Купальскі Пясняр

Вытокі мастацкага і грамадзянска-патрыятычнага феномена Янкі Купалы, імя якога носіць універсітэт, крыюцца ў многіх акалічнасцях бурнай эпохі, узгадаваўшай класіка нашай літаратуры. Звычайна мы звяртаем увагу на рэвалюцыю 1905–1907 гадоў, тагачасную ломку сацыяльна-эканамічнага ўкладу і масавай грамадска-палітычнай свядомасці, апазіцыйнае царскаму рэжыму каталіцкае веравызнанне беларускага паэта-лідара, пэўны духоўна-культурны ўздым (нават узлёт) Паўночна-Заходняга краю перыяду «нашаніўскай пары», беларускае чыста нацыянальнае адраджэнне пачатку мінулага стагоддзя. Але, здаецца, недаацэньваем такі істотны фактар у з’яўленні галоўнага мэтра айчыннага слова, як тое, што ён нарадзіўся менавіта на свята летняга сонцастаяння Купалле, калі прырода ў росквіце і абнадзейвае-настройвае бацькоў і іншых людзей на лепшую фартуну нованароджанаму.

Янка Купала, 1908 г.

Будучы паэт Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) з’явіўся на свет 7 ліпеня (25 чэрвеня паводле старога стылю) 1882 года – якраз на самае прыгожае, маляўнічае і сэнсава-змястоўнае свята беларускага і агульнаславянскага земляробчага календара Купалле. Здаўна (у выпадку нараджэння немаўляткі у гаспадарча-ўрачысты для чалавека традыцыі момант) дзіцятку прарочылі высокую місію. Янка Купала, як і Адам Міцкевіч, што прыйшоў у свет падчас цэнтральнай зімовай даты дзівосных і загадкавых Каляд, бадай найбольш спраўдзілі такога роду прадказанні.

Бянігда Луцэвіч дала свайму сыну імя Іван, якое ён, стаўшы мастаком слова, замяніў на беларускае Янук (затым – Янка) і дабавіў сюды ў якасці псеўданіма другую частку назвы свята, што выдатна адлюстравала літаратурнае крэда паэта. Купалле і яго атрыбуты (сонца, агонь, вада, папараць-кветка) шмат у чым прадвызначылі творчую індывідуальнасць пісьменніка, схільнасць да рамантызму і самаахвярнае служэнне «тутэйшым». Луцэвіч станавіўся Купалам, каб дапамагаць ім шукаць іх сапраўднае імя, права «лю­дзьмі звацца» і быць шчаслівымі. Сваю асабістую долю паэт бачыў у агульнанародным лёсе.

Паводле старажытных вераванняў, на Купалле, у поўнач, зацвітае папараць, і той, хто знойдзе яе, стане шчаслівым. Легенды пра гэта пакладзены ў аснову вершаў Янкі Купалы «Заклятая кветка», «На Купалле», «У купальскую ноч». У згаданых творах (праз надзеі і расчараванні лірычных герояў, шукальнікаў лепшай будучыні) раскрываецца хараство народных духоўных арыенціраў, мараў і памкненняў. На думку ж самога паэта, атрымаць-адчуць кветку шчасця можна, дзякуючы чароўнай сіле мастацтва. Прыгадаем радкі з паэмы «Курган»:

Пад звон-песню жывучых гусляравых струн

Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

Пачатак святкавання Купалля на сучасным этапе

У анталогіі беларускай паэзіі, выдадзенай Верай Рыч на англійскай мове, ключавое месца занялі творы Купалы. Кніга і названа словамі з яго паэмы «На папасе»: «Як вада, як агонь». Пазней Алег Лойка на матэрыяле біяграфіі слыннага сына Беларусі напісаў раман-эсэ «Як агонь, як вада…». Хаця ў паэме «На папасе» вада і агонь міфонімамі не з’яўляюцца, у загалоўках анталогіі і рамана-эсэ яны выразна падкрэсліваюць сувязь творчасці вялікага рамантыка з традыцыйнымі народнымі вераваннямі, з Купаллем, на якое ў даўніну агонь і вада выконвалі ачышчальна-магічную функцыю. На досвітку, калі заканчвалася купальскае гулянне, абавязковым было далучэнне чалавека да вады, у выніку чаго ён вызваляўся ад шкоднага ўплыву злых духаў, ад хвароб. Дзяўчаты пускалі па рацэ ўласныя вянкі (часам свой і хлопца), па руху якіх гадалі пра будучае жыццё, пра замужжа, сумесную з суджаным сямейную перспектыву. Лічылася, што нават раса набывала ў купальскую ноч звышнатуральныя якасці: людзі абмываліся ёю, каб адагнаць ад сябе розныя хваробы. З мэтай ачышчэння юнакі, маладыя мужчыны, а то і дзяўчаты скакалі праз абрадавае вогнішча, падганялі да яго жывёлу. Матулі спальвалі на кастры кашулькі слабых дзяцей і пасля гэтага верылі ў іх папраўку.

Купальскі агонь выступаў, безумоўна, як сімвал сонца. Таму нярэдка да жэрдкі прымацоўвалі запаленае кола і падымалі яго ўверх, стваралі ілюзію вышыні, блізкай да нябеснага свяцілы, якое на Купалле самае вялікае, гарачае і шчодрае, праменняў якога надзвычай баіцца нячыстая сіла. У старажытнасці людзі, ушаноўваючы летняе сонцастаянне, звярталіся да нябеснага свяцілы з рознымі просьбамі. Важную да яго просьбу выказаў і Янка Купала ў вершы «Песня сонцу»:

Як у свята купальскае, сонца,

Свой жывы абнаўляеш паглёд,

Аднаві славу нашай старонцы,

Аднаві яе сумны народ!

Папараць-кветка (сучасная імітацыя)

Гераіня драмы Купалы «Раскіданае гняздо» Зоська Зяблік убачыла ў сваім сне вобраз сонца, напэўна, пад непасрэдным уплывам купальскай міфалогіі. Невыпадкова аўтар п’есы зазначае, што дзеянне першага акта адбываецца ў «час каля Купалля». У сне дзяўчына назірае, як нехта незвычайны вядзе іх сям’ю за сабой. У яго руках – сонца, якім ён адганяе на іх шляху розныя пачварныя істоты. Нечакана людзі апынуліся ў залатым боскім палацы, што «як бы з самога сонца быў зроблены». Іх незвычайным павадыром быў, аказваецца, святы Пётра. Свята ж Пятра – своеасаблівы працяг Купалля. Абедзве ўрачыстасці гаспадарчага календара маюць агульную міфалагічную аснову.

Купальскі агонь (сучаснае відовішча)

Значнае месца ў купальскай абрадавай творчасці адводзіцца народным песням-баладам. Самы характэрны сюжэт купальскай балады: брат, не пазнаўшы сястру, ледзь не ажаніўся з ёю. Скончыўшы трагічна, маладыя людзі далі жыццё кветкам, якіх называюць браткамі альбо брат з сястрыцай. На падставе фальклорнага сюжэта ўзнік верш Янкі Купалы «Братка і Сястрыца», баладныя матывы якога вельмі арганічныя для аўтара, заснавальніка, па сутнасці, катэгорыі трагічнага ў беларускай літаратуры.

Панарамнае апісанне ўрачыстасці паэт выклаў у артыкуле «Святкаванне Купалы ў Вільні», дзе паказаў багацце народнай душы, глыбіню, маштабнасць, аналітычнасць і асацыятыўнасць спрадвечнага народнага мыслення і светаўспрымання, адлюстраваў духоўныя імпульсы продкаў у інтэрпрэтацыі сваіх сучаснікаў. Заканчваецца нарыс словамі: «Хай свята Купалы станецца паўсямесным святам беларускага нацыянальнага адраджэння…».

Пусканне вянкоў па рацэ (народныя традыцыі ў ХХІ ст.)

Купальская міфалогія паўздзейнічала не толькі на змест яркіх, можна мовіць, экзатычных шэдэўраў Янкі Купалы, але і на тэхналогію іх тварэння, адметнасць стылю. Вогненны атрыбут свята добра стасаваўся з рамантызмам як мастацкім метадам нашага знакамітага класіка. Згодна са старажытнымі людскімі ўяўленнямі, купальскі агонь увасабляў сабой не толькі гарачае летняе сонца, але і нябеснае навальнічнае полымя (маланку). Таму купальскае вогнішча часам замянялі сціртай крапівы ў адпаведнасці з успрыманнем маланкі і як пякучай травы. Дзеянне твораў Янкі Купалы, быццам тая ж маланка, магло адбывацца-праносіцца дзесьці паміж небам і зямлёй. Яно прыўздымалася над рэчаіснасцю, а незвычайныя героі (узгаданы Гусляр, напрыклад) паказваліся ў незвычайных абставінах. 

Такім чынам, геній народнага паэта Беларусі Янкі Купалы сфарміраваўся і раскрыўся ў шэрагу іншых аб’ектыўных і суб’ектыўных абставін пад уплывам і ў кантэксце свята Купалля, яго традыцый, вераванняў, народных рытуалаў. Жыццё і дзейнасць найвялікшай зоркі беларускага эстэтычна прыгожага і сацыяльна значнага мастацкага пісьменства праходзілі пад цудоўным і добрым знакам – Купалле.

Міхаіл ПАЖАРЫЦКІ,

бібліятэкар І катэгорыі аддзела абслугоўвання навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы

Поделиться

Вам может также понравиться...