс – актуальная тэма даследаванняў купалаўцаў, тых, хто з гонарам носіць імя класіка, навучае і навучаецца дзякуючы несмяротнай спадчыне вялікага паэта, што дазваляе гаварыць аб Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце як адным з цэнтраў купалазнаўства.

Мікалай ГРЫНЬКО, дырэктар навуковай бібліятэкі.

Фота аўтара

Поделиться

Вам может также понравиться...